Юные таланты Островетчины получили свой первый документ об образовании
За час працы ў рэдакцыі штогод трапляла на “Вясеннія сустрэчы”, якія арганізоўвае раённая школа мастацтваў. І кожны раз не пераставала здзіўляцца – гэта ж колькі талентаў падрастае на нашай Астравеччыне!Сёлетніх “сустрэч” чакала з асаблівым хваляваннем, бо ішла на іх не толькі як журналіст, карэспандэнт раённай газеты, але і як маці выпускніка. Пяць гадоў праляцела вельмі хутка – і сёння мой сын атрымлівае свой першы дакумент аб адукацыі.
“Вясеннія сустрэчы” праходзілі ў актавай зале школы мастацтваў – прыгожай, вялікай, з мяккімі ўтульнымі крэсламі. Па меры таго, як на канцэрт сталі збірацца выхаванцы школы, іх бацькі і педагогі, стала зразумела, што ўмясціць усіх жадаючых будзе не проста. Выручылі прыстаўныя крэслы, якія з вучэбных класаў перанеслі ў актавую залу.
З першага канцэртнага нумара арганізатары падарылі гледачам радасць і добры настрой. У кожнага з нас ёсць любімыя песні і мелодыі – і вельмі часта яны проста “круцяцца” ў нашай галаве, і мы нават не задумваемся пра сэнс пачутых слоў і фраз. “Вясеннія сустрэчы” штогод прымушаюць задумацца аб сутнасці музыкі – яна ўздзейнічае на чалавека, і ты, сам таго не заўважаючы, трапляеш у яе палон.
Сённяшнія “сустрэчы” зноў парадавалі выступленнямі народнага дзіцячага аркестра пад кіраўніцтвам Н.П. Шарэйка, узорнага духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў, якім кіруе А.М. Антановіч, узорнага хору “Ветразь” пад кіраўніцтвам І.А. Волчак, дзіцячага хору (кіраўнік – С.Б. Павалоцкая), вакальнай групы (Д.М. Блашкевіч), гітарнага аркестра (А.У. Сяўко), харэаграфічнага класа (А.У. Дзям’янчык). Радавалі вока выдатныя пейзажы, нацюрморты, казачныя сюжэты, створаныя таленавітымі юнымі мастакамі, навучэнцамі мастацкага класа (Т.І. Варановіч і В.К. Варановіч), якія размясціліся ў фае дзіцячай школы мастацтваў.
Падчас “Вясенніх сустрэч” заіскрыліся новыя і ўжо добра вядомыя імёны – Вікі Фёдаравай, Караліны Мікліс, вакальнай групы “Чаравічкі”, Аляксея Собалева, Дзіяны Цэйка, Аліцыі Кусойць, Ульяны Сафронавай, Алесі Пілецкай, Вікі Дзянісавай, Эльвіры Мамедавай, Насці Веська, Маргарыты Шаўчэнка, Кацярыны Юркойць, Аліны Гацук, Вікторыі Рудай, вакальнай групы выпускнікоў. А запалілі іх, вядома ж, таленавітыя педагогі школы мастацтваў.
Дзіцячай непасрэднасцю заваявалі сэрцы гледачоў малышы, якія наведваюць заняткі ў эстэтычным класе. Нягледзячы на яшчэ зусім маленькі ўзрост, да свайго выступлення на вялікай сцэне яны аднесліся вельмі сур’ёзна. І паспявалі не толькі спяваць і танцаваць, але і памахаць мамам-татам-бабулям-дзядулям ручкай. А напрыканцы выступлення зрабіць заўвагу гледачам: “А чаму нам так мала пляскалі ў далоні?” – і дарослыя дзядзі і цёці, адчуўшы сваю віну перад маленькімі артыстамі, аддзячылі ім бурнымі апладысментамі.
Як і звычайна, менавіта падчас “Вясенніх сустрэч” навучэнцы атрымліваюць першыя дакументы аб атрыманай адукацыі. За часы існавання музычнай школы, а цяпер ужо раённай школы мастацтваў, 762 дзіцяці атрымалі такія пасведчанні.
Сёлета школу закончылі 32 выпускнікі. Іх магло б быць больш, аднак да фінішу прыйшлі самыя працавітыя і старанныя. Дзесяць з іх – на «выдатна». Гэта Максім Баршэвіч, Ганна Біркоўская, Надзея Буневіч, Інга Ган, Ілля Дзям’янчык, Ангеліна Мікліс, Вікторыя Рудая, Дар’я Рэвака, Вікторыя Фёдарава і Дзмітрый Ярашэвіч – яны атрымалі не толькі пасведчанні аб заканчэнні школы, але і Ганаровыя граматы, а іх бацькі былі ўзнагароджаны Падзячнымі пісьмамі.
Канцэрт доўжыўся дзве гадзіны – песні, танцы, класічныя музычныя творы выконвалі не толькі выхаванцы школы, але і педагогі. Завяршыўся ён на радаснай ноце, бо аб’явіў пачатак летніх канікул.
--------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.