Усадьба Огинского в Залесье по-прежнему притягивает поэтов и музыкантов
Паланэз “Развітанне з радзімай”… Светлая, празрыстая музыка… Радасная, напоўненая вялікай любоўю, якую нясе ў сабе гэтая ўрачыстая мелодыя, і адначасова такая шчымліва-гаротная, бо чуецца ў ёй расставанне з нечым моцна дарагім. І без слоў яна зразумелая.У дзяцінстве я ўпершыню пачула паланэз Міхала Клеафаса Агінскага “Развітанне з радзімай” па беларускім радыё, і з той пары ён прарос праз маё сэрца, стаў любімай музыкай разам з музыкай Шапэна і Чайкоўскага, Грыга, Моцарта і Бетховена. У тую пару я не ведала, што аўтар паланэза жыў і тварыў непадалёку, на Смаргоншчыне. І толькі тады, калі выкладала ў школе ўрокі сусветнай мастацкай культуры, разам з дзецьмі прыехала ў Залессе, каб пабачыць мясціны, звязаныя з Міхалам Клеафасам Агінскім. І дзеці, і я ўпадабалі гэты даўнейшы маёнтак, памятныя камяні, каплічку, парк і прыгажуню-рэчку, але сам будынак выклікаў спачуванне, выглядаў бедна, быў нейкі абшарпаны і пакінуты. Мы думалі, фантазіравалі, што з ім стане праз 10-15 гадоў. “Як было б цікава прыехаць сюды і паглядзець” – сказаў нехта з вучняў, бо хтосьці з людзей, якія праходзілі міма нас, казалі, што нібыта палац будзе адраджацца. Праз забітыя вокны відаць было толькі разбурэнне. Мне стала вельмі шкада гэтага шляхецкага дома, напаўразбуранага, але ўсё яшчэ такога таямнічага і велічнага.
Гады ішлі… Жаданне наша споўнілася нечакана ў гэтым годзе, калі ўся Еўропа (у тым ліку і мы) святкавала 250-ы юбілей М.Кл. Агінскага. Смаргонскае паэтычнае аб’яднанне запрасіла і нас – “Галасы зямлі Астравецкай” і паэтаў Ашмяншчыны ў Залессе на паэтычную сустрэчу, прысвечаную М.Кл. Агінскаму. Яна вылілася ў сапраўднае свята музыкі і паэзіі, дзякуючы ўсім супрацоўнікам музея і вядучай імпрэзы паэтцы, журналісту са Смаргоні – Але Клемянок.
А пачалося ўсё са знакамітага паланэза і знаёмства-экскурсіі з домам кампазітара. Яна была незвычайнай: ва ўборах таго часу навуковыя супрацоўнікі расказалі нам пра трагічную гісторыю жыцця не толькі М.Кл. Агінскага, але ўсяго багатага і знакамітага магнацкага роду Агінскіх. Навуковыя факты перапляталіся з успамінамі яго настаўніка, дзяцей, пісьменнікаў, суседзяў – шляхты. Паступова ў нашым уяўленні намаляваўся вобраз чалавека царскага роду, высокаадукаванага, надзвычай таленавітага, высокай культуры – чалавека-грамадзяніна, пісьменніка і паэта, музыканта і кампазітара, тонкага дыпламата, мецэната і грамадскага дзеяча.Мяне асабіста моцна ўразіла і ўнутранае ўбранне пакояў дома-палаца. Высокія пакаёвыя дзверы раскрываліся на два бакі, на вокнах – цяжкія шторы, разная драўляная мэбля ў стылі барока таго часу, цудоўнае вітае люстра на сцяне, стары габелен – усё надзвычай прыгожа, утульна, гарманічна. Узноўленыя каміны, люстры, партрэты бацькоў і дзяцей – усё гэта стварала адпаведны настрой – яны побач з намі, бо мы перанесліся ў іх эпоху, у той час, калі Агінскія жылі, тварылі, кахалі і ненавідзелі, ездзілі па свету, змагаліся за Радзіму, любілі яе да апошняга дня свайго жыцця.
Працяг свята быў у аранжарэі, дзе некалі М.Кл. Агінскі любіў частаваць сваіх гасцей. Сёння – мы яго госці. Тут за плеценымі сталамі пачалася лірычная імпрэза – загучала яго Вялікасць паэтычнае слова. Можа, ад таго, што вядучая Ала Клемянок узяла ў рукі гітару і заспявала, пачынаючы вечарыну, а, можа, ад таго, што мы былі ў незвычайным месцы, адкрыліся нашыя душы і сэрцы на высокія чалавечыя пачуцці шчырасці і сардэчнасці. Загучалі вершы і песні на трох мовах: беларускай, польскай і рускай. Мы ўспаміналі вялікіх сыноў і дачок беларускага народа: Міхала Агінскага, Соф'ю Гальшанскую, Францішка Багушэвіча, Казіміра Сваяка. А яшчэ родную хату і родную мову, сваіх бацькоў і дзядоў, каханне і вернасць, здраду і расстанне. І недзе ціхенька побач гучала музыка паланэза, напамінаючы нам пра вечнае: вялікую любоў да Свабоды і Радзімы.Залессе – ціхая мясціна,
Тут неба, дрэвы і зямля
Шануюць памяць свайго сына,
Яна, як музыкі ралля,
Дзе ўпісаны рукой навечна
Старонкі горычы сардэчнай,
Пакуты, радасці тварэння
І Свету Божага гарэння.
О, вецер вольнасці – свабоды,
Твае сцягі – жыцця нягоды,
Сяброў-паплечнікаў імкненні,
Змагання жорсткія імгненні.
Ты водарам сваім напоўніў
Крыніцы-рэчкі, у небе поўню.
І сэрца княжае Міхала –
Яно Айчыну спасцігала.
У імя Радзімы быў гатовы
Аддаць усё – і ў бой суровы,
З Касцюшкам разам назаўжды
У паўстанцкія ён стаў рады.
Так нарадзіўся паланэз,
То музыка сышла з нябес,
І дзіўна стала яго гранне –
З Радзімай горка развітанне.
А ці ж Агінскі тады ведаў,
Што прыйдзе безліч гора, бедаў,
Што будзе жыць ён на чужбіне,
Тужыць бясконца па Айчыне.
Гады плылі, як мора хвалі,
Хавалі ўсё ў сініх далях:
Любоў-нянавісць, вернасць-здраду,
Пакінулі не на параду,
На спачуванне, разуменне
І небу ціхае маленне.
P.S. На маім пісьмовым стале ляжаць дзве кнігі: Алы Клемянок “Не пускайце ў сэрца адзіноту” і Ядвігі Чаплінскай “У маіх ружовых снах – мае Падгаі”… Гэта падарункі ад паэтычных імпрэз у Варнянах і Залессі. Гартаю кнігі і думаю: “Якое бясконца разнастайнае, шматвобразнае, шматлікае і шматфарбнае слова… Нашае, роднае…
І ў кожнай нацыі…
Якая ў яго вялізная сіла!
Яна дае нам крылы, уздымае нас над шэрасцю і будзённасцю… Але як трэба да канца свайго жыцця вучыцца пачцівасці і любасці ў абыходжанні з ім…”
---------------------------------
Людміла КУХАРЭВІЧ.
Фото Антона Мальшевского.
