Районное родительское собрание в Островце прошло в форме конкурса "Родительский дом - начало начал"
Сёлетні раённы бацькоўскі сход прайшоў у незвычайнай форме. На гэты раз не было выступаючых з дакладамі аб выхаванні дзяцей, а прыклады сямейнага выхавання дэманстравалі сем’і з розных куткоў нашага раёна.
Напярэдадні бацькоўскага сходу аддзел адукацыі, спорту і турызму аб’явіў завочны этап раённага праекта “Бацькоўскі дом – пачатак пачаткаў”, у якім запрасіў да ўдзелу сем’і, чые дзеці наведваюць дзіцячыя садкі і школы раёна. Сем’і маглі паўдзельнічаць у мерапрыемстве, якое было падзелена на намінацыі “Творчая сям’я”, “Сямейныя традыцыі”, “Гісторыя майго роду”, “Нашы таленты”, “Тата, мама, я – педагагічная сям’я”.
– У завочным адборачным этапе прынялі ўдзел 35 сем’яў з усяго раёна. 19 з іх прайшлі ў фінал, – расказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Астравецкага райвыканкама Наталля Іосіфаўна Станкевіч. – Менавіта яны сустрэліся ў фінале раённага конкурсу-свята “Бацькоўскі дом – пачатак пачаткаў”.
Яшчэ да пачатку мерапрыемства кожны, хто заходзіў у раённую школу мастацтваў – менавіта тут праходзіла раённае свята сям’і, арганізатарам якога стаў аддзел адукацыі, – трапляў на выставы творчых сем’яў з усяго раёна. Адвесці погляд ад прыгажосці было немагчыма. Чаго тут толькі не было!
Сям’я Сінькевіч, якая прадстаўляла дзіцячы садок “Дубок”, выставіла плеценыя з паперы вырабы, вязаныя сукенкі, кофты, шапачкі, а яшчэ – выпечку. Творчая мама выхоўвае дзвюх дачушак – і ўсё паспявае. Менавіта дэкрэтны адпачынак і дапамог разнастаіць ёй свой вольны час.
Альхоўскі дзіцячы садок прадстаўляла сям’я Вайцяховіч – вышыванкі крыжыкам, кветкі са стужак, упрыгожванні, зробленыя ўласнымі рукамі.
Сям’я Сцефановіч з Кямелішак займаецца роспісам па дрэве. Прычым аснову распісаных вырабаў складаюць рэчы, зробленыя ўласнымі рукамі.
Сям’я Кушлевіч з Альхоўкі славіцца вышываннем і вязаннем, а яшчэ – выпечкай незвычайных тортаў.
Вочы разбягаліся каля выставы сям’і Карэйва з Гервяцкай школы. Вязанне, вышыўка, дэкупаж – і ўсё гэта зроблена на прафесійным узроўні.
Сям’я Буйвідовіч з Міхалішак уразіла журы і гасцей мерапрыемства карцінамі-пейзажамі з краявідамі роднага краю.
Сям’я Батура з Гудагайскай школы прадставіла вырабы з дрэва, якімі займаецца тата з сынамі, вышыўку і букеты з цукерак, якія робяць мама з дачкой. Яны правялі і своеасаблівы майстар-клас: кожны мог стварыць цуд са звычайнай пафарбаванай солі, якая слаямі засыпаецца ў бутэльку. Жадаючых аказалася шмат.
Сям’я Шадзяніс, якая прадстаўляла Варнянскі НПК, захапляецца арыгамі.
Сям’я Мізула з Маляў прадэманстравала вырабы з цеста, якія затым яшчэ і расфарбоўваюцца.
Паўдзельнічаць у майстар-класе – стварыць распісное велікоднае яйка ў тэхніцы халоднага баціку – прапаноўвала сям’я Бялячыц з Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання.
Сям’я Раткевіч з СШ №1 прадставіла выставу карцін і пано: падчас выставы яны разам працавалі над сваім чарговым творам, які ўжо, магчыма, размясціўся на адной са сцен іх кватэры.
Словам, кожны стараўся – і выявіць пераможцу было б складана, каб не галасаванне гледачоў. Кожны мог аддаць свой голас за самую дастойную, на яго думку, сямейную выставу.
Свята сям’і, якое адначасова з’яўлялася яшчэ і раённым этапам абласнога конкурсу “Бацькоўскі дом – пачатак пачаткаў”, пачалося з канцэртных нумароў: бацькоў і педагогаў парадавалі выступленнямі выхаванцы дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці №1 і дзіцячага садка №2.
А потым надышла чарга падняцца на сцэну сем’ям, якія прайшлі адборачны раённы этап.
У намінацыі “Сямейныя традыцыі” была заяўлена толькі Ірына Сяргееўна Алексеявец са сваімі дочкамі Вікторыяй і Лізаветай. У сям’і Алексеявец украінскія карані. Менавіта адтуль і “прыехала” ў наш раён сямейная традыцыя – вышыванне ручнікоў. Самы першы ручнік, які сёння свята захоўваецца ў сям’і, дастаецца толькі на самыя вялікія святы – Вялікдзень і Ражаство, – застаўся Ірыне Сяргееўне ад прабабулі. Рушнікі вышывала і яе маці, і яна сама. Цяпер гэтыя ўменні перадаюцца дочкам, якія з задавальненнем працягваюць сямейную традыцыю.
Намінацыя “Гісторыя майго роду” была прысвечана складанню радаводаў. На гэты этап конкурсу было заяўлена пяць сем’яў. Аднак вынесці свае радаводы на суд гледачоў і журы рашыліся толькі тры з іх.
