Региональный фестиваль "Вокальная капель" прошёл в Островце
У другі раз Астравеччына сабрала вакальныя таленты з дзіцячых школ мастацтваў і музычных школ Ашмянскага, Іўеўскага і нашага раёнаў на рэгіянальны фестываль “Вакальны капеж”. Яго арганізатарамі выступілі аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з Астравецкай ДШМ.
Журы рэгіянальнага фестываля “Вакальны капеж”, у склад якога ўвайшлі Г.Ф. Волчэк, А.Я. Баршэвіч, А.Э. Буйко, А.Л. Валюк, А.С. Ляховіч, павінна было ацаніць кожнае выступленне па дзесяцібальнай шкале. А паслухаць іншых і саспяваваць самім сёлета адважыліся 16 салістаў і 6 вакальных ансамбляў.
Неаспрэчным лідарам (маё меркаванне пацвердзілася адзнакамі журы) стала Насця Бражыцкая з Ашмянскай ДШМ, якая атрымала гран-пры фестывалю і памятны падарунак.
У намінацыі “Сольнае выкананне” ў малодшай группе разам з іўяўчанкай першае месца раздзяліла Аліна Гацук, а другое месца разам з ашмянскай дзяўчынкай заняла Каця Юркойць. Дыпломам ІІІ ступені былі ўзнагароджаны Эрыка Гудзінская з Гервяцкага філіялу і Анжаліка Слычка з Кямелішак. Грамату за паспяховае выступленне атрымала Мілена Станкевіч, а Галіну Мікліс і Інэсу Клімовіч чакалі граматы за ўдзел.
На жаль, астравецкія вакалісты не трапілі ў лік дыпламантаў у намінацыі “Сольнае выкананне” ў старэйшай групе. Толькі Насця Ядзевіч з Гервят была адзначана граматай за ўдзел у фестывалі.
Суддзі вырашылі пакінуць без дыпломаў і вакальныя ансамблі з-за невялікай колькасці заяўленых калектываў. Астравецкіх “Бусінак” і “Чаравічкаў”, варнянскае вакальнае трыа, міхалішкаўскую “Міхалінку” “знайшлі” граматы за паспяховае выступленне, а “Лілея” атрымала грамату за ўдзел.
Аднак у гэты дзень падарункі атрымалі не толькі пераможцы, але і ўдзельнікі. А ў некаторых канцэртмайстраў на памяць засталіся кнігі пра Астравецкі раён.
Верыцца, што ў наступным годзе Астравецкая дзіцячая школа мастацтваў зможа сабраць пад сваім дахам яшчэ больш таленавітых вакалістаў.
А дзеткі раскрыюцца на сцэне з уласцівай толькі дзяцінству непасрэднасцю, сапраўднасцю і непаседлівасцю.
---------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара.
