Островчане "уважаемого возраста" принимали поздравления

Міжнародны дзень пажылых людзей ва ўсім свеце і ў нашай краіне адзначаецца 1 кастрычніка. Сімвалічна, што “залатая восень” у жыцці чалавека супадае з каляндарнай восенню… Сёлета людзі паважанага ўзросту таксама прымалі віншаванні і цёплыя словы, якія, верыцца, будуць саграваць іх сэрцы доўгімі кастрычніцкімі вечарамі.



Жыць – і не тужыць


Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня пажылых людзей, стала добрай нагодай для сустрэчы ў кінаканцэртнай зале “Астравец” ветэранаў працы, заслужаных работнікаў розных сфер, кіраўніцтва раёна, прадстаўнікоў працоўных калектываў, арганізацый і моладзі.


Такую колькасць людзей у кіназале збіраюць, напэўна, толькі зоркі. Вольных месц амаль што не было, як і тых, хто спазніўся. Відаць, прадстаўнікі старэйшага пакалення, у адрозненне ад сваіх паслядоўнікаў, больш лёгкія на пад’ём – што ж, нам ёсць з каго браць прыклад.

Людзі збіраліся ў файе за паўгадзіны да пачатку мерапрыемства. Некато рыя размаўлялі са знаёмымі ці былымі калегамі, з якімі даўно не бачыліся, а іншыя правяралі ціск – у гэтым кожнаму жадаючаму дапамагалі ўрачы-інтэрны Астравецкай цэнтральнай раённай бальніцы Кацярына Будрыца і Таццяна Яновіч.

Мерапрыемства пачалося з “пясочнай” прэзентацыі. Спрытныя рукі з дапамогай пясчынак за некалькі хвілін намалявалі на экране жыццё: філасофскую трансфармацыю ў часе дрэва і жанчыны.

Затым надышла чарга віншаванняў. Намеснік старшыні Астравецкага райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла расказаў аб мерапрыемствах сістэмы сацыяльнай абароны пажылых людзей і падзякаваў людзям старэйшага пакалення за іх працу і іх жыццё. Старшыня раённага савета ветэранаў Расціслаў Арсенцьевіч Герт узгадаў у сваім выступленні прозвішчы людзей, дзякуючы якім Астравец быў вызвалены ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, і пра шматлікія дасягненні людзей паважанага ўзросту.  Цёплыя словы віншавання таксама выказалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Наталля Уладзіміраўна Сянюць, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Віктар Іосіфавіч Ждановіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Валерый Вацлававіч Барташэвіч.

Работнікі культуры, самадзейныя артысты і народныя калектывы падарылі гледачам музычныя падарункі. З песнямі, байкамі, вершамі і музыкай у гэты дзень выступалі народны хор ветэранаў працы, “Польскае рэха Астраўца”, Капіталіна Пятроўская, Аляксандр Альховік, Аляксандр Якіменка, Дзмітрый Максімаў і Анастасія Лянцэвіч.



ЗабыТЫ?


Калі ў Міжнародны дзень пажылых людзей унукі з цёплымі словамі і падарункамі віншуюць сваіх гарадскіх і вясковых бабуль, то пажылых людзей, якія знаходзяцца на ўтрыманні ў Міхалішкаўскай бальніцы, у большасці выпадкаў няма каму віншаваць.


Менавіта з такой мэтай – каб ніхто не быў забыты – да адзінокіх жанчын і мужчын з віншаваннямі і падарункамі ў гэты дзень завіталі старшыня ра ённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Наталля Уладзіміраўна Сянюць, загадчыца аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Казіміраўна Куцько, псіхолаг Вольга Станіславаўна Клімчэня і спецыяліст па сацыяльнай рабоце Аксана Генрыхаўна Свірская.

Для кожнага з 53 жыхароў Міхалішкаўскай бальніцы госці знайшлі час, каб пагутарыць, а таксама выказаць цёплыя словы падтрымкі. Акрамя гэтага, людзі старэйшага ўзросту атрымалі салодкія падарункі, паштоўкі з віншаваннямі, цёплыя рэчы і сродкі асабістай гігіены. А Апалонія Віктараўна Буйніцкая ў гэты дзень прымала ад гасцей яшчэ і віншаванні з нагоды 90-гадовага юбілею.

У гэты дзень адзінокія людзі атрымалі таксама падарункі ад кіраўніцтва СВК “Міхалішкі”, паслухалі песні і вершы ў выкананні артыстаў мясцовага Дома культуры.


Ткаць, спяваць і вышываць умеюць у Бабраўніках


Дзякуючы збіральніцы і захавальніцы музейных скарбаў Сафіі Іосіфаўне Комар, на мінулым тыдні ў Бабраўніках адбылася цікавая вечарына-сустрэча, на якой прысутнічалі ўдзельнікі мясцовага аб’яднання “Залаты ўзрост”, раённага аб’яднання “Актыўнае даўгалецце”, прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі і госці з раёна.


Невялікая вёсачка Бабраўнікі на карце Астравеччыны адметная не толькі сваёй багатай і самабытнай бібліятэкай-музеем, але і жанчынамі старэйшага ўзросту – пявуннямі, гаспадынямі і майстрыхамі на ўсе рукі.

У вялікай зале бібліятэкі была арганізавана выстава вышываных работ мясцовых жанчын: тут і храмы, і анёлкі, і знаёмыя кожнаму з дзяцінства вясковыя краявіды… Як сціпла прызнаюцца аўтаркі гэтай рукатворнай прыгажосці Галіна Казіміраўна Мураўская і Ніна Уладзіміраўна Пташнік (на жаль, на сустрэчы не прысутнічала Вера Іванаўна Дарашкевіч), усё жыццё яны вышываюць крыжыкам. А яшчэ – спяваюць, таму што з песняй лягчэй ісці па жыцці, перажываць гора і радасць. Самабытныя, аўтэнтычныя песні і простыя жыццёвыя матывы нікога не пакінулі раўнадушным.

Аднак не толькі жанчыны старэйшага пакалення ў вёсцы багатыя на таленты. Гаспадыня вечарыны Сафія Комар з сёстрамі – і яны ўраджэнкі Бабраўнік – таксама не абдзелены Богам. Ядвіга Іосіфаўна Мяцеж прачытала ўласны верш пра маці, пранізлівы і пяшчотны, а таксама ўспомніла пра родную вёску і ўзгадала найбольш яркія моманты дзяцінства.

Сустрэча атрымалася па-сямейнаму цёплай. Кожны ў думках вярнуўся ў сваю вёску, дзе нарадзіўся, узгадаў песні матулі або бабулі. На душы панавала шчымлівая радасць, бо бабраўніцкія жанчыны змаглі ўваскрасіць у памяці кавалачак такога далёкага і шчаслівага дзяцінства.


----------------------------------------------------

Алена ГАНУЛІЧ.