Островец заискрился талантами
У Астраўцы прайшоў раённы этап 21 абласнога фестывалю-конкурсу “Таленты Прынямоння-2014”. Удзел у ім прынялі 44 таленавітыя школьнікі з 12 школ раёна, цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, Астравецкай раённай і Кямелішкаўскай школ мастацтваў.Кожны змог прадэманстраваць свае ўменні ў пяці намінацыях – “Саліст-вакаліст”, “Малая вакальная ансамблевая група”, “Сучасны эстрадны танец”, “Народны сцэнічны танец” і “Тэатральнае мастацтва”. Прычым, намінацыі былі падзелены яшчэ і на падгрупы згодна з узростам удзельнікаў.
А судзіла юных талентаў журы, у склад якога ўвайшлі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама С.Л. Сяўко, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Н.В. Баніцэвіч, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Н.У. Сянюць і галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Л.М. Апановіч. Дапамагала членам журы ацэньваць выканальніцкае майстэрства намінантаў Заслужаны дзеяч культуры Рэспублікі Беларусь, педагог раённай школы мастацтваў Д.М. Блашкевіч.
Найбольшая колькасць удзельнікаў заявіла пра сябе ў намінацыі “Саліст-вакаліст”. Паспрабаваць свае сілы ў вакале вырашылі 23 школьнікі.
Першымі на сцэну падняліся прадстаўнікі малодшай катэгорыі – юныя выканаўцы ва ўзросце 6-10 гадоў. Кожны з іх – індывідуальнасць і, вядома ж, прыехаў у Астравец за перамогай. Праўда, не ўсім давялося справіцца з хваляваннем – і таму пераможцаў у гэтай узроставай групе выбраць не атрымалася.
Прадстаўнікі сярэдняй узроставай групы трымаліся на сцэне больш упэўнена. Асабліва запомніўся гледачам Дзмітрый Варскі з Варнянскай школы, які проста запаліў залу і сваім выкананнем прымусіў прытанцоўваць на крэслах. Як заўсёды артыстычна трымалася на сцэне Кацярына Юркойць з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. Даволі добра глядзелася Яна Урбановіч з СШ №1. Але нават артыстызм і добрае выкананне не дазволілі ім трапіць у фінал – на думку журы, многім канкурсантам трэба “падцягнуць” свае вакальныя дадзеныя.
Затое ў старэйшай узроставай групе зоркі запальваліся адна за другой. Ілона Жалток з Гудагайскай школы, Кацярына Пляўга з Кямелішкаўскага НПК, Яўгеній Юркойць з Варнянскага НПК – менавіта іх выступленні запомніліся гледачам. Але ў лік фіналістаў гэтыя таленты ўсё ж не трапілі. Адзінагалосна члены журы адправілі ў фінал Дар’ю Касцюк і Дар’ю Крывіцкую з цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, з якімі займаецца Аксана Вацлаваўна Мешкіс, і Юлію Івашка з гімназіі №1 Астраўца. Хочацца спадзявацца, што нашы юныя зорачкі апраўдаюць ускладзеныя на іх надзеі.
На жаль, у намінацыі “Малыя вакальныя групы” заявіць пра сябе вырашылі толькі два музычныя калектывы, якія выступалі за Міхалішкаўскую СШ і за Рытанскі НПК. Аднак члены журы не вельмі высока ацанілі іх музычнае выкананне, таму яны таксама не трапілі ў фінал.
Пяць танцавальных калектываў з гімназіі №1, Варонскага НПК, Рымдзюнскай школы з літоўскай мовай навучання, Варнянскага НПК і Кямелішкаўскай школы мастацтваў заявіліся ў намінацыі “Народны сцэнічны танец”. Аднак прадэманстраваць сябе ў выкананні народных танцаў атрымалася не ва ўсіх. І тым не менш глядзеліся яны вельмі прыгожа. А ў лік пераможцаў у гэтай намінацыі трапіў харэаграфічны калектыў “Іскрынкі” Кямелішкаўскай школы мастацтваў, які так выканаў кадрыль, што запаліў не толькі залу, але і членаў журы.
Затое ў намінацыі “Сучасны эстрадны танец” жадаючых прадэманстраваць танцавальныя ўменні было значна больш – дзевяць танцавальных калектываў вырашылі паказаць, на што яны здатныя. Таму, напэўна, і пераможцаў у гэтай намінацыі таксама атрымалася больш.
Як заўсёды эфектна глядзеліся на сцэне салісткі “Нон-стопа” Даша Казюлевіч і Насця Азевіч. Ярка і запамінальна выступіў гімназічны “Астравок”. Весела і з запалам запрашалі танцаваць твіст рытанскія школьнікі. А потым на сцэну зноў выйшаў “Нон-стоп”, і танец “Марачка”, які танцавалі маленькія салісткі разам са старэйшымі дзяўчатамі, пакарыў сэрцы журы. Менавіта дзяўчатам з “Нон-стопу” пад кіраўніцтвам Наталлі Янкоўскай, якія прадстаўлялі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, і дасталася перамога. Перамогу члены журы аддалі таксама варнянскаму калектыву “Арабеска”, які выканаў незвычайны танец з элементамі акрабатыкі. І нягледзячы на тое, што рыхтавала дзяўчат настаўніца пачатковых класаў Марына Вітольдаўна Садоўская – менавіта так было ўказана ў заяўцы, – пастаноўка і майстэрства выканання танцавальных элементаў пераўзышла ўсе чаканні гледачоў і членаў журы.
Апошняя намінацыя “Тэатральная творчасць” таксама не вельмі зацікавіла школьнікаў – толькі шэсць удзельніц вырашылі падзяліцца з гледачамі сваім майстэрствам.
Цудоўна глядзеліся на сцэне Вераніка Багдановіч з Гудагайскай школы – дзяўчынка, якая вучыцца ў 4 класе, чытала вялікі твор – і калі б гэта быў конкурс чытальнікаў, то яна б безумоўна заняла першае месца. Гэтак жа ўдала выступіла і Святлана Стаскойць з Міхалішкаўскай школы – верш пра жахі вайны з яе вуснаў прагучаў так, што, здавалася, сэрцы ў грудзях гледачоў пераставалі біцца, – настолькі ўдала былі перададзены дзяўчынай пачуцці і перажыванні аўтара. А перамогу ў гэтай намінацыі святкавала гудагайская школьніца Ганна Барысевіч. “Маналог Ліпачкі” з камедыі Астроўскага “Свои люди – сочтемся” быў не столькі прачытаны, колькі пражыты дзяўчынай. Ганна цудоўна сыграла пачуцці і эмоцыі Ліпачкі, за што і была прызнана пераможцай.
Сёлета конкурс “Таленты Панямоння” змяніў свой фармат: пераможцам раённага этапу давядзецца спачатку прайсці завочны адбор і толькі затым лепшыя выканаўцы і танцоры з усіх раёнаў прымуць удзел у абласным конкурсе, які напрыканцы сакавіка пройдзе ў Гродне.
Пажадаем астравецкім талентам перамогі!
------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота В. СЦЕФАНОВІЧ.
