Руководители социальной сферы посетили музей Казимира Сваяка в Баранях
Трывала ўвайшла ў практыку работы раённага актыву такая форма, як пасяджэнні савета кіраўнікоў. Падобна, гэты метад стаў пашырацца. Ва ўсякім выпадку, кіраўнікі сацыяльнай сферы – а далёка не ўсе яны з’яўляюцца членамі раённага савета кіраўнікоў – таксама вырашылі некаторыя свае рабочыя пасяджэнні праводзіць “з выездам на месца”. Падобныя “дэсанты” калег ужо прымала дзіцячая школа мастацтваў, кінаканцэртная зала “Астравец”. А напачатку мая кіраўнікі сацыяльнай сферы, да якіх далучылася і старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Эдуардаўна Тальчук, выбраліся “на раён” – ажыццявілі даўно запланаваную вандроўку ў вёску Барані, у музей Казіміра Сваяка. Тым больш, што і нагода падаспела – 88-я гадавіна смерці святара і паэта, якую традыцыйна адзначаюць “сваякі” – прыхільнікі жыцця і творчасці нашага слыннага земляка.Для некага музей Казіміра Сваяка, які, нагадаю, быў урачыста адкрыты ў 2010 годзе, – не проста добра вядомы аб’ект, а “выпакутаванае дзецішча”. Па дарозе ў Барані Віктар Збіневіч Свіла, намеснік старшыні райвыканкама, які курыруе пытанні сацыяльнай сферы, расказаў калегам, як доўга і пакутліва ішло стварэнне музея. І хоць не ўсё зроблена так, як хацелася і планавалася, і многія рэчы патрэбна ўдасканальваць ці нават выпраўляць, добра ўжо тое, што музей гэты ёсць і размешчаны ён у той самай хаце, дзе некалі нарадзіўся Кастусь Стаповіч, якую ўдалося захаваць і аднавіць. Дзякуючы стварэнню музея, змянілася і ўся вёска Барані – над гэтым працавалі, без перабольшвання, усе арганізацыі і ўстановы раёна. Канешне, яна не стала сучаснай і перспектыўнай, не набыла статус аграгарадка, але, безумоўна, пахарашэла і папрыгажэла.
Многія з кіраўнікоў сацыяльнай сферы бывалі ў гэтым музеі неаднойчы. Але некаторыя з тых, што занялі свае пасады нядаўна, не толькі не былі ў Баранях, але ўвогуле мала ведаюць пра Казіміра Сваяка. І для іх гэтая вандроўка стала ў пэўнай ступені адкрыццём – і аднаго з найбольш маляўнічых куточкаў Астравеччыны, і асобы святара, паэта, філосафа, шчырага патрыёта сваёй Айчыны, які ўсклаў на алтар беларушчыны, па вялікаму рахунку, усё сваё жыццё.
Прагучалі ў музеі і пасля яго наведвання расповед пра жыццё нашага слыннага земляка, яго лірычныя і патрыятычныя вершы. Ішла размова і пра тое, што патрэбна зрабіць, каб музей жыў, поўніўся галасамі – перш за ўсё дзіцячымі.
А па дарозе назад кіраўнікі сацыяльнай сферы абмяркоўвалі, дзе варта было б правесці наступную выязную нараду, – цікавых мясцін хапае і ў нашым раёне, і за яго межамі.
---------------------------
Ніна АЛЯКСЕЕВА.
Фота Андрэя ПАМЕЦЬКІ.