На крыльях музыки летит душа
Не, я і спрабаваць не буду – дарэмная справа. Як ад бясконцага паўтарэння слова “халва” ў роце не становіцца салодка, так нават ад самага падрабязнага апісання непаўторнай прыгажосці Гервяцкага храма вочы не змогуць яго ўбачыць, розум – уявіць. Трэба проста паехаць туды самому – і паглядзець: на элегантную вытанчанасць яго архітэктурнага вырашэння; на ўзнёсласць шпіля, што больш за стагоддзе імкнецца прарасці ў неба; на адноўленыя старадаўнія абразы; на вітражы, у яркіх фарбах якіх купаюцца гуллівыя промні сонца; на тысячы кветак, дрэў, кустоў, што абрамляюць касцёл нібы каштоўная аправа – цудоўную пярліну...Трэба проста паехаць туды самому – і паслухаць: прыглушаныя, ледзь чутныя крокі мінулага стагоддзя, цені якога навечна застылі ў разьбе спавядніцаў; гулкую, крыху цягучую цішыню – непазбежную спадарожніцу размовы з Богам; голас аргана – магутна-усюдыісны, ад хваляў якога трымціць кожны нерв і расце, вырываецца з кокана граху душа…
Трэба проста паехаць туды самому – і да донца, да атамаў прасякнуцца: светлай памяццю пакаленняў, што больш за стагоддзе ля яго алтара шукалі збаўлення і палёгкі; тысячамі неўміручых “Ойча наш” і “Вітай, Марыя”, надзеяй, што насуперак усім злым прароцтвам жывая і сёння…
…Гервяцкія фэсты асаблівыя.
Сямейныя, бо ў дні іх правядзення вяртаюцца ў родныя гнёзды расцярушаныя па ўсім свеце сыны і дочкі мястэчка – на кожным панадворку становіцца цесна ад іншамарак, а ў ценю старых яблыняў накрываюцца сталы з разнасоламі.
Экскурсійныя – на асабістых аўто, на аўтобусах у Гервяты прыбываюць сотні жадаючых палюбавацца і храмам, і дзействам.
Гандлёвыя – амаль не адыходзячыся ад касцёла, можна набыць спрадвечныя атрыбуты фэстаў – пернікі, ледзянцы на палачках, самаробныя цукеркі, а таксама вырабы з саломкі, кераміку, драўляны інвентар, расаду гародніны, або паласавацца прысмакамі ў палатках райспажыўтаварыства.
Песенныя – да прыкладу, у мінулую нядзелю ў Гервяцкім сельскім Доме культуры гастралявалі варнянскі “Світанак”, кямелішкаўская “Кемяліна”, “Вясёлка” (ветэранскі хор), “Польскае рэха Астраўца”, два літоўскія калектывы і самадзейныя эстрадныя выканаўцы Астравеччыны.
А “ізюмінкай”… Ды што там! – брыльянтавым абрамленнем сёлетняга фэсту святой Тройцы ў Гервятах стаў удзел у Імшы хору і сімфанічнага аркестра Каўнаскага дзяржаўнага музычнага тэатра.
Здавалася б, мы ўжо пачалі прывыкаць… Пробашч касцёла ксёндз Леанід Нясцюк і арганіст, магістр музыкалогіі Андрэй Міхневіч ужо паспелі “прыстрасціць” нас да добрай музыкі – на дабрачынныя канцэрты, што рэгулярна адбываюцца ў храме, мы злятаемся, як пчолы на мёд. І ўсё ж урачыстая меса Бетховена ў выкананні каўнаскіх прафесійных артыстаў аказалася з’явай сапраўды неверагоднай па сіле ўздзеяння. Да салёнага камяка ў горле. Да страты пачуцця рэальнасці – час і прастора неяк неўпрыкмет растварыліся ў музыцы, зніклі, і запанавала іншае вымярэнне – крылатае, з ануляваным законам гравітацыі.
Геній Бетховена… Напружаны, страсны, малітоўны і невыносна трагічны… Эмацыйна-гукавая варонка, у бездань якой з кожным гукам зацягвала ўсё мацней – і ледзь удавалася перамагчы жаданне ўвайсці ў яе эпіцэнтр, уперціся нагамі ў нетры зямнога шара і ва ўсю шырыню лёгкіх, разам са спевакамі, уславіць Бога мелодыяй – адначасова і невядомай, і неад'емнай. Мелодыяй, што жыла ўва мне заўсёды. Не толькі ўва мне – у кожным. З самага пачатку. З праславутага “…і аддзяліў святло ад цемры”. І толькі глухому Бетховену было дазволена ўкаранаваць яе ў ноты…
Потым, калі Імша закончылася, выходзячы з храма, удалося перакінуцца некалькі словамі з каўнаскімі артыстамі.
–У вас тут аўра вельмі добрая, – сказала адна з літоўскіх спявачак.
– Акустыка? – паспрабавала перапытаць я.
– Ды не. Акустыка шмат дзе добрая – не яна вызначае канчатковы поспех... У вашым храме добрая менавіта аўра. Намоленасць тут адчуваецца амаль што скурай. Нам так лёгка спявалася! Як дыхалася…
Падобна, што лёгка і ўзнёсла на фэсце было ўсім – і вернікам, і святарам на чале з дэканам Здзіславам Пікулам, гаспадаром храма, ксяндзом Леанідам Несцюком і святаром з Быстрыцкага касцёла ксяндзом Казімірам Ляховічам, які цэлебраваў святочную Імшу. А яшчэ – арганісту касцёла, таленавітаму музыканту Андрэю Міхневічу – “Трыдыум” у яго выкананні не пакінуў абыякавым нікога...
– Імша, дастойная каралёў, – так сказала пра ўрачыстую Літургію мая старэйшая сястра Марыся. А малодшая Людвіка дадала: «Напэўна, так бывае ў раі»...
Нельга не зазначыць, што афіцыйны ўзровень фэсту забяспечылі з літоўскага боку новы пасол Літвы ў Рэспубліцы Беларусь Эвалдас Ігнатавічус; ад Астравеччыны на ім прысутнічаў намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла.
______________________
Ганна ЧАКУР,
фота аўтара