В Сморгони открылась выставка картин уроженца Островетчины Олега Дробышевского
Днямі ў суседняй Смаргоні ў гісторыка-краязнаўчым музеі адбылася прэзентацыя выставы пад назвай “Прыгажосць…” нашага земляка Алега Драбышэўскага. Прысвечана яна 250-годдзю Міхала Клеафаса Агінскага – аднак многія астраўчане могуць убачыць тут знаёмыя ім карціны мястэчкаў нашага раёна.

На ўрачыстае адкрыццё сабралася шмат людзей, неабыякавых да прыгажосці застыўшага імгнення, якое мастак вельмі ўдала адлюстраваў у сваіх работах. Пра кожную сваю карціну Алег Драбышэўскі можа расказваць вельмі доўга: дзе і як яна пісалася, што натхніла, з якімі людзьмі ці падзеямі звязаны той ці іншы сюжэт карціны. Аднак лепш адзін раз убачыць… Убачыць вясеннюю раніцу ў Вібеску ці квітнеючае лета ў Барысаве, залатую восень у Палушах ці сапраўдную зіму над Лошай…

Карціны Драбышэўскага малююць перад намі знаёмыя з дзяцінства пейзажы, якія мы бачылі ўвачавідкі ці на фотаздымках і кінастужках – і становіцца зразумела, чаму Алега Аляксандравіча называюць мастаком-перасоўнікам – ён ідзе туды, куды яго кліча сэрца, і малюе тыя мясціны, якія выпраменьваюць дабрыню і спакой. Кожны неабыякавы чалавек знойдзе ў работах Драбышэўскага нешта сваё, трапятліва захоўваемае з дзяцінства.
Так што не ўпусціце магчымасць дакрануцца да “Прыгажосці…” – выстава будзе працаваць да канца снежня.
---------------------------------------------------
Антон МАЛЬШЭЎСКІ, фота аўтара

