Рассказ. Старородка

2
апавяданне- Малпачка ты мая дарагая, – у хвіліну асаблівай пяшчоты туліла да грудзей бялявую галоўку сына Таццяна.
Сашка не любіў, калі мама яго так называла, вырываўся з яе абдымкаў і злаваўся:
– Якая я табе малпачка? Мама, ну чаму ты мяне так называеш?
– Таму што ты, сынок, нарадзіўся ў Год Малпы… Гараскоп усходні так сцвярджае… Але ты не крыўдуй, у Год Малпы добрыя людзі нараджаюцца – таленавітыя, прыгожыя, разумныя. Ну якраз як ты ў мяне расцеш!
Сашка не меў нічога супраць, каб быць прыгожым і разумным… Але прычым тут малпа? Так толькі нязграбных дзяўчынак абзываюць… Ці таго, каго хочуць падражніць, зняважыць. Няўжо мама з ім таксама дражніцца? Яна ж такая прыдумшчыца, што ніколі не ведаеш, калі яна жартуе, а калі сур’ёзная.
– А ты ў які год нарадзілася? – з надзеяй спытаў малы: калі і мама – малпа, то ён, так і быць, згодзен таксама быць малпай…А калі толькі ён адзін, то ведаць ён нічога не хоча пра тыя гараскопы!
– А я – Конь… Усё цягну свой воз, а ён чым далей, тым цяжэйшы. Але нічога, хутка ты, сынок, падрасцеш, станеш мне дапамагаць. Праўда? – - Хіба я табе зараз не дапамагаю? – надзьмуўся Сашка. – І дровы нашу кожны вечар, і бульбу абіраю, і курэй кармлю…
– Канешне, дапамагаеш! – пацалавала сына ў макаўку Таня. – Але я спадзяюся, што, як падрасцеш, будзеш яшчэ больш дапамагаць. Вось тады ўжо я зажыву! Як каралева… Ці не, лепш – як малпа: бананы буду штодня есці… І пра воз свой конскі забудуся…
Сашка ўважліва паглядзеў на маці. Памаўчаў, потым выдаў глыбакадумна:
– Не, мама, на малпу ты ўсё ж больш падобная, чым на каня…
Таня засмяялася вясёлым залівістым смехам.
– Ну, сынок, дзякуй за камплімент…
Сашка яшчэ не ведаў, што такое камплімент і чаму так развесялілася мама. І працягваў дапытвацца пра асаблівасці гэтага незразумелага гараскопа, дзе людзей з жывёлінамі рознымі параўноўваюць:
– Мама, а Віталь у які год нарадзіўся?
– Віталік наш – тыгр, свабодалюбівы і незалежны.
– Таму ён і не жыве з намі?
– Сашка, ну ты ж ведаеш, што Віталь ужо дарослы, у яго свая сям’я, дачушка. Канешне, яму хочацца жыць са сваёй жонкай і дзіцем!
– Тады чаму ён не дапамагае табе цягнуць твой цяжкі воз?
– Ох, сыночак, – цяжка ўздыхнула маці. – У яго і свой не лягчэйшы… Я ўжо лепш пачакаю, пакуль ты падрасцеш… – паспрабавала яна ўсміхнуцца і адвесці нарэшце размову ад тэмы гараскопаў і свайго воза – нешта яна ў не надта вясёлае рэчышча перацякала…
Але сына гараскопы, здаецца, зацікавілі ўсур’ез… І ён вырашыў дапытацца ў маці пра ўсіх сваіх родных: няўжо ён – адзіная малпа ў сям’і?
– А Анжаліка хто?
– Сястрычка ў цябе – Дракон: бачыш, як яна ўсё яркае, прыгожае, бліскучае любіць…
– А кім быў тата? – закрануў Саша забароненую тэму. Зрэшты, ніхто яе не забараняў – проста ён ведаў, што, як толькі размова заходзіць пра бацьку, вочы ў мамы робяцца сумнымі і вільготнымі, і таму не любіў услых успамінаць яго.
