"Польскае рэха Астраўца" покорило минчан
Хор «Польскае рэха Астраўца» стаў актыўным удзельнікам выставы-кірмашу сельскагаспадарчай прадукцыі Гродзенскай вобласці «Шчодрая восень», якая праходзіла ў Мінску.Дзякуючы намаганням працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны кірмаш поўніўся садавінай і гароднінай, хлебам, маслам і смачнымі стравамі. Крамы філіялаў Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства запрашалі наведвальнікаў багаццем самых розных вырабаў. А дзякуючы музычным калектывам, якія прадстаўлялі Гродзеншчыну, быў створаны добры настрой.
Дарэчы, адкрываў канцэртную праграму менавіта хор «Польскае рэха Астраўца». Больш таго, астравецкія артысты двойчы выходзілі на канцэртную пляцоўку – і кожны раз мінчане і госці сталіцы віталі наш хор гарачымі апладысментамі.
– Сёння ў нашым рэпертуары каля 60 песень на розных мовах, – расказвае старшыня Астравецкага аддзела Саюза палякаў на Беларусі Тэрэса Мацвееўна Мароз. – У Мінску мы выканалі 18 з іх. Песні на беларускай, польскай і ўкраінскай мовах прыйшліся даспадобы тым, хто завітаў на кірмаш сельскагаспадарчай прадукцыі Гродзеншчыны.
– Усе калектывы, якія прадстаўлялі на кірмашы нашу вобласць, мелі званне народны, – працягвае Тэрэса Мацвееўна. – Сёння мы таксама думаем пра тое, каб атрымаць гэткае ж званне. Два разы на тыдзень праводзім рэпетыцыі, з 1 кастрычніка ў нас з'явіўся новы кіраўнік – Марына Кіб – і спадзяёмся ўсё ў нас атрымаецца.
За выдатнае выступленне на кірмашы аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і «Польскае рэха Астраўца» атрымалі Падзячнае пісьмо Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.
---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота з уласнага архіва хора.
