В Островецкой детской школе искусств не ищут таланты - им помогают раскрыться
У рэдакцыю газеты звярнулася жанчына з пытаннем аб тым, у якім узросце можна аддаваць дзіця ў школу мастацтваў. Гэтае пытанне мы пераадрасавалі дырэктару Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Святлане Станіславаўне Красновай, а таксама пацікавіліся, што прапануюць у новым навучальным годзе вучням педагогі школы мастацтваў.– З 17 жніўня ў нас пачаўся набор, – тлумачыць Святлана Станіславаўна. – Мы запрашаем усіх дзетак ва ўзросце ад 6 да 11 гадоў прыйсці на праслухоўванне. Мы не шукаем таленты – мы дапамагаем ім раскрыцца. Лічу, што ў кожным дзіцяці ёсць творчы патэнцыял.
Школа працуе ў чатырох асноўных накірунках: музычны, які ўключае ў сябе харавы клас і яшчэ падраздзяляецца на класы ў залежнасці ад абранага інструмента – баян, акардэон, домра, цымбалы, гітара, скрыпка, фартэпіяна, труба. Дарэчы, сёлета ў школу прыйшлі працаваць чатыры маладыя спецыялісты, два з якіх – па класе “труба”. Таксама ў нас дзейнічаюць харэаграфічнае і мастацкае аддзяленні. Сёлета сваю работу адновіць тэатральнае аддзяленне. Вучні разам з педагогам змогуць прыдачыніцца да вялікай сцэны і адкрыць для сябе свет ігры, артыстызму і пераўвасаблення ў непрывычныя для сябе ролі.
Народную ісціну – вучыцца ніколі не позна – можна на практыцы пацвердзіць у сценах дзіцячай школы мастацтваў.
Дарослыя людзі могуць ажыццявіць сваю даўнюю мару – навучыцца іграць на музычным інструменце. Спецыяльна для гэтага дзейнічаюць вячэрнія курсы на платнай аснове.
Самых маленькіх таксама чакаюць у дзіцячай школе мастацтваў. Спецыяльна для дашкалят (узрост ад 3 да 6 гадоў) не першы год працуе эстэтычны клас, дзе развіццё дзетак адбываецца па трох накірунках: харэаграфічным, вакальным і мастацкім.
Філіялы Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў у Варнянах, Гервятах, Міхалішках і Кямелішках таксама набіраюць дзетак у першы клас з 6-гадовага ўзросту.
------------------------------------------------
Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.