Дзіўна, але на гэты раз мама адказала весела:
– Татка твой – Сабака. Я некалі думала, што ён мне, кабылцы сваёй, будзе сенца падкладваць – а ён іншым сабакам паехаў сена касіць…
Што значыць “касіць сабакам сена”, Сашку даўно растлумачыла баба Нюра. Аднойчы ён, вярнуўшыся з садка, пацікавіўся, чаму ў яго няма таткі, як у іншых дзяцей. “Сабакам сена косіць!” – буркнула бабуля. Бабуліна тлумачэнне было не вельмі зразумелым, але Саша адчуў, што тата займаецца нечым не вельмі добрым, і з таго часу тэмы сабачага сена стараўся ўсяляк пазбягаць.
– А якія яшчэ жывёлы ў тым гараскопу ёсць? – дапытваўся Сашка.
– Ды розныя – я ўсіх, мусіць, і не ўспомню, – адмахнулася маці, якой ужо надакучылі сынавы роспыты. – Але ж і тэму мы з табою, сынок, завялі… Што нам тыя гараскопы, ды яшчэ кітайскія? Яны нам не дапамогуць. Хадзем лепш справамі займацца: ты – урокі вучыць, а я тым часам дыванок да ложка звяжу, а то ў бабы Нюры стары ўжо працёрся…
Сашка сеў вучыць вершык пра хлопчыка, якому не сядзіцца ў хаце – ну нібы знарок дражняцца гэтыя настаўнікі: так і хочацца пабегчы на вуліцу, на коўзалку, да дзяцей. А замест гэтага трэба вучыць гэты вершык, а потым прыклады па матэматыцы рашаць, а потым яшчэ практыкаванні па рускай і беларускай мовах рабіць – пакуль усе ўрокі зробіш, на вуліцы сцямнее… Якая ўжо там коўзалка…
А Таццяна ўзяла ў рукі вялікі кручок і стала з доўгіх пасмаў тканіны, якія яна яшчэ ўчора нарэ- зала са старых занавесак, спрытна, круг за кругам, плесці яркі дыванок – і ў іх хаце, і ў бабулінай падлогі ва ўсіх пакоях былі засланы такімі прыгожымі цёплымі ходнікамі… Кручок снаваў нібы сам па сабе, падхопліваючы то чырвоную, то зялёную, то сінюю стужку тканіны – і ўвачавідкі пад рукамі жанчыны з’яўляўся яркі, бы паслянавальнічная вясёлка, круглы дыванок. Рукі жанчыны спрытна працавалі – а думкі між тым былі занятыя зусім іншым...
Развярэдзіў ёй душу Сашка сваімі роспытамі… Бач ты, малпай яму быць не хочацца… А яна, калі сабралася яго нарадзіць, ні пра гараскопы, ні пра тое, што ёй было ўжо сорак гадоў, не думала. Калі зразумела, што ізноў, у трэці раз, цяжарная, сэрца заныла соладка – нібы ад першага пацалунка ў квітнеючым салаўіна-чаромхавым маі. Пабегла ў храм, стала на калені перад алтаром: “Божачка, дзякуй табе, што зноў падарыў мне гэтую цудоўную магчымасць – стаць маці!” Таццяна была пераканана, што нішто ў свеце не можа параўнацца з гэтым шчасцем: адчуць салодкі водар немаўляці, вызваленага з тугога кокана пялюшак; зведаць ні з чым не параўнальную асалоду, калі дзіцятка ловіць прагнымі вусначкамі набрынялыя карычневыя цмочкі перапоўненых прыемным, жыццядайным цяжарам грудзей; трымаць у руках, перабіраць і цалаваць па адным малюсенькія ружовыя пальчыкі – і разумець, што гэта часцінка цябе: твой працяг, твая будучыня, твая бессмяротнасць. З гэтым шчасцем не зможа зраўняцца нішто: ні самая салодкая ноч з каханым мужчынам, ні немагчыма дарагія ўпрыгожанні і ўборы, ні найвышэйшая прыступка ў кар’ернай лесвіцы.
