Современность и прошлое встретились на островецкой сцене, чтоб рассказать о традициях наших предков
Тут сустрэліся сучаснае і мінулае і на розныя галасы-пералівы распавядалі пра сувязь пакаленняў, традыцыі нашых продкаў і слаўны беларускі край. Задорныя танцы і мілагучныя песні, народныя касцюмы і прыгожыя вырабы – “Скарбы Гродзеншчыны” гасцінна раскрылі перад гледачамі свае таямніцы.
Нягледзячы на тое што надвор’е з самага ранку “заплакала” безупынным дажджом, у кінаканцэртнай зале “Астравец”, куды са сцэны амфітэатра ў лесапарку “пераехала” мерапрыемства, сабралася шмат людзей. Астраўчане і госці раёна не спалохаліся і прыйшлі дакрануцца да народнай беларускай культуры, каб праз прыгожыя песні на некалькі гадзін акунуцца ў непаўторную атмасферу мінуўшчыны.
А паглядзець і паслухаць сапраўды было што: заключны канцэрт абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”, з якога і пачалася музычная праграма, захопліваў у свой палон з першых нумароў. У бабуль, што падымаліся на сцэну, не было спецыяльнай адукацыі, розных музычных ступеней ці званняў, але ад манеры іх выканання і пранікнёных галасоў, якія не спявалі, а быццам пражывалі песню, хацелася смяяцца і плакаць, падпяваць і дружна пляскаць у далоні – што гледачы з удзячнасцю і рабілі. Тут не было стракатасці, гламурнасці ці жадання зрабіць нейкае шоу – але на працягу ўсяго канцэрта панавалі душэўная шчырасць і неверагодная харызма. Яны былі свае сярод сваіх – маладыя хлопцы і дзяўчаты ў народных касцюмах, бабулі і дзядулі з вясёлымі агеньчыкамі ў вачах, гарэзлівыя дзеці, якія, бы летнія віхры, танцавалі на сцэне “кракавяк” і “польку”. У сапраўднай беларускай песні няма ўзросту – і гэта прадэманстравала самая старэйшая, 95-гадовая, удзельніца са Свіслацкага раёна – ад яе ціхага, часам дрыжачага, але пранікаючага ў самыя недры душы голасу, слёзы міжволі затуманьвалі вочы – здавалася, жанчына песняй расказала пра свой няпросты лёс. Уся зала ў знак павагі і ўдзячнасці доўга апладзіравала ёй стоячы.
Сярод удзельнікаў нельга было вызначыць лепшых – усе яны былі лаўрэатамі фестывалю і быццам бы не спявалі, а жылі на сцэне: гучаў не голас – спявала душа. І жыватворнай крынічкай далучалася да другой, пятай, дзясятай, утвараючы магутны паток адзінай народнай культуры Панямоння.
Не паспеў фестываль рэгіянальнага фальклору развітацца апошнім акордам, як тут жа гледачоў прывітаў наступны канцэрт. На сцэну падняліся лепшыя творчыя калектывы Астравецкага раёна, якія кожным гукам, словам, песняй пацвярджалі назву мерапрыемства – “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”. І зноў загучала музыка – жывая, залівістая, прыгожая, – бы песня жаўранка ранкам у полі. “Кемяліна”, “Жылвіціс”, “Світанак”, “Міхалінкі”, “Вілія”, “Польскае рэха Астраўца”, “Скарбніца”, “Астраўчанка”, вакальная група Гервяцкага філіяла Астравецкай дзіцячай школы мастацтваў, Таццяна Канчанін, Дзмітрый Максімаў і Тэрэса Раткевіч – артысты Астравеччыны парадавалі гледачоў цудоўнымі выступленнямі, якія выклікалі катарсіс у душы і мароз па скуры.Аднак не песнямі і танцамі адзіннымі… Цудоўныя матывы беларускай народнай культуры можна з задавальненнем не толькі пачуць і пабачыць, але і… насіць! Свае варыянты найлепшых традыцый у калекцыях сучаснага беларускага адзення прадэманстравалі куцюр’е тэатра моды з Ліды і Ваўкавыска.
Пава… Пры гэтым слове ўяўленне малюе нешта лёгкае, летуценнае… Выступленне сталічнага этнагурта з аналагічнай назвай на рэгіянальным фестывалі было незвычайным. Яго песні не павольна заляцелі, а імкліва ўварваліся ў залу кактэйлем з этнічных і сучасных мелодый і выбухнулі феерверкам незвычайнай музыкі і пазітыўнага настрою. Жалейка і скрыпка, сінтэзатар і гітара, валынка і барабаны – усё гэта гарманічна суіснавала на сцэне і вылівалася ў прыгожую, задорную этнічна-сучасную музыку, пад якую танцавала амаль уся зала. На развітанне ўдзельнікі гурта праспявалі “Ходзіць пава па вуліцы…” Спадзяёмся, гэты этнагурт завітае на вуліцы Астравеччыны яшчэ не аднойчы.
Пакуль дарослыя атрымлівалі задавальненне ад канцэрта, маленькія госці фестывалю ва ўсю “адрываліся” на дзіцячай пляцоўцы, што працавала ў сярэдняй школе №2 і дзе праводзіліся беларускія гульні.
Часцінка “Скарбаў Гродзеншчыны” засталася на Астравеччыне: на ўрачыстым закрыцці фестывалю дыпломам Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, аддзела па ідэалагічнай рабоце, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама “За прафесіяналізм у выставе “Адкуль нашы карані” была ўзнагароджана народны майстар Марыя Юльянаўна Мажэйка. Дыпломы “За ўдзел у выставе “Адкуль нашы карані” атрымалі Валянціна Вільеўна Віннічак і Астравецкая цэнтральная бібліятэка, а гісторыка-этнаграфічны музей быў узнагароджаны дыпломам “За арганізацыю выставы работ Бірутэ Куцкайтэ”. Таксама дыпломы за ўдзел атрымалі ўсе ўдзельнікі канцэрта “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах”.
--------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота аўтара і А. МАЛЬШЭЎСКАГА.









