Пусть радость приходит в семьи





Фестываль сямейнай творчасці “Жывіце ў радасці” стаў традыцыйным і сабраў у кінаканцэртнай зале “Астравец” таленавітыя сем’і з усяго раёна.


Арганізатарамі фестывалю выступілі аддзел культуры Астравецкага райвыканкама і тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.

У фае залы была арганізавана адмысловая выстава. Чаго тут толькі не было! Ажно вочы разбягаліся ад прадстаўленых работ. Сям’я Стакун з Варнянаў захапляецца разьбой па дрэве, маляваннем і канструяваннем. Эйфелева вежа, створаная рукамі сына Дзімкі, здаецца, нават пахне Парыжам.







А мініяцюрныя дрэвы і кветкі, зробленыя з бісеру і шклярусу Трусевічамі, не адрозніш ад сапраўдных. Салодкімі кандытарскімі вырабамі цешыць сваю сям’ю Святлана Лета, а вязаныя шэдэўры (так, менавіта шэдэўры!) Дзенісевічаў прымушаюць здзіўляцца фантазіі і майстэрству рукадзельніцы. Драўляныя падстаўкі для вазонаў на конкурс прадставіла сям’я Лучынскіх. Ад аддзела дзённага знаходжання інвалідаў і гуртка “Фантазія” – мыла ручной работы, вокладкі для кніг, цацкі і карціны, створаныя рукамі людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Цікавую падборку часопісаў, кніг і газет на сямейную тэматыку прадставілі спецыялісты цэнтральнай раённай бібліятэкі.


Нягледзячы на тое, што на “сямейнае свята” прыйшло не вельмі шмат людзей, атмасфера ўтульнасці панавала ў гэты дзень у кінаканцэртнай зале. І ацэньвала творчыя выступленні сем’яў не традыцыйнае журы, а “сямейны савет”: дырэктар РДК Ірына Іванаўна Расамацкая, загадчыца аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Яніна Вацлаваўна Панасюк, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Святлана Мікалаеўна Іванова, спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Генрыхаўна Свірская і спецыяліст аддзела ідэалогіі райвыканкама Тэрэза Браніславаўна Памецька.







Адкрываць фестываль выпала сям’і Такарчук. На вялікім экране мяняліся фотаздымкі шчаслівых імгненняў сямейнага, а захавальніца хатняга ачага чытала ўласны верш “Мама”. Унучка акампаніравала ёй пранікнёнай ігрой на скрыпцы. Усе Такарчукі таленавітыя: вяжуць, шыюць і вышываюць, робяць пасхальныя яйкі з бісеру… А яшчэ і музычныя!

Шматдзетная мама з Міхалішак Святлана Лета прызналася, што ў іх сям’і ёсць традыцыя: на свой дзень нараджэння кожны загадвае жаданне. Тэатральнае вырашэнне мамінага жадання аб марскім круізе знайшоў тата з дзецьмі: сынок-сонейка, дачушка-залатая рыбка, марская свежасць – асвяжыцель паветра… Усе прысутныя ў зале смяяліся ад душы.







Сям’я Івашка пакарыла глыбінёй і шчырасцю сваёй прэзентацыі. Відэафільм па імгненнях адлюстроўваў сямейнае шчасце ўрачоў: разам вяртаюцца з працы; дзеці сустракаюць бацькоў; сумеснае чытанне кніжак; цеснае сямейнае кола разам з бабулямі і дзядулямі… Наталля Іванаўна дзякавала бацькам, дому, дзецям, Астраўцу, што прыняў яе шаснаццаць год таму, сабе, мужавым бацькам і мужу… Вальс закружыў сямейную пару – і здавалася, што астатні свет перастаў для іх існаваць. Верш сына, сумесная песня мамы і дочкі, ігра на цымбалах другой дачушкі пацвердзілі, што таленавітыя людзі – таленавітыя ва ўсім.

Другі раз у фестывалі прыняла ўдзел сям’я Валадзько. Мама Оля і дачка Дзіяна добра адчувалі сябе на сцэне, а тата, які не змог прыехаць, таму што працаваў – абараняў мяжу, напэўна, на адлегласці падтрымліваў сваіх любімых дзяўчат. Дзіяна добра сыграла на фартэпіяна, а сумеснае выкананне песні “Мая сям’я” напомніла ўсім прысутным, што з’яўляецца самым галоўным у жыцці кожнага.


Сям’ю  Літвін прадстаўлялі мама з дачкой і пляменнікамі. Дзеці на сцэне сыгралі песню пра беспародную кошку, а мама выканала кампазіцыю “Мы разам”.







Варановічы на сямейным фестывалі – не навічкі, а доўгажыхары! Па прызнанні Яўгеніі, упершыню яны ўдзельнічалі ў фэсце, калі дачцэ Марыне было 5 гадоў. А зараз Марына – сама мама. Песня “Мама і дачка” яскрава паказала ўзаемасувязь паміж самымі роднымі людзьмі. Эстрадны танец “Грацыя” у выкананні брата і сястры стаў завяршаючым акордам выступлення сям’і Варановічаў.

Прыемна здзівіла шматдзетная сям’я Лаўрэцкіх. За вершаваную прэзентацыю адказвала мама, за ўсё астатняе – тры сястрычкі і брацік. Усходні танец, песня “Нараджаецца новы дзень” і песня “Мама” атрымаліся ў Мікіты, Арыны, Алесі і Сашы, як у прафесіяналаў.


У гэты дзень не было пераможцаў і тых, хто прайграў. Усе ўдзельнікі фестывалю сямейнай творчасці атрымалі памятныя сувеніры.


Кожная сям’я – асобны свет, і параўнаць іх проста немагчыма. Нехта спявае, нехта танцуе, піша і дэкламуе на сцэне вершы, іграе на музычных інструментах, малюе, вяжа… Падтрымліваюць адзін аднаго, аберагаюць і любяць, бо разам яны – сіла.


Кажуць, што кожная сям’я шчаслівая па-свойму. Мы ж можам дадаць: і таленавітая таксама!


________________


Алена ГАНУЛІЧ,


фота Аляксандра ЮШЧУКА.