Калісьці, дваццаць гадоў назад, калі яна страціла свайго першынца і ўрачы вынеслі ёй прысуд “Дзяцей у вас больш не будзе”, яна стаяла на каленях перад гэтым жа абразам і, не могучы разгледзець з-за засціўшых вочы слёз твару Збаўцы, прасіла-маліла: “Божа Усемагутны, я не прашу ў цябе нічога, можаш забраць у мяне ўсё, што я сёння маю, – дай мне толькі шчасце стаць маці! Нават калі я буду адна, хворая, у беднасці ці галечы – я выгадую, я падыму яго, ён стане самым лепшым – толькі дай мне магчымасць зрабіць гэта!” Бог пачуў яе безупынныя дзённыя і начныя малітвы: праз два гады яна нарадзіла Віталіка, а яшчэ праз тры гады – Анжаліку. І вось зараз, калі яе жаночы век коціцца на схіл, Усявышні ізноў дае ёй гэты дарунак – магчымасць стаць маці! Дзякуй табе, Божачка!
Праўда, яе радасці тады ніхто не зразумеў і не падтрымаў. Муж, калі яна падзялілася навіной, пакруціў пальцам ля скроні:
– Вар’ятка! Якія могуць быць дзеці ў нашым узросце? Хутка старэйшых жаніць будзем… І ўвогуле, нам бы гэтых дваіх як- небудзь спарадкаваць, і без таго сядзім на бульбе з халадніком – а ёй трэці спатрэбіўся!
– Ты так гаворыш, нібы я яго ў краме купіла ці ў капусце знайшла, а ты да гэтага не маеш ніякага дачынення, – паціснула плячыма Таццяна. – І калі ты так клапоцішся аб тым, як дзяцей пракарміць, – то ўладкуйся нарэшце на прыстойную работу, дзе грошы плацяць, а не бутэлькамі разлічваюцца. Канешне, на адну маю зарплату каўбас не накупляемся…
– Я табе работу не выбіраў – і ты мне не камандуй, дзе працаваць! – уз’юшыўся Пятро. – Калі табе мала грошай, то я магу і зусім іх не прыносіць – будзеш тады цаніць тое, што маеш. Мусіць, не так дрэнна табе жывецца, калі яшчэ адно дзіця нарадзіць намерылася. Але май на ўвазе: я яго гадаваць не буду! Я хачу хоць на старасці гадоў для сябе пажыць, а не спінагрызаў гэтых увесь час карміць.
– Дык ты і зараз для сябе жывеш, – сумна ўсміхнулася Таццяна. – Не перажывай, не раскашавалі мы з табой – не памром з голаду і без цябе. Так што рабі, як знаеш, а я ўсё роўна дзіцятка нараджу. Не так шмат я ў гэтым жыцці шчасця бачыла, каб ад такога Божага дарунка адмаўляцца.
– Дурніца! – смачна плюнуў пад ногі Пятро. – Выбірай: альбо я, альбо гэтае дзіця! Час яшчэ ёсць, можна схадзіць у бальніцу і ўсе праблемы вырашыць.
– А ў мяне няма праблем! – развяла рукамі Таня. – Ва ўсякім разе, тых, якія трэба вырашаць у бальніцы. А ты са сваімі сам разбірайся… -Бач ты яе, ганарліўка якая! Яшчэ прыпаўзеш да мяне на каленях, ногі цалаваць будзеш, каб вярнуўся.
– Не спадзявайся – не буду! – каб не расплакацца, рассмяялася Таня. – Ты ж ведаеш: ад паху мужчынскіх потных ног мяне ванітуе…
Пятро, злосна ляпнуўшы дзвярыма, выйшаў з хаты.
Вярнуўся ён праз тры дні – але толькі для таго, каб забраць свае рэчы. Таня назірала, як ён засяроджана піхае ў вялікую сумку майкі, шкарпэткі, кашулі, і маўчала. Ён рэзка зашморгнуў на сумцы маланку і кінуў на развітанне:
– Пазбавішся ад гэтага бахура – паведаміш. Я пакуль у сваіх пажыву. А там будзе відаць…
Таня паціснула плячыма: і чаму ён так упэўнены, што, выбіраючы паміж ім і дзіцем, яна аддасць перавагу яму? Ніколі яна не жыла за ім, як “за мужам” – невялікая страта. А дзіцятка – о, не гэтую сваю маленькую малпачку, што з кожным днём падрастае ў яе ўлонні – ад яе яна ніколі і нізавошта па сваёй волі не адмовіцца!
