Островец и Ошмяны породнила книга

презентация книги Мальдиса и ЮршыРана ці позна чалавек задаецца пытаннем: хто я і адкуль мой род? Добра, калі яшчэ ёсць бабулі і дзядулі, якія могуць нешта ўспомніць ці магчымасць узнавіць сваю радаслоўную, дзякуючы пошукам у архівах.
У гэтым сэнсе пашанцавала некаторым жыхарам сучаснай Ашмяншчыны і Астравеччыны, якія могуць адшукаць прозвішчы сваіх продкаў у кнізе Васіля Адамавіча Юршы “Ошмянский край. Шляхетские роды на Ошмянщине”. Яе прэзентацыя адбылася на мінулым тыдні ў раённай бібліятэцы. На сустрэчу з астраўчанамі і жыхарамі раёна прыехаў не толькі аўтар кнігі, але і наш слынны зямляк Адам Восіпавіч Мальдзіс.

Госці завіталі ў бібліятэку адразу пасля ўдзелу ў міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі “Культурная спадчына роду Агінскіх і яе значэнне для сучаснага развіцця грамадства”. Сустрэча пачалася з падарункаў: Адам Восіпавіч перадаў раённаму музею гліняную выяву-медальён Міхала Клеафаса Агінскага ў прыгожай, драўлянай шкатулцы і выказаў спадзяванне, што ў хуткім часе ў Астраўцы знойдзецца памяшканне пад музей. Таксама Адам Восіпавіч прыгадаў гісторыю ўтварэння назвы “Беларусь” і ўспомніў прозвішчы адметных сыноў Астравеччыны.
– Глядзець на мінулае трэба не сённяшнімі вачыма, а вачыма людзей, якія жылі ў тую эпоху, – адзначыў Адам Восіпавіч. – Важна ведаць свой радавод, свае карані. У гэтым сэнсе кніга Васіля Адамавіча Юршы “Ошмянский край. Шляхетские роды на Ошмянщине” ўнікальная. Гэты даведнік мае вялікую каштоўнасць, таму што ў былы Ашмянскі павет уваходзіла і частка сучаснага Астравецкага раёна.
презентация книги Мальдиса и Юршы1Аказваецца, па адукацыі Васіль Адамавіч інжынер-сістэматэхнік, а да гісторыі і архівістыкі прыйшоў у сталым узросце. Больш за дзесяць гадоў назад ён страціў бацьку і сам перанёс складаную аперацыю. Перажыць жыццёвыя цяжкасці дапамагло захапленне гісторыяй. Мужчына высветліў, што вёска Юршаны, дзе ён нарадзіўся і вырас, аказваецца, названа ў гонар яго продка Яна-Сімона Скірмонта-Юршы…
Васіль Адамавіч пацягнуў за тоненькую нітачку – і не змог спыніцца. Клубок радаслоўнай разблытаўся да дзясятага калена, а сам даведнік стаў своеасаблівай базай даных пра жыхароў усяго раёна.
Нястомны аўтар не спыняецца на дасягнутым: Васіль Адамавіч плануе выпусціць у свет яшчэ адно сваё дзецішча, кнігу пра касцёлы і ксяндзоў Ашмянскага дэканата.
Пасля прэзентацыі кожны жадаючы змог набыць кнігу з аўтографам аўтара.

-----------------------------------------
Алена ЮРКОЙЦЬ, фота аўтара.