Сям’я Ярашэвіч прадстаўляла Гудагайскую школу. Сваё выступленне яны пабудавалі ў выглядзе падарожжа па сямі старонках сваёй сямейнай кнігі, на кожнай з якіх расказвалася пра гісторыю сям’і. Сем раздзелаў – сем складальнікаў іх сямейнага шчасця.
Сям’я Буйко, якая прадстаўляла Рытанскі НПК, падарожнічала па старонках сямейнага альбома. Мама, тата і іх дзве дачкі Ганна і Света расказалі пра гісторыю сваіх прапрабабулі і прадзядулі, пра паходжанне сваіх прозвішчаў і склалі “Летапіс сям’і”, які падарылі на дзень нараджэння сваёй бабулі.
Надзея Іванаўна Шурпіцкая і яе сын Захар прадстаўлялі Альхоўскі дзіцячы садок. Гісторыяй рода зацікавіўся маленькі Захар. І мама паказала сыну, а разам з ім усім, хто прыйшоў на мерапрыемства, цікавую мультымедыйную прэзентацыю.
На жаль, паўдзельнічаць у намінацыі “Нашы таленты” вырашыла толькі адна сям’я – Субач з Гервяцкай СШ. На сцэну падняліся мама Алена Анатольеўна і дочкі Ілона і Рэната, якія выканамі меладычны гімн сям’і.У намінацыі “Тата, мама, я – педагагічная сям’я” ўдзельнічалі тры сям’і.
Першымі на сцэну падняліся Леанід Віктаравіч, Таццяна Валянцінаўна і Данііл Казакі. Больш за дваццаць гадоў старэйшыя члены сям’і працуюць у адукацыі. Тата – настаўнік фізікі і працоўнага навучання – з дзяцінства марыў пра гэтую прафесію. Мама – настаўніца пачатковых класаў. А Данііл – гонар і надзея бацькоў. А яшчэ – выдатнік, непаседлівы і дапытлівы хлопчык, які займаецца даследчай дзейнасцю, гуляе ў хакей, іграе на гітары і спявае – словам, ва ўсім стараецца быць падобным да сваіх бацькоў.
Агульны педагагічны стаж сям’і Жук-Шаблінскіх-Пілецкіх, якія прадстаўлялі сярэднюю школу №1, – 213 гадоў. Спачатку пра педагагічную дынастыю расказала Аліна Тадэвушаўна Жук – “прышчэпку” любові да настаўніцкай прафесіі яна атрымала ад сваёй маці Ядвігі Каятанаўны Шаблінскай, якая больш за 40 гадоў свайго жыцця прысвяціла настаўніцтву. Аповед матулі прадоўжыла дачка Паліна, якая вучыцца ў школе, але ўжо ведае, што таксама стане настаўніцай. Паліна распавяла пра свайго прадзеда Зянона Антонавіча Пілецкага, які працаваў у школе, пра сваю бабулю Ядвігу Каятанаўну Шаблінскую і бацькоў свайго бацькі, якія таксама прысвяцілі сваё жыццё служэнню дзецям. А закончыла выступленне Ядвіга Каятанаўна Шаблінская, якая пра любімую прафесію і стыль жыцця расказала паэтычным словам.
Жыццё звяло Аляксандра Яўгенавіча і Вольгу Іванаўну Кухарчыкаў у Рытанскай школе. Да таго моманту яны паспелі атрымаць адукацыю і стаць настаўнікамі. Усе гады сям’я жыве і працуе пад дэвізамі “Вочы баяцца, а рукі робяць” і “Не адкладвай на заўтра тое, што можаш зрабіць сёння”. Сын Яўгеній стаў дастойным прадаўжальнікам сямейнай прафесіі – ён студэнт другога курса Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка.
Калі выступленні закончыліся, пачалася работа журы. А песнямі і танцамі радавалі бацькоў дзеці – дашкаляты, Насця Веська, Яна Урбановіч і Дар’я Касцюк.
І вось самы інтрыгуючы момант. Пераможцамі ў намінацыі “Сямейная традыцыя” стала сям’я Алексеявец з Гервяцкай школы. У намінацыі “Нашы таленты” перамогу таксама святкавалі прадстаўнікі Гервят – Субачы. У намінацыі “Гісторыя майго рода” пераможцам прызнана сям’я Ярашэвіч з Гудагая, другое месца журы аддало сям’і Буйко, трэцяе – Шурпіцкім.
Сям’я Жук-Шаблінскіх-Пілецкіх святкавала перамогу ў намінацыі “Тата, мама, я – педагагічная сям’я”. А сем’і Казак і Кухарчык падзялілі другое месца.
Пераможцам у намінацыі “Творчая сям’я”, на думку журы, стала сям’я Карэйва. Прыз глядацкіх сімпатый атрымала сям’я Сінькевіч з Астраўца. Шмат галасоў набралі сем’і Бялячыц і Буйвідовіч – ім таксама аддадзены прызы глядацкіх сімпатый. Астатнія творчыя сем’і былі ўзнагароджаны граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму.
Усе пераможцы і ўдзельнікі конкурсу атрымалі Граматы адпаведнай ступені і падарункі, спонсарамі якіх выступілі Астравецкі раённы выканаўчы камітэт, раённая арганізацыя РГА “Белая Русь” і індывідуальныя прадпрымальнікі Ганна Пазлевіч, Валерый Суравец, Тамара Янчэўская, Юлія і Аляксей Багдзюны.
Свята сям’і атрымалася прыгожым і незабыўным, па сямейнаму цёплым і ўтульным.
-------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.
Фота аўтара і А. МАЛЬШЭЎСКАГА.






