Сохраним традиционную культуру!

круглый стол по традиционной культуреРэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” ў суботу сабраў у Астраўцы прадстаўнікоў традыцыйнай культуры з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці.

Упершыню “Скарбы Гродзеншчыны” прайшлі ў 2013 годзе. Два дні фестывалю, які праходзіў на Лідчыне і ў вёсцы Гудзевічы Мастоўскага раёна, поўніліся народнымі песнямі і танцамі, старадаўнімі набыткамі майстроў народнай творчасці і мастакоў, духмяным водарам прысмакаў розных рэгіёнаў Гродзеншчыны.
Сёлета арганізатары фестывалю таксама падрыхтавалі рознабаковую праграму, у якой кожны жадаючы мог знайсці мерапрыемства па душы.
круглый стол по традиционной культуре1Пачатак “Скарбам Гродзеншчыны-2015” паклаў “круглы стол”, які праходзіў у кінаканцэртнай зале “Астравец”. Яго ўдзельнікамі сталі старшыня Беларускага cаюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута, грамадскі эксперт па нематэрыяльнай культурнай спадчыне Рэгіна Станіславаўна Гамзовіч, прафесар кафедры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Любоў Еўдакімаўна Раманенка, прафесар кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Рыгор Фёдаравіч Шаура, намеснік начальніка аддзела навукова-метадычнага забеспячэння дзейнасці па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Інстытута культуры Беларусі Алена Тадэвушаўна Каліноўская, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя Кандрата Крапівы Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі Тамара Барысаўна Варфаламеева, метадыст аддзела традыцыйнай культуры і аматарскай творчасці Інстытута культуры Беларусі Галіна Аркадзьеўна Суша, начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветных устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Віктараўна Клімовіч, дырэктар Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дзмітрыеўна Дземянчук. Вядучай “круглага стала” стала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Наталля Уладзіміраўна Сянюць. У абмеркаванні пытанняў захавання народнай спадчыны і культуры прынялі ўдзел дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Уладзіміравіч Кокаш і старшыня Астравецкага раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук.
– Мы рады вітаць вас на Астравецкай зямлі, у прыгожым куточку Беларусі, якая вядома не толькі будаўніцтвам Беларускай АЭС, але і слаўнай гісторыяй і багатымі культурнымі традыцыямі, – адкрыла мерапрыемства Наталля Уладзіміраўна Сянюць. – На Астравеччыне традыцыйная культура набірае ўсё большую моц і сілу, да яе далучаецца ўсё больш людзей. Я спадзяюся, што наш фестываль будзе поўніцца народнымі песнямі, традыцыйнымі рамёствамі, цудоўнымі стравамі нацыянальнай кухні. Хачу пажадаць усім, каб нацыянальная культура толькі квітнела, бо яна вучыць нас самаму галоўнаму: помніць і шанаваць нашы карані, жыць у згодзе, а таксама ўсведамляць, што ўсе мы – часцінка аднаго вялікага сэрца – Беларусі.
Пра захаванне і адраджэнне нашай спадчыны і традыцыйнай культуры гаварыў і Рыгор Фёдаравіч Шаура:
– Тое, што традыцыйная культура падтрымліваецца і развіваецца на Гродзеншчыне, – вельмі здорава, і так павінна быць. Тут прадстаўлены ўсе віды народнай творчасці, і я ўпэўнены, што сёння ў нас усё атрымаецца, бо ёсць сур’ёзны падыход кіраўніцтва рэгіёна і жаданне народных майстроў і калектываў ва ўсім гэтым удзельнічаць.
Упершыню трапіў на Астравеччыну і старшыня журы – старшыня Беларускага саюза майстроў народнай творчасці Яўген Міхайлавіч Сахута:
– Гэтае свята сведчыць пра глыбокую цікавасць да традыцыйнай культуры. І так павінна быць. Мы – еўрапейскі народ, значыць, мы павінны чымсьці вылучацца сярод іншых народаў. І сёння мы бачым, як з небыцця адраджаюцца фальклор, традыцыйныя рамёствы і промыслы, якія хаця і змянілі свой характар, але не згубілі сваёй сутнасці.
круглый стол по традиционной культуре2Яўген Міхайлавіч таксама адзначыў, што амаль ва ўсіх абласцях нашай краіны праходзяць падобныя фестывалі. Асаблівасць Гродзенскага мерапрыемства крыецца ў тым, што ён праходзіць у розных раёнах, – і гэта добрая традыцыя.
– Нам вельмі важна, што вы да нас прыехалі, – прывітала гасцей начальнік упраўлення мастацтва, культурна-асветных устаноў, народнай творчасці і навучальных устаноў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Алена Віктараўна Клімовіч, – але галоўнае гэта сумесная праца па высвятленні, што ў нас добра, а над чым яшчэ трэба папрацаваць. Мінулы раз, у жніўні 2013 года, я старалася хадзіць побач з Яўгенам Міхайлавічам Сахутам і ўпітваць усё тое, што ён гаворыць. З чымсьці пагаджалася, з чымсьці спрачалася. Але мы ўпэўнены, што традыцыйная культура і ўсе яе накірункі вельмі важныя для нас. І калі падмурак моцны, ніякія перашкоды не змогуць знішчыць народную культуру. Гэта тое ж, што і наша Каложская царква: з аднаго боку ў яе перашкода – яе падмывае Нёман, але ўсё роўна яна стаіць і трымаецца, і мы яе зберажом. Тое ж і традыцыйная культура. І вельмі важна яе захаваць і перадаць нашым нашчадкам.
– Ёсць такая ёмкая фраза: “Капай там, дзе стаіш”. І прыемна бачыць, што вы гэта робіце: шукаеце новыя формы, праводзіце святы, захоўваеце традыцыі і абрады, – адзначыла Любоў Еўдакімаўна Раманенка.
– Сёння вельмі важна захаваць сваё духоўнае ядро і застацца неразмытымі ў свеце, мець свой твар і павагу сярод іншых культур. І мы гэта зможам.
Адметнасць Астравеччыны, дзе цесна перапляліся культурныя традыцыі беларусаў, літоўцаў, палякаў, рускіх, украінцаў і іншых нацыянальнасцей, адзначыў і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый Уладзіміравіч Кокаш. Ён падкрэсліў, што ва ўсе часы рамяству на Гродзеншчыне ў цэлым і на Астравеччыне ў прыватнасці надавалася вялікае значэнне, але асаблівы росквіт народная культура і спадчына атрымалі ў незалежнай Беларусі.
– Мне вельмі прыемна, што менавіта на Астравеччыне праходзіць такое значнае мерапрыемства. Сёння на нашай сустрэчы гучыць беларуская мова – і гэта ідзе ад душы. На жаль, многае згубілася, але сёння мы прыкладаем намаганні, каб адрадзіць беларускую мову, культурныя традыцыі і нашу спадчыну, – падкрэсліла Ірына Эдуардаўна Тальчук.
Усе, хто ў гэты дзень стаў удзельнікам, “круглага стала”, які праходзіў у межах фестывалю традыцыйнай культуры, не раз адзначалі, што важнейшая задача кожнага беларуса – не толькі захаваць нашу спадчыну, але і перадаць яе нашым нашчадкам.
круглый стол по традиционной культуре3І верыцца, што так і будзе, бо мудрыя словы “не намі пачата – не на нас закончыцца” прайшлі праз увесь фестываль, і побач з людзьмі старэйшага пакалення скарбамі Гродзеншчыны дзялілася моладзь.
Наступны рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны” пройдзе ў Гродзенскім раёне.

-----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.