Священника-поэта помнят на родине

Традыцыйна, ужо ў сёмы раз, на Астравеччыне адбылася імпрэза, прысвечаная памяці ксяндза Канстанціна Стэповіча (літаратурны псеўданім – Казімір Сваяк). Прайшла яна зноў жа па традыцыйнаму сцэнарыю: імша ў Клюшчанскім касцёле святога Яўхіма, дзе ў свой час бацькі ахрысцілі будучага святара, дзе ён прыняў першую Камунію, адслужыў прыміцыйную Імшу, дзе плённа працаваў на ніве душпастарскай і адукацыйнай.

Літургію  з  гэтай  нагоды адслужылі  ксёндз  Яцэк  Хутман з Камаяў і ксёндз Анатоль Захарэўскі  з  Міхалішак.  Пасля яе заканчэння тут жа, перад алтаром, адбыўся невялікі канцэрт, безумоўным “цвіком” якой сталі музыканты  групы  “Балцкі  субстрат”, якія ўдзельнічаюць у падобнай імпрэзе ўжо ў чацвёрты раз.  Максім  Іўкін,  Раман  Ярач і  Віктар  Сямашка,  як  заўсёды, парадавалі слухачоў віртуозным выкананнем і “жывым” гукам.
Пасля сваю песню прэзентаваў астравецкі  самадзейны кампазітар Аляксандр Якіменка.
“Неспадзяванкай” для ўсіх прысутных  стала  імправізаванае выступленне  Уладзіславы  Карвэль, пявунні з Міхалішак, якая выканала  некалькі  народных песень  такой  аўтэнтычнасці, што  ў  збіральнікаў  фальклору  “субстратаўцаў”  загарэліся вочы.
Пасля  Імшы  кавалькада  машын накіравалася ў Барані. Там іх,  як  заўсёды,  гасцінна  спаткала  гаспадыня  музея  “Сядзіба Стэповічаў”  Наталля  Стэповіч.
І  зноў  –  кароткая  памінальная малітва, а потым вершы, песні, успаміны і разважанні. Новы рэпертуар “Балцкага субстрату” з першых акордаў знайшоў дарогу да сэрцаў слухачоў. Спадабалася прысутным і дэбютная песня А. Якіменкі на словы С. Валодзькі “Міхалішскі касцёл”. А пані Уладзя працягам свайго выступлення, у якім ёй актыўна дапамагаў ксёндз Анатоль,  адарыла  ўдзельнікаў імпрэзы  выдатным  настроем.
Вядома, не пагоршыўся ён і за агульным сталом, за якім унучатыя  пляменніцы  святара-паэта частавалі прысутных, як гаворыцца, чым Бог паслаў.
Даўно заўважана: дзе моляцца ў імя Казіміра Сваяка, там без цудаў не абыходзіцца. Вось і на гэты раз у Клюшчанах, дзе, па словах мясцовых жыхароў, з 13 красавіка не было ніводнага дожджыку, пасля імшы “разверзліся хлябі нябесныя”. Пайшоў дождж і ў Баранях, але вясёлы – кроплі барабанілі па зямлі, а ў небе радасна ззяла яркае сонейка.
А падчас імпрэзы ў пакой дома Стэповічаў, у якім сабралася каля трыццаці чалавек, заляцела ластаўка. Пакружыла над галовамі, павітала ўсіх узмахамі крылцаў – і паляцела далей па сваіх птушыных справах. Можа, простае супадзенне. А можа…


_________________
Фота з сайта sb.by.