В День защитников Отечества в Островце прошёл конкурс патриотической песни

1
конкурс патриотическойУрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню абаронцаў Айчыны, прайшло ў кінаканцэртнай зале “Астравец”.
У святочна ўпрыгожанай зале ў гэты дзень сабраліся прадстаўнікі розных арганізацый і прадпрыемстваў – для таго, каб у чарговы раз выказаць словы падзякі тым, дзякуючы каму мы жывём пад мірным небам, і ўсім мужчынам, якія і сёння захоўваюць наш спакой.

Пачалося мерапрыемства з сюрпрызу: павіншаваць усіх са святам у кінаканцэртную залу завітаў ваеннаслужачы Васіль Цёркін і тая, хто наводзіла страх на немцаў у Вялікую Айчынную вайну, – “Кацюша”, у вобразе якой выступіла прыгожая дзяўчына.
Па традыцыі ўсіх павіншаваў і ваенны камісар Астравецкага раёна Раман Аляксандравіч Курлоў.
– 23 лютага мы выказваем словы падзякі абаронцам нашай Айчыны, ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, тым, хто прайшоў дарогамі Афганістана, і тым, хто сёння ў радах беларускай арміі выконвае свой воінскі і грамадзянскі абавязак, – сказаў Раман Аляксандравіч. – У нашай краіне ўжо некалькі дзесяцігоддзяў гэта ўсенароднае свята. І з пакалення ў пакаленне перадаецца глыбокая павага да тых, хто пад знаменем беларускай дзяржавы стойка і мужна абараняў незалежнасць на полі бою.
У ваеннага камісара было яшчэ адно ганаровае даручэнне – уручыць воінскія пагоны з прысваеннем чарговага звання маёр запаса Віктару Збігневічу Свілу, старшы лейтэнант запаса Ігару Валер’евічу Сенюцю, лейтэнант запаса Канстанціну Часлававічу Шаблоўскаму, Дзянісу Вітальевічу Ранцаву, Сяргею Іванавічу Кашко, Яўгену Віктаравічу Казлоўскаму, Арцёму Віктаравічу Маеўскаму.
конкурс патриотической1Самым шчымлівым момантам урачыстасці стала акцыя “Помнім! Любім! Захоўваем!”, калі дзясяткі школьнікаў з запаленымі свечкамі зайшлі ў залу – і пачалася хвіліна маўчання.
Не засталося ў зале ні аднаго раўнадушнага чалавека, калі астраўчанка, настаўніца пачатковых класаў Ніна Адамаўна Маргуж расказвала пра гісторыю свайго дзяцінства. Маленькай дзяўчынцы ў гады вайны давялося зведаць голад і нястачу, страту блізкіх людзей і страх ад бамбёжак. І нягледзячы ні на што яна выжыла і сёння не губляе веры ў людзей і іх дабрыню.
– Гэта ўсенароднае свята, хаця і не пазначана ў календары чырвоным колерам. Гэта свята мужнасці і стойкасці нашага народа, – адзначыла Ніна Адамаўна. – З часоў Вялікай
Перамогі прайшло 70 гадоў, і сёння я ўдзячна нашаму кіраўніцтву, што магу жыць у мірнай свабоднай краіне, што памяць аб героях вайны жыве. Я віншую ўсіх і жадаю веры, і каб пачатая справа заўсёды даводзілася да канца.
конкурс патриотической3Па добрай традыцыі ўсе ветэраны і вязні Вялікай Айчыннай вайны, што сабраліся ў святочнай зале, атрымалі кветкі і падарункі ад раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”.
Прадоўжылася мерапрыемства конкурсам інсцэніраванай патрыятычнай песні “Айчыны гордасць баявая”, арганізатарамі якога сталі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і райкам БРСМ, а ўдзельнікамі – самыя таленавітыя людзі Астравеччыны рознага ўзросту, якія маглі прадэманстраваць свае здольнасці ў дзвюх намінацыях – “Вакал” і “Тэатральная творчасць”.
Прадстаўнік Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў Раман Віткевіч выканаў музычную кампазіцыю “Я ангелом летал” – усе, хто не раз быў сведкам выступленняў гэтага хлопчыка, ведаюць, што спявае ён шчыра – і песня яго льецца ад душы. Так было і на гэты раз.
Пранікнёна выканала песню “Непрошенная война” і прадстаўніца аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Падольцы Анастасія Ляховіч, якая пакуль што знаходзіцца ў адпачынку па догляду за сынам, але не губляе сувязі з “культурай”, працягвае спяваць – і робіць гэта шчыра і прафесійна.
Калі на сцэну выйшла Дар’я Крывіцкая з Цэнтра культуры і народнай творчасці і пачала спяваць “Баладу пра маці”, зала замерла ў чаканні трывожных слоў жанчыны, якая звала сына Аляксея. Дар’я не проста праспявала, яна пражыла на сцэне ўсю горыч мацярынскага болю.
