На областном этапе Республиканского фестиваля национальных культур островчан встречали на "ура"

У Лідскім Палацы культуры прайшоў абласны этап Рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур. Удзел у святочных мерапрыемствах прыняла і дэлегацыя Астравецкага раёна.
Рэспубліканскаму фестывалю папярэднічае абласны этап, падчас якога выбіраюцца калектывы, што прадставяць Гродзенскую вобласць на фестывалі нацыянальных культур.
21 лістапада ў Ліду адправіліся прадстаўнікі нацыянальных меншасцей нашага раёна. Польская суполка традыцыйна спявала галасамі «Польскага рэха Астраўца», а літоўцы выставілі два калектывы – «Жыльвіціс» і «Жыльвіцелес». Усе яны не раз пакаралі раённую публіку, у кожнага з іх былі свае «хвіліны славы» на абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных фестывалях. І на гэты раз астравецкіх палякаў і літоўцаў таксама сустракалі і праводзілі бурнымі апладысментамі.
– Прыемна, што гледачы заўсёды сустракаюць нас на «ўра», – дзеліцца ўражаннямі старшыня раённай арганізацыі «Саюз палякаў на Беларусі» Тэрэса Мацвееўна Мароз. – А сёлета мы радаваліся не толькі за сябе, але і за прадстаўнікоў літоўскай суполкі. Было прыемна пачуць словы адабрэння нашай дзейнасці з вуснаў старшыні журы, мастацкага кіраўніка Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору імя Г.І. Цітовіча Міхаіла Паўлавіча Дрынеўскага.
У праграму былі ўключаны не толькі конкурсныя выступленні, але і выставы майстроў народнай творчасці і прэзентацыі нацыянальных страў.

Цудоўныя вырабы, выкананыя ў тэхніцы саломапляцення, і вышыўку стужкамі прадэманстравалі ў Лідзе Вольга Тварагаль і Людміла Пратаковіч.
А пра гасціннасць астраўчан яскрава сведчылі сталы, на якіх былі выстаўлены нацыянальныя стравы палякаў: фаршыраваныя шчупак і качка, хатнія каўбасы і паляндвіцы, запечанае мяса і медавуха… А пад акампанемент песні «Беларуская гасціннасць» усё гэта здавалася яшчэ смачнейшым.
Стравы нацыянальнай кухні выставілі і беларускія літоўцы: жэмайчу блінай, кугеліс, халаднік на кефіры, бліны з морквы і пшаніцы – адарвацца ад гэтай смакаты, з густам і прыгожа аформленай, было немагчыма.
Высокая ацэнка журы яшчэ раз пацвердзіла самабытнасць нашых калектываў і дазволіла ім прыняць удзел у Рэспубліканскім фестывалі нацыянальных культур, які пройдзе ў Гродне наступным летам.
--------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.
Фота Івана ДЗЯТЛОВІЧА.
