В Гервятах отмечали престольный праздник костёла Святой Троицы и принимали участников конкурса "Песня памежжа"
Ды свяціцца Імя Тваё…
І малітоўная, і спеўная, і спартыўная – усе дарогі ў мінулую нядзелю вялі ў Гервяты. Малітоўная, бо фэст на Тройцу – галоўнае свята парафіі Святой Тройцы. Спеўная – бо менавіта ў нядзелю ў Гервяцікм сельскім Доме культуры праходзіў традыцыйны конкурс “Песня памежжа”. Спартыўны – бо ў спартзалах Гервяцкага фізкультурна-аздараўленчага комплексу і Рымдзюнскай сярэдняй школы адбыўся міжнародны турнір па баскетболу на прыз першага пасла Літвы ў Беларусі.
Сёлетні фэст, нягледзячы на не зусім спрыяльнае, не па-чэрвеньску халаднаватае надвор’е, быў на дзіва шматлюдным. Настолькі, што цесна было адначасова ўсюды: у касцёле на святочнай Імшы, у прыкасцельным парку ля скульптурных выяў, экзатычных дрэў і кветкавых клумбаў, ля даўжэзных гандлёвых радоў з фэстаўскімі самаробнымі прысмакамі, гаспадарчымі прыладамі, ружанчыкамі і абразамі і, вядома ж, з набітымі далікатэсамі палаткамі райспажыўтаварыства.
Вуліца поўнілася гоманам: людскі мурашнік тут рухаўся, еў, прыцэньваўся, вітаўся і развітваўся, фатаграфаваўся на памяць. А ў касцёле панавала цішыня, у абдымках якой святары Астравецкага дэканату на чале з ксяндзом-дэканам Здзіславам Пікулам, строга прытрымліваючыся канонаў, маліліся разам з прысутнымі вернікамі: дзякавалі Богу за Яго даброты і прасілі новых. І толькі трое людзей у храме дазвалялі сабе вольнае абыходжанне з цішынёй, вымаленай за стагоддзе існавання святыні – вакальна-музычнае суправаджэнне святочнай літургіі забяспечвалі добра знаёмыя аматарам арганных канцэртаў у Гервятах спявачка Таццяна Глазунова, музыкант Аляксандр Музыкантаў і, канешне ж, арганіст касцёла Андрэй Міхневіч.
Евангелле чыталася на дзвюх мовах: па-літоўску і па-польску. Казанне на беларускай мове прамовіў вікарый касцёла св. Космы і Дам’яна ксёндз Павел Гардзейчык. І прысвяціў яго тлумачэнню шматзначнай прысутнасці ў нашым жыцці Бога Адзінага ў Сваім Трыадзінстве.
Імша была вельмі інтэрна-цыянальнай: людзі розных нацыянальнасцей маліліся кожны на сваёй мове. І нікому не было ні непрыемна, ні крыўдна – чалавецтва, відаць, крок за крокам усё ж дарастае да асэнсавання, што Богу хочацца бачыць нас аб’яднанымі агульнай малітвай, а не раздзеленых межамі або нацыянальнымі канфліктамі.
І чалавечае дзякуй Айцу-Сыну-Святому Духу можа гучаць па-рознаму: у малітве, у песні, у маўклівым кленчанні перад Камуніяй, у прынесеных у храм кветках або ахвяраваннях, у праполатай клумбе…
Або ў цудоўных выявах святых. Першыя 48 святых твараў з’явіліся (так і хочацца напісаць: праявіліся) на шкельцах чатырох вакон ля правага бочнага алтара. Усяго іх будзе 164…
Калі разам з іншымі прамаўляеш “Ойча наш”, калі скурай паглынаеш цудоўныя гукі аргана, калі любуешся пекным убранствам храма, філіграннасцю яго архітэктуры і багаццем зеляніны і кветак, што аграняюць касцёл, як каштоўны метал аграняе чысцейшай вады пярліну, – тады недзе ўнутры, незалежна ад розуму, нараджаюцца, каб разрасціся да неба, самыя галоўныя словы: “Ды свяціцца Імя Тваё!”.
"Песня памежжа"
Конкурс “Песня памежжа” адбыўся ў трынаццаты раз. І гэтая магічная лічба не магла не ўнесці сёлета свае карэктывы ў яго сцэнарый.
Пачнём з таго, што ўдзел у конкурсе прынялі толькі шэсць калектываў (звычайна спаборнічалі паміж сабой 11-14). І ў сэнсе падрыхтоўкі яны моцна адрозніваліся – часам да палярнасці. Да прыкладу, у ансамблі з Ліды “Дайманс”, без сумнення, спяваюць прафесіяналы, прычым з саліднай музычнай адукацыяй. Сённяшні “Світанак” аб’ядноўвае пад сваёй эмблемай работнікаў з розных культурных устаноў раёна. Тое ж самае можна сказаць пра квартэт “Хутарок” са Смаргонскага раённага Дома культуры.
