В Рымдюнах отметили праздник "Богатуха-Жолинес"
Многія з нас з дзяцінства ведаюць вялікае каталіцкае свята Унебаўзяцце Найсвяцейшай Панны Марыі па народнай назве – Гаспажа. Па традыцыі ў гэты дзень жанчыны нясуць асвячаць у касцёл плады новага ўраджаю: побач з палявымі зёлкамі ў букеце суседнічаюць яблыкі, морква, буракі, каласы збожжа…
А жыхары Гервяцкага краю спакон называюць гэта свята Багач-Жоліне. Па ініцыятыве аддзела культуры і вольнага адпачынку аграгарадка Рымдзюны сёлета ўпершыню прайшло свята Багач-Жоліне, у якім гарманічна спалучыліся народныя і духоўныя традыцыі. Некалькі дзясяткаў гадоў назад цэнтрам святкавання Гаспажы, ці Багач-Жоліне, былі Гіры. Ля капліцы Святой сям’і, у якой праходзіла святочнае богаслужэнне, збіраліся жыхары бліжэйшых вёсак. Напрыканцы імша суправаджалася ўрачыстай працэсіяй па вёсцы з прыпынкамі ля ўсталяваных на скрыжаваннях крыжоў і асвячэннем ніў. Дзеці чыталі прысвечаныя Панне Марыі вершы, прыхаджане маліліся і дзякавалі Маці Божай за сабраны ўраджай.
Сёлета Гервяцкі касцёл Святой Тройцы сабраў вернікаў з усёй ваколіцы на ранішнюю імшу ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай панны Марыі, якую ўзначаліў ксёндз Леанід Нясцюк.
Пасля ўрачыстага богаслужэння ў Доме культуры аграгарадка Рымдзюны, упрыгожаным духмянымі яблыкамі, свежай гароднінай і букетамі са збажыны, распачалося свята.
У цёплай і ўтульнай атмасферы за кубачкам духмянай гарбаты ўпрыкуску з салодкімі прысмакамі прысутныя ўзгадвалі народнае свята і дзяліліся ўласнымі думкамі. Удзельнікі “Жыльвіціса” – аднаго са старэйшых фальклорных калектываў раёна, вядомага не толькі ў Беларусі, але і ў Літве, – выканалі песні “Мы тут нарадзіліся” і “Які прыгожы Гервяцкі край”.
Прысутных чакалі загадкі пра прыроду і яе дары. А пасля ўсе разам на чале з Юргяліс Мяйстряліс вадзілі літоўскія карагоды.
Па традыцыі ў гэты дзень дзяўчаты плялі вянкі з дзевяці розных траў. Засушаныя зёлкі трымалі ў хаце за абразамі. Лічылася, што яны аберагуць дом і яго жыхароў ад маланкі, хвароб і ўсяго ліхога.У кожнай з дзяўчат – Віліі Кімсайце, Лііны Штура, Караліны Войшка, Златы Захарэўскай, Лізаветы Вінцкусь і Мілены Штура – атрымаліся незвычайныя вянкі, якія яны не здымалі да канца вечарыны.
Музычным аздабленнем свята стала выступленне лаўрэата міжнародных конкурсаў, саліста Белдзяржфілармоніі Аляксандра Музыкантава і цымбалісткі, акампаніятара аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рымдзюны Веранікі Касцечка.
А завяршылася святкаванне вечарам – канцэртам арганнай музыкі з удзелам Аляксандра Музыкантава і Андрэя Міхневіча.
З першых вуснаў
Загадчыца аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Гервяты Наталля Аляксандраўна Бялячыц:
– Свята Багач-Жоліне ўпершыню прайшло ў нашым аддзеле культуры. Хацелася пазнаёміць дзяцей з багатымі традыцыямі і звычаямі –жанчыны паважанага ўзросту памятаюць, як адбывалася гэта святкаванне ў Гервяцкім краі. Лічу, што трэба вучыць дзяцей спасцігаць культуру свайго народу з ранняга ўзросту – тады яны будуць разумець сэнс дабра, у іх будзе сумленне і яны абавязкова задумаюцца над пытаннем: дзеля чаго я жыву?
Што тычыцца свята, то першы блін аказаўся смачным! Я шчыра радавалася і ганарылася работнікамі нашага аддзела культуры і вольнага часу і мясцовымі людзьмі, якія прыйшлі на вечарыну. Спадзяюся, што святкаванне Багач-Жоліне стане традыцыйным у нашым аддзеле.
Алена ГАНУЛІЧ, фота Н.Бялячыц.