На Дне письменности в Щучине островчане и себя показали, и на других посмотрели
Святочныя мерапрыемствы, прысвечаныя XXII Дню беларускага пісьменства, які сёлета прайшоў у Шчучыне, стартавалі яшчэ 2 верасня з рэспубліканскай навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да Святыняў” з Благадатным Агнём ад Гроба Гасподняга.А святкаванне Дня пісьменства пачалося ў Шчучыне 5 верасня, хаця асноўныя мерапрыемствы былі прымеркаваны да 6 верасня. У гэты дзень усе дарогі ў Беларусі вялі менавіта ў Шчучын.
І горад гасцінна сустракаў гасцей: з усіх бакоў даносіліся гукі музыкі і песень, рамеснікі прываблівалі прыгожымі самаробнымі вырабамі, а гандлёвыя палаткі – пахам шашлыкоў і кавы. Дарэчы, “Астравецкая гасцёўня”, якую выставіў Астравецкі філіял Гродзенскага абласнога спажывецкага таварыства, таксама карысталася вялікім попытам у шчучынцаў і іх гасцей.
Да Дня пісьменства ў Шчучыне было прымеркавана некалькі важных падзей. Адной з такіх стала адкрыццё палаца князёў Друцкіх-Любецкіх, у якім размесцяцца Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі, краязнаўчы музей і канферэнц-зала.
– Гродзеншчына – край з багатай гісторыяй і значнымі культурнымі традыцыямі, – адзначыў падчас адкрыцця Палаца намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Лісковіч. – Наша зямля дала свету нямала выдатных дзеячаў мастацтва, якія стварылі і перадалі нам багатую духоўную спадчыну. З гэтымі людзьмі звязаны знакамітыя месцы – такімі з’яўляюцца радавыя сядзібы. Адна з іх – палац Друцкіх-Любецкіх.
Першымі наведвальнікамі палаца сталі ганаровыя госці, сярод якіх былі намеснік Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Міхаіл Русы, намеснік Главы Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ігар Бузоўскі, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Ула-дзімір Краўцоў, міністры інфармацыі, культуры і адукацыі Лілія Ананіч, Барыс Святлоў і Міхаіл Жу-раўкоў, а таксама госці і жыхары Шчучына.
З кожным годам Дзень беларускай пісьменнасці збірае ўсё большую колькасць гасцей – у тым ліку і з-за мяжы. А гэта значыць, што беларуская мова і літаратура прызнаюцца ва ўсім свеце. Сёння кнігі беларускіх пісьменнікаў і паэтаў выдадзены на 17 мовах свету, а гасцямі Дня беларускага пісьменства сталі прадстаўнікі 15 краін.
Падчас урачыстага адкрыцця Дня беларускага пісьменства ў Шчучыне прайшла яшчэ адна значная падзея: упершыню адбылося ўручэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі.– Да таго, як кніга ўбачыць свет, яна нараджаецца ў думках і марах пісьменніка, паэта. Кнігі адлюстроўваюць нашу гісторыю і сучаснасць. І вельмі важна цаніць і любіць нашу літаратуру. А сведчаннем таго, якую ўвагу і клопат пра беларускіх аўтараў праяўляе дзяржава, стала ў гэтым годзе прысуджэнне Нацыянальнай літаратурнай прэміі, – сказала, пачынаючы цырымонію ўзнагароджвання, міністр інфармацыі Лілія Ананіч.
Шэсць аўтараў, у лік якіх трапілі Уладзімір Саламаха (проза), Тамара Краснова-Гусачэн-ка (паэзія), Міхаіл Шыманскі (публіцыстыка), Ганна Скаржынская-Савіцкая (творы для дзяцей), Дзяніс Марціновіч (крытыка і літаратуразнаўства) і Наталля Голубева (драматургія), сталі намінантамі першай Нацыянальнай літаратурнай прэміі.Святочны настрой панаваў па ўсяму Шчучыну. На галоўнай сцэне прайшлі выступленні зорак беларускай эстрады і мастацкіх калектываў Гродзенскай вобласці. На маладзёжнай пляцоўцы можна было ўбачыць “жывых” беларускіх класікаў: у рамках праекта “Жывая гісторыя” на свята “завіталі” Францыск Скарына і Мікола Гусоўскі, Эліза Ажэшка і Алаіза Пашкевіч. Тут жа размясціўся перасоўны аўтобус-кінатэатр гістарычнага маршрута “Памяць у граніце”.
Дзяцей вабілі дзіцячыя пляцоўкі, дзе можна было не толькі паназіраць за выступленнямі сваіх ад-нагодкаў, але і стаць непасрэднымі ўдзельнікамі акцый і конкурсаў.На плошчы Свабоды праходзіў фестываль кнігі і прэсы: тут разгарнуліся экспазіцыі, прысвечаныя 70-годдзю Вялікай Перамогі і 500-годдзю беларускага кнігадрукавання; прываблівалі выставы самаробнай кнігі і павільён СМІ Гродзеншчыны, паштовы падворак і экспазіцыі перыядычных выданняў “Советская Белорусия” і “Звязда”, выніковая выстава рэспубліканскага конкурсу “Фота Беларусі” і святочны гандаль друкаванай прадукцыяй.
А на сцэнічнай пляцоўцы, змяняючы адзін аднаго, на сцэну выходзілі вядомыя і пачынаючыя паэты, пісьменнікі, літаратуразнаўцы, кампазітары і выканаўцы з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Апладысменты гледачоў атрымаў і астравецкі кампазітар і выканаўца Аляксандр Якіменка, які падарыў святочнаму Шчучыну свае песні.
Тут жа прайшлі прэзентацыі рэспубліканскіх і рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі. Сярод іх яркім выступленнем стала прэзентацыя “Астравецкай праўды”, падрыхтаваная супрацоўнікамі газеты і яе пазаштатнымі аўтарамі, якія сталі ўдзельнікамі рэдакцыйнага конкурсу “Прыпеўкай звонкай пра нашу раёнку”, а таксама супрацоўнікамі Астравецкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Вікторыяй Касцюк, Анастасіяй Мажэйка і Юрыем Інаровічам.
Вабіў і горад майстроў, на якім выставілі свае рукатворныя вырабы і вядомыя астравецкія рамеснікі Пётр Праўко і Генрых Саленік, Аксана Вакуліч і Віялета Бернатовіч, Ганна Петрык і Алена Малышава, якая, дарэчы, праводзіла яшчэ і майстар-клас па саломапляценні. А Дзіяна Ендза стала яшчэ і ўдзельніцай конкурсу “Папяровы вернісаж”. За чатыры гадзіны яна не толькі зрабіла пано, прысвечанае Дню беларускага пісьменства, але і стала ўладальніцай Дыплома ІІІ ступені ў намінацыі “Сучасныя вырабы з паперы”.
Астраўчане “засвяціліся” і на тэатральнай пляцоўцы – тут прайшоў паказ спектаклю Астравецкага народнага тэатра, які прадставіў “Калядны вечар” Ніны Рыбік.Словам, у гэты дзень у Шчучыне кожны мог і сябе паказаць, і на іншых паглядзець. Было б жаданне і добры настрой!



---------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
Фота Антона МАЛЬШЭЎСКАГА.
