Островчане помнят земляка Казимира Сваяка
Нядаўна ў ветэранскім клубе “Актыўнае даўгалецце” адбылася цікавая сустрэча. У госці да яго заўсёднікаў, што па традыці сабраліся ў чытальнай зале раённай бібліятэкі, прыехалі ксёндз Анатоль Захарэўскі, настаяцель касцёла св. Міхаіла Архангела вёскі Міхалішкі са сваёй памочніцай у гаспадарскіх справах пані Уладзіславай і Іаланта Валуевіч, да нядаўняга часу – загадчыца Спондаўскай сельскай бібліятэкі і на працягу ўсяго жыцця – дапытлівая краязнаўца, шчырая патрыётка сваёй малой радзімы. Іх з прыемнасцю прадставіла нязменная вядучая ўсіх клубных імпрэз Данута Чарнушэвіч.Але галоўным госцем, які нябачна прысутнічаў на сустрэчы, быў славуты зямляк, святар і паэт Казімір Сваяк (Канстанцін Стаповіч) і яго простыя, душэўныя вершы. Сёлета адзначаюцца 125-я ўгодкі з дня яго нараджэння, аб чым паведамляла прысутным выстава літаратурных твораў Сваяка “І свет духоўнасці не гасне”.
Імя святара і паэта Канстанціна Стаповіча і яго брата – музыказнаўцы і кампазітара, літаратара Альбіна адкрыў шырокаму грамадству другі наш знакаміты зямляк Адам Мальдзіс. Шмат цікавых звестак пра таленавітых братоў знайшоў і апублікаваў настаўнік-краязнаўца з Нарачы Іван Драўніцкі. А Іаланта Валуевіч, якая, насамрэч, даводзіцца братам Стаповічам унучатай пляменніцай, грунтоўна вывучыўшы гісторыю “Хаўрусу сваякоў”, здолела даследаваць і “расшыфраваць” усе імёны “хаўруснікаў”, якія мусілі ўзяць сабе псеўданімы. Аб сваіх пошуках і даследаваннях Іаланта Францаўна расказала прысутным, дадаўшы мультымедыйныя ілюстрацыі. А ксёндз Анатоль, які, апрача Міхалішкаўскага касцёла, адпраўляе богаслужэнні яшчэ і ў Клюшчанскім, дзе некалі вёў святую імшу Казімір Сваяк, распавёў, як беражліва парафіяне захоўваюць памяць пра святара-беларуса, што шчыра клапаціўся не толькі аб зацвярджэнні землякоў у веры хрысціянскай, але і аб іх адукацыі, культурным развіцці, аб захаванні народных беларускіх традыцый. Шануюць памяць пра Казіміра Сваяка ў Камаях на Віцебшчыне, дзе ён таксама нёс пастырскае служэнне. А нядаўна ўшанавалі і ў Астраўцы – у назве вуліцы ў новым мікрараёне.Сярод заўсёднікаў клуба таксама знайшліся прыхільнікі і знаўцы творчасці славутага земляка. Сугучнымі сэрцу назвала яго вершы мастачка-фларыст Ніна Мілаш і пранікнёна прачытала некалькі любімых вершаў, выбраных са зборніка твораў, а супрацоўніца бібліятэкі Наталля Рабцава перагартала старонкі дзённіка “Дзея маёй мыслі, сэрца і волі”. Астравецкі кампазітар Аляксандр Якіменка пазнаёміў са сваёй песняй пра Сваяка на словы Станіслава Валодзькі. А ксёндз Анатоль і яго памочніца пані Уладзіслава, як аказалася, добра ведаюць і з задавальненнем спяваюць песні, што здавён жывуць і перадаюцца ад сталых людзей моладзі на радзіме Сваяка ў вёсцы Барані, і на Клюшчаншчыне. Іх падхапілі ўсе прысутныя. І атрымаўся такі цудоўны хор! І адчулася шчырая душэўная еднасць.
Усцешыла, што кола сяброў клуба “Актыўнае даўгалецце” пашыраецца. Далучыліся нават некалькі сямейных пар. З задавальненнем адзначыла гэты прыемны факт і кіраўнік раённай структуры Беларускага Чырвонага Крыжа Вольга Руднік. Менавіта дзякуючы гэтай арганізацыі клуб паспяхова ўдзельнічае ў сацыяльным праекце “Не дай сабе спыніцца” і ўжо некалькі гадоў запар атрымлівае гранты на сваю дзейнасць. А значыць, будуць новыя цікавыя сустрэчы і імпрэзы ў ветэранскім клубе.
----------------------------------------------
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.