Але не толькі муж не ўхваліў яе жаданне нарадзіць трэцяе дзіця. Маці, да якой яна прыйшла за падтрымкай, усплёснула рукамі:
– Што ты, дачушка, надумалася?! Ганьба якая, сорам…
– Мама, ну які гэта сорам – нарадзіць дзіця? – не магла зразумець Таццяна. – Я заўсёды лічыла, што гэта – гонар для жанчыны. І шчасце…
– Ну які гонар? У цябе ж дзеці амаль дарослыя: сын школу заканчвае, дачка ўжо нявесціцца. Яны ж усё разумеюць…
– Вось і я спадзяюся, што вы зразумееце мяне, – прытулілася да маці Таня. – І дзеці, і ты, мамачка…
– А жыць за што? – прывяла маці, як ёй здавалася, галоўны аргумент. – Я, канешне, дапамагу, чым змагу і пакуль змагу, але ж ты разумееш, што памочніца з мяне ўжо слабая. А на твайго Пятра і зусім надзеі няма.
– Бабуля некалі казала: дасць Бог дзіцятка – дасць і на дзіцятка… Справімся неяк…
Лепшая сяброўка Наташка, якая знаходзілася ў перманентным пошуку свайго жаночага шчасця і зараз рыхтавалася выйсці замуж у трэці раз, калі Таня расказала ёй пра сваю галоўную радасць, а заадно і аб тым, як на гэта адрэагаваў муж, на некалькі хвілін упала ў ступар. А затым выдала задуменна:
– Ну, што гэты твой казёл змыўся – бяда невялікая. З тваёй знешнасцю ды з такім характарам ты сабе мужа знойдзеш, і не такога захрыбетніка, як твой Пятрок. Нават з двума дзецьмі – не праблема. Вунь і Зінка, і Марына замуж павыходзілі – і ніхто іх дзяцей не лічыў. Але з трыма, скажу шчыра, усё ж цяжкавата будзе… Баязліўцы гэтыя мужыкі, не разумеюць свайго шчасця – але што зробіш, з гэтым трэба лічыцца. Так што падумай…
– Як ты не разумееш, Наташка! Ну як вы ўсе не разумееце: у мяне дзіцятка будзе! Сынок! Ці дачушка… А вы ўсе – пра мужа, пра грошы, пра сорам…
І толькі той, што глядзеў з абраза добрымі вачамі, адзіны не асуджаў яе – разумеў, падтрымліваў, падбадзёрваў: маўляў, ты ўсё правільна робіш, трымайся, я дапамагу…
Таня больш нікому не спяшалася расказваць пра сваю радасць. Станавіцца на ўлік у жаночую кансультацыю яна знарок пайшла, калі не тое што перарываць цяжарнасць – гаварыць пра гэта было ўжо позна.
Пажылая акушэрка, агледзеўшы яе, змерыла немаладую пацыентку позіркам, у якім выразна чыталася сумесь падазронасці, грэблівасці, асуджэння.
– У вас з галавой усё ў парадку? – спытала яна без цырымоній.
– У сэнсе? – не зразумела спачатку Таня, што мае на ўвазе акушэрка. – Увогуле не скарджуся: ціск нармальны, траўм не было, галава не баліць. І працуе, здаецца, няблага, – закончыла яна справаздачу аб рабоце сваёй галавы, як заўсёды, жартам.
– Нешта не відаць, – хмыкнула акушэрка. – Ты ў пашпарт свой даўно глядзела? Хто з нармальнай галавой у сорак гадоў наважыцца нараджаць трэцяе дзіця? Ды яшчэ ў Год Малпы… Вось народзіш абразіну якую. Ці даўна, ці калеку…
Таццяна не на жарт узлавалася: тут, у кабінеце, каля якога вісяць плакаты са шчаслівымі мацяркамі з дзеткамі на руках, яна разлічвала сустрэць разуменне і падтрымку…
– Не хвалюйцеся: каго нараджу – таго і выхоўваць буду, у вас дапамогі прасіць не стану! – рэзка адказала яна, не маючы ні сіл, ні жадання расказваць, як страціла першае дзіця, як дала Богу зарок нараджаць столькі, колькі пашле Усявышні, што для яе дзіцятка – найвялікшае шчасце.