Тэатралізацыю “Франтавыя пісьмы” прадставіў аддзел культуры і вольнага часу аграгарадка Міхалішкі. У кожным трохкутніку, якія нашы бабулі і дзядулі атрымлівалі з фронту, жыла вера ў перамогу і шчаслівае мірнае жыццё. І міхалішкаўскім артыстам удалося паказаць гэта на сцэне.
Маленькая зорачка з СШ №2 Анастасія Весько выканала песню “Абеліск”, у кожнай нотцы якой гучала памяць пра вайну.
Вольга Бенедзісюк з аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Рытань выканала песню “Кукушка”, а кадры з кінафільма прадэманстравалі ўсю трагічнасць вайны.
Будучы абаронца Айчыны, таленавіты вучань з СШ №2 Кірыл Малышка спяваў пра нашу моцную, смелую, добрую армію, якая з’яўляецца ў першую чаргу абаронцай дзяцей. Падтрымаць хлопчыка, які і так цудоўна трымаўся на сцэне, выйшаў, напэўна, увесь клас – і Кірыл, і яго група падтрымкі заслужылі бурныя апладысменты гледачоў.
Юлія Балдэску з аддзела культуры і вольнага часу вёскі Альхоўка выступала ў намінацыі “Тэатральная творчасць”. І споведзь маці, якая выгадавала чатырох сыноў, але не змагла іх зберагчы, прымусіла многіх у зале заплакаць. А імёны Сцяпан, Алесь, Макар, Пятрусь і асобныя радкі “споведзі” яшчэ доўга гучалі ў вушах.
конкурс патриотической4Таленавітая і прыгожая Таццяна Васюкевіч з раённага аддзела ўнутраных спраў прапаноўвала ў памяць пра загінуўшых запаліць свечкі.
Юрый Інаровіч і Алена Якубцэвіч з аддзела культуры і вольнага часу аграгарадка Кямелішкі выканалі кампазіцыю “Помни” – прыгожа і мілагучна.
Алег Уласік з аддзела культуры і вольнага часу вёскі Альхоўка спяваў пра франтавых сябровак. На шчасце, іх унукі і праўнукі не ведаюць, як страшна было ім падчас бамбёжак, як даводзілася хаваць у брацкай магіле добрых сяброў... І памяць пра тыя жахі і сёння жыве ў сэрцы нашчадкаў, каб не дапусціць новых войнаў, новых пакут і смерці ад кулі...
Олег УласикНэлі Казлоўская з СШ №2 выканала песню “Беларусь сінявокая”, у якой расказала пра краіну, якая жыве ў сэрцы кожнага патрыёта...
І надышла чарга папрацаваць журы, у склад якога ўвайшлі намеснікі старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і Віктар Мікалаевіч Зелянко, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць, старшыня раённай арганізацыі “Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў” Расціслаў Арсенцьевіч Герт, першы сакратар ГА БРСМ Аксана Паўлаўна Лазарава, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ірына Фёдараўна Раткевіч, а таксама дырэктары Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Валер’еўна Літвін і дзіцячай школы мастацтваў Святлана Чаславаўна Шаблінская. А пакуль журы падлічвала балы, на сцэне гучалі песні ў выкананні Аляксандра Аркадзьевіча Якіменкі.
– Усе ўдзельнікі сённяшняга конкурсу ўжо з’яўляюцца пераможцамі, – адзначыла падчас падвядзення вынікаў арганізатар конкурсу, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць. – Спачатку прайшоў адборачны этап, яго фіналісты сталі сёння ўдзельнікамі святочнага мерапрыемства, якое прайшло на высокім узроўні.
На гэты раз – зрэшты, як і падчас іншых конкурсаў – усё вырашалі набраныя балы. І таму пераможцам у малодшай катэгорыі вакалістаў быў прызнаны Раман Віткевіч. Дыплом другой і трэцяй ступені атрымалі адпаведна Кірыл Малышка і Анастасія Весько.
Лепшымі сярод моладзі сталі Алег Уласік і Дар’я Крывіцкая, другое месца журы аддало Анастасіі Ляховіч, трэцяе – Вользе Бенедзісюк.
А ў намінацыі “Тэатральная творчасць” перамогу святкавала Юлія Балдэску, другое месца было аддадзена аддзелу культуры і вольнага часу аграгарадка Міхалішкі.
Усе пераможцы конкурсу былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі ад раённага выканаўчага камітэта.
Своеасаблівую “ізюмінку” ў святочнае мерапрыемства ўнеслі харэаграфічныя групы Варнянскага і Кямелішкаўскага філіялаў дзіцячай школы мастацтваў – іх вясёлыя танцы прыйшліся даспадобы гледачам. І таму гэтыя творчыя калектывы таксама былі адзначаны дыпломамі і падарункамі ад раённай арганізацыі “Белая Русь”.
конкурс патриотической2А ўжо на наступны дзень пераможцы раённага конкурсу – Алег Уласік і Дар’я Крывіцкая – прадстаўлялі Астравеччыну на абласным этапе інсцэніраванай патрыятычнай песні. Песня Алега Уласіка стала лепшай і была адзначана дыпломам першай ступені.

----------------------------
Алена СВЕТЛАЯ, фота аўтара.