Юные ворнянские лесоводы получили подарок от Островецкого лесхоза - путешествие по Гродненщине

Варнянскіх юнакоў і дзяўчат, якія перамаглі на абласным аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку работы ў школьным лясніцтве, з пачаткам летніх канікул чакаў прыемны падарунак ад кіраўніцтва ДЛГУ“Астравецкі лясгас”: незабыўнае падарожжа па Гродзеншчыне.

Такая магчымасць выпала 39 рабятам. У суправаджэнні настаўнікаў Варнянскага НПК Валянціны Андрэеўны Боўша, Валянціны Іосіфаўны Місевіч, Наталлі Генрыхаўны Адула на камфартабельным аўтобусе хлопцы і дзяўчаты выправіліся ў падарожжа па вобласці.
Першым прыпынкам стаў Жыровіцкі манастыр, дзе можна было не толькі памаліцца і папрасіць пра самае таемнае, але і даведацца пра цуды, якімі манастыр славіцца дзясяткі гадоў нават за межамі краіны.
Пра велічнасць Навагрудка, былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага, дзяўчатам і хлопцам “расказалі” маўклівыя сведкі мінулых часоў – часткі каменнага замка, якія захаваліся да нашых дзён. Варнянскія лесаводы пабачылі і Лідскі замак, а таксама спыніліся ў Мірскім замку, велічная халоднасць якога прабірае да дрыжыкаў па целе.
Экскурсія па Гродзеншчыне пакінула незабыўныя ўспаміны і ўражанні, і ўдзельнікі Варнянскага школьнага лясніцтва збіраюцца паспрабаваць уласныя сілы ў экскурсаводнай справе.
Вучні разам са сваім кіраўніком працуюць над арганізацыяй і добраўпарадкаваннем экалагічнай сцяжыны “Тартачка”, якая будзе праходзіць па месцы баявых дзеянняў Першай сусветнай вайны, каля рэчак, у якіх нерасцяцца кумжа і атлантычны ласось. Таксама ўвага будзе ўдзяляцца рэдкім відам флоры, якія сустракаюцца ў нашым раёне. А завершыцца “экалагічны шлях” ля Дома паляўнічага на беразе рэчкі каля Быстрыцы.
Варнянскія лесаводы ўдзячны Астравецкаму лясгасу за магчымасць убачыць новыя для іх мясціны. Хоць у раёне і няма маштабных гістарычных помнікаў накшталт Мірскага замка, але ўдзельнікі школьнага лясніцтва ўпэўнены, што і нам ёсць што паказаць.


------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ.


Фота з сайта туры-в-белоруссию.рф.