Гудогайские школьники приняли участие в Международной акции по чтению поэмы Якуба Коласа

У 2015 годзе Беларусь адзначае 90-годдзе выдання ліра-эпічнай паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”, якая разам з “Новай зямлёй” займае адметнае месца ў жыцці і творчасці пісьменніка. Думаю, што многія яшчэ са школы памятаюць урывак з паэмы “У яго быў свет цікавы…” пра галоўнага героя твора, пра яго асаблівае бачанне навакольнага свету і незвычайныя здольнасці.
Да юбілейнай даты 4 снежня 2015 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа запрасіў усіх, хто любіць, хто чытае, хто захапляецца паэтычнымі скарбамі аўтара да ўдзелу ў Міжнароднай акцыі “Чытаем паэму “Сымон-музыка” разам”. Удзел у акцыі прынялі музеі Расіі, Латвіі, Літвы, Украіны, Цэнтральная бібліятэка г. Валгаграда.
Не маглі застацца ўбаку ад такой значнай паэтычнай падзеі і вучні Гудагайскай сярэдняй школы разам з настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры І.М. Жалток і Т.А. Ярмаковіч. Для ўдзелу ў акцыі неабходна было ўзяць з сайта музея паштоўкі з урыўкамі паэмы на беларускай мове з ілюстрацыямі беларускіх мастакоў Барыса Заборава і Мікалая Селешчука. Урывак, які закрануў душу і ўнутранае адчуванне, вучні чыталі сваім аднакласнікам і педагогам. У час правядзення акцыі школьным бібліятэкарам С.І. Грыва была арганізавана выстава твораў пісьменніка, І.М. Жалток нагадала вучням значныя даты з біяграфіі пісьменніка. Галоўным атрыбутам паэтычнай імпрэзы стала скрыпка – музычны інструмент Сымона-музыкі. У вобразе галоўнага героя паэмы гарманічна выглядаў вучань 7 класа Аляксандр Статкевіч, а Вераніка Баршчэўская артыстычна выканала ролю Ганны, сяброўкі Сымона. Фотасправаздача з нашага мерапрыемства цяпер размешчана на афіцыйным сайце Дзяржаўнага музея Якуба Коласа і на старонках у сацыяльных сетках. “Прыемна, цудоўна, карысна”, – гэтыя словы яскрава характарызуюць выніковасць удзелу ў акцыі. Адметна тое, што юбілей знакамітай паэмы адзначаецца ў Год моладзі, таму што яна з’яўляецца своеасаблівым гімнам маладым людзям, іх памкненням, талентам і марам.
--------------------------------
Жанна Янцэвіч, намеснік дырэктара Гудагайскай СШ.