Гэтая таўсматая цётка з грубымі мужчынскімі рысамі твару ўсё роўна нічога не зразумее…
– Стэрылізаваць такіх трэба, – прабубніла сабе пад нос акушэрка, не звяртаючы ўвагі на слёзы пацыенткі, якая куляй, на хаду зашпіляючы блузку, выскачыла з кабінета.
…Нараджаць ёй выпала яшчэ з адной “старародкай”, як ахрысцілі іх яшчэ падчас афармлення ў радзільнае аддзяленне. Таццяна, сціснуўшы зубы ад болю, старалася не звяртаць увагі на абразлівыя, крыўдныя словы і позіркі, маўчала, падтрымліваючы абедзвюма рукамі свой вялізны жывот.
Пажылы лысаваты ўрач з кругленькім брушкам, нібы ён таксама быў цяжарны, дрэнна, нібы дзеці ў садку, выгаворваў літару “р”. Агледзеўшы так недарэчы – пад самую поўнач! – паступіўшых адна за другой дзвюх узроставых парадзіх, ён незадаволена прабубніў:
– Такія сталыя, а ладжаць надумаліся… Спаць ноччу тлэба, а не ладжаць…
Тані адначасова хацелася смяяцца і плакаць…
Доктар і сапраўды пайшоў спаць, наказаўшы акушэрцы – на шчасце, не той, што прадракала Тані даўна, а харошай сардэчнай жанчыне, – паклікаць яго, калі што якое…
Але клікаць нікога не давялося: вельмі хутка “сталыя” Таня і яе суседка па палаце нарадзілі здаровенькіх дзетак: Таня – сыночка, а суседка – дачушку…
“І што б я зараз рабіла, калі б паслухалася тады не сябе, не Бога, а мужа, які даўно збадзяўся, ці маці, ці сяброўку, ці тую злую акушэрку – і не нарадзіла свайго сыночка? Як бы жыла я без яго? Віталь ажаніўся, у яго свая сям’я і свае клопаты. Анжаліка вучыцца ў Мінску і дахаты наўрад ці вернецца: усе яе мары – пра сталічныя праспекты. З кім бы я зараз размаўляла, раілася, вучыла ўрокі, спявала песні? Хто б мне дапамагаў, весяліў, шкадаваў, калі падступае чорная туга, слухаў мае казкі? Каму б я вязала прыгожыя швэдры і цёплыя шалікі і шапкі?” – думала жанчына, спрытна арудуючы кручком – яркі дыванок быў ужо амаль гатовы. “Дзякуй табе, Божачка, – ты адзін не пакінуў мяне тады, калі адвярнуліся ўсе. Дзякуй табе за майго сыночка, за тое, што ён ёсць, што ты не пакінуў нас, калі нам было цяжка. Не пакідай маё дзіцятка і далей. Хай расце разумным і добрым, да людзей спагадлівым, да справы ахвочым. А як стане ён дарослым, пашлі яму долю добрую, шчаслівую…”
– З кім ты гэта, мама, размаўляеш? – падняў галаву ад падручнікаў Сашка.
– З Божанькам, – не стала хітраваць Таццяна. – Дзякую, што ў мяне ёсць такая цудоўная малпачка!
– Ну вось, зноў ты дражнішся…– насупіўся сын.
– Што ты, сынок! Ты ж – мая радасць і ўцеха! Я цябе больш за ўсё на свеце люблю!
– І я цябе, мамачка, люблю, – прытуліўся да яе Сашка. – Моцна-моцна… Ты не думай – я заўсёды буду з табой, я цябе ніколі не пакіну…
Таня схавала ў сынавых віхрах свае вільготныя вочы...

Ніна РЫБІК