"Польское эхо Островца" на "Кличе Полесья"

klich_00Міжнародны фестываль этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” прайшоў у аграгарадку Ляскавічы Петрыкаўскага раёна. У чацвёрты раз на Гомельшчыне сабраліся самадзейныя і прафесійныя музычныя калектывы, рамеснікі і майстры. Сёлета на фестываль прыехалі госці з Расіі, Латвіі, Польшчы, Украіны, Малдовы, Кітая і, канешне ж, розных куточкаў нашай краіны. Гродзенскую вобласць і Саюз палякаў на Беларусі прадстаўляў толькі хор “Польскае рэха Астраўца”.


Не перастаю здзіўляцца энергічнасці, лёгкасці і актыўнасці астравецкіх палякаў. Хор “Польскае рэха Астраўца” бадай што адзіны  калектыў у нашым раёне, які так актыўна і плённа гастралюе па Беларусі і за яе межамі. Не паспелі артысты вярнуцца са сталіцы, як зноў выправіліся ў няблізкую дарогу – у палескі аграгарадок Ляскавічы.


 klich_01– Мы без ваганняў прынялі прапанову Гомельскага аблвыканкама паўдзельнічаць у фестывалі этнакультурных традыцый. Тым больш што нас падтрымала раённае і абласное кіраўніцтва, – зазначыла старшыня Астравецкага аддзялення саюза палякаў на Беларусі Тарэса Мацвееўна Мароз. – Свята на Гомельшчыне, у якім мы прынялі ўдзел, вылучалася шчырасцю, хатняй атмасферай і панаваннем духу еднасці і згоды. Усе выдаткі на пражыванне і праезд кампенсавалі арганізатары фестывалю – нацыянальны парк “Прыпяцкі”.


У выкананні хору “Польскае рэха Астраўца” на фестывальнай пляцоўцы ў Ляскавічах прагучалі польскія, беларускія і ўкраінскія песні. А на вялікім экране адзін за адным змяняліся фотаздымкі, якія адлюстроўвалі багатае і насычанае падзеямі творчае жыццё калектыву.


– Мы былі ўражаны арганізацыяй свята, – дзеліцца ўражаннямі Тарэса Мацвееўна. –  Ляскавічы – чысты і ўтульны аграгарадок, а яго жыхары – вельмі гасцінныя людзі. Мы не толькі паказалі сябе, але і на іншых паглядзелі. Асабліва спадабаліся тэматычныя падворкі палесскіх раёнаў Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Згодна з канцэпцыяй, яны былі аб’яднаныя ў адну вялікую вёску з рознымі вуліцамі, якія сімвалізавалі народныя святы і абрады. Мы пазнаёміліся з папулярнай беларускай спявачкай Інай Афанасьевай… Словам, прывезлі  станоўчыя эмоцыі і памятныя ўспаміны.


klich_02А на памяць ад астравецкіх палякаў у арганізатараў міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый “Кліч Палесся” засталіся зборнікі прозы і паэзіі “Астравецкай зямлі галасы”, сувенірная прадукцыя і разная шкатулка аўтарскай работы майстроў Астравецкага цэнтра культуры і народнай творчасці.


_____________


Алена ГАНУЛІЧ.