У той жа час “Вілія” з Міхалішак, “Польскае рэха з Астраўца” і “Расода” з Вільні – цалкам аматарскія калектывы. Выстаўляць да іх аднолькавыя патрабаванні, мякка кажучы, некарэктна. Тым больш што пры адсутнасці ідэальнага сугучча і запаветнай шматгалоснасці, уласцівай прафесіяналам, шчырасці непараўнальна больш якраз у выканаўцаў-аматараў…
Узяць хоць бы “Вілію”… Песні, якія выконвае калектыў, цалкам народныя, запісаныя ў большасці сваёй на мясцовым матэрыяле – ім жа цаны няма! Ды і калі жанчыны (кожная – у сваёй квяцістай “кашміроўцы”!) выходзяць на сцэну: прыгожыя, спрацаваныя, відавочна збянтэжаныя з непрывычкі да публікі – гэта само па сабе ўжо песня. Ці хаця б яе запеў.
Гэтак жа і з віленскай “Расодай”: спяваюць, як некалі спявалі іх продкі, – звонка і свабодна.
Ва ўсе гады існавання конкурсу пры ацэнцы той ці іншай групы на першае месца ставілася аўтэнтычнасць выканання, набліжанасць яго да народнага стылю. А яшчэ – унікальнасць песеннага матэрыялу. Многія, думаецца, памятаюць, як старшыня журы з кансерваторскай адукацыяй з Вільні плакала, дзякуючы самадзейным спявачкам з “Жыльвіціс”. Як “серабро” прысудзілі пажылой жанчыне з Міхалішкаў за песню “Фэрдалана фэрдале”, хаця ў той не хапала дыхання, каб выцягнуць складаную мелодыю ідэальна…Трэцяе месца журы прысудзіла сёлета калектыву “Польскае рэха Астраўца”, другое – “Хутарку” са Смаргоні (хаця народнасць выканання яго ўдзельніц выклікае вялікае сумненне) і “Дыямонсу” з Ліды, першае – “Світанку” з Варнян.
У конкурсе вакалістаў трэцяе месца не прысуджалася. Другое заняла Святлана Піменава з Гервят (ансамбль “Світанак”), першае – Яўгенія Ломаць (“Хутарок” са Смаргоні). Гран-пры фестывалю заваявала Анастасія Ляскоўская, спявачка групы “Дайманс” з Ліды.
Што тычыцца апошняй спявачкі, то тут двух думак быць не магло: голас і артыстычная эмацыйнасць дзяўчыны скарылі ўсіх. Асабліва песняй “А ў Іерусаліме…”. Да камяка ў горле. Яна спявала – а перад вачыма паўставалі гарбатыя вуліцы ніколі не бачанага мной Хрыстовага горада, над ламанасцю ліній яго гулкіх дахаў неслася набатна-джазавае (у народным выкананні – прыслухайцеся – нямала джазавых элементаў), немагчыма шчаслівае: “Ой, радуйся зямля: Божа нарадзіўся!”
Прызавое месца, калі б была мая воля, я прысудзіла б юнай спявачцы з Вільні Ксеніі Мілаш. Як пазней патлумачыла адна з удзельніц журы, дзяўчынка ў апошні момант вырашыла замяніць заяўленую песню іншай – гэта і стала прычынай яе адсутнасці на п’едэстале…
Ганаровыя госці
І на святочнай Імшы, і на конкурсе “Песня памежжа” прысутнічалі пасол Літвы ў Беларусі спадар Эвальдас Ігнатавічус, дэлегацыя з горада-пабраціма Швянчоніса на чале з віцэ-мэрам самакіравання Раяй Крупенінай, а таксама намеснік старшыні астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
Пасля заканчэння конкурснай праграмы спадар Ігнатавічус згадзіўся адказаць на некалькі пытанняў для журналіста газеты “Астравецкая праўда”.
– Вам даводзілася раней бываць у Гервятах і, у прыватнасці, у Гервяцкім храме?
– У Рымдзюнах я бываў не раз, значыць, і праз Гервяты праязджаў таксама неаднаразова. І кожны раз любаваўся хараством Гервяцка-га храма. А вось пабываў унут-ры сёння толькі ў другі раз. Упершыню я тут удзельнічаў у святочнай Імшы, калі храм адзна-чаў сваё стагоддзе. На шчасце, унутранае ўбранства касцёла ў поўнай меры адпавядае яго знешняй вытанчанай прыгажосці.
– Імша сёння адбывалася адразу на трох мовах: беларускай, літоўскай і польскай. Якое ўражанне гэта зрабіла на вас?
– Цалкам нармальнае. Мы стагоддзямі жывём разам. І ўмеем паважаць адзін аднаго. Мы жывём у добрасуседскіх адносінах. У кантэксце апошніх падзей у свеце гэта набывае вельмі важнае значэнне.
– У падобным кантэксце можна трак-таваць і конкурс “Песні памежжа”?
– Безумоўна. Культура памежжа – гэта жывы арганізм, у якім арганічна перапляліся культуры ўсіх суседскіх народаў. Аддзялі хаця б адзін аспект – і непазнавальна зменіцца цэлае. Менавіта праз культуру ў нашых народаў найбольш кропкак судакранання.
– Хто з выканаўцаў спадабаўся вам найбольш?
– Дзяўчына з Ліды валодае вельмі прыгожым голасам. Але і наша Ксенія ёй няшмат саступае. Дадайце сюды, што яна яшчэ толькі пачынае… Думаю, у яе цудоўная будучыня.
– Дзякуй за размову.
----------------------------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.



