Год культуры и налоговая политика - эти темы рассмотрели на очередном дне информирования населения в Островецком районе

информирование ВерсоцкийГод культуры і асноўныя накірункі падатковай палітыкі – тэмы, якія былі разгледжаны падчас адзінага дня інфармавання ў нашым раёне.

Удзел у дні інфармавання прыняў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Наталля Уладзіміраўна Сянюць, намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Астравецкім раёне Алена Генадзьеўна Пілецкая, дырэктар МПМК-158 Ігар Міхайлавіч Сцешанок, старшыня Варнянскага сельвыканкама Аляксандр Часлававіч Вярбовіч і галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Тэрэса Браніславаўна Памецька.
Першымі інфармацыйна-прапагандысцкую групу сустракалі ў фае раённага Дома культуры – тут сабраліся калектывы МПМК-158, РУП ЖКГ і работнікі культуры Астравеччыны.
Пазнавальна і яскрава пра мерапрыемствы, запланаваныя ў Год культуры, расказаў першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі. Ён нагадаў, што ў 2015 годзе таксама прайшоў шэраг цікавых, у тым ліку і на Астравеччыне, мерапрыемстваў, і запэўніў, што бягучы год будзе не менш цікавым і запамінальным.
информирование Версоцкий1Так, пачатак 2016 года ўжо азнаменаваўся важным мерапрыемствам у культурнай сферы: у Гродне прайшло ўручэнне прэміі імя Аляксандра Іосіфавіча Дубко “За творчыя дасягненні ў галіне культуры і мастацтва”, уладальнікам якой стала жыхарка Астравеччыны Марыя Юльянаўна Мажэйка. І на працягу года пройдзе шэраг значных акцый, святаў і мерапрыемстваў. Як і раней, шмат увагі ўдзелена захаванню і папулярызацыі культурна-гістарычнай спадчыны нашай краіны, а ў планах работы школ з’явіўся раздзел “Культурная субота”. Увага будзе ўдзяляцца здароваму ладу жыцця і культуры сямейнага выхавання ўсіх жыхароў нашай краіны. Словам, пачуць і паглядзець можна будзе шмат чаго цікавага.
Аляксандр Людвігавіч гаварыў на чысцейшай беларускай мове цікава і даступна.
Проста і зразумела расказала жыхарам раёна пра змяненні ў падатковым заканадаўстве ў 2016 годзе намеснік начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Астравецкім раёне Алена Генадзьеўна Пілецкая. Яна нагадала тым, хто сабраўся ў зале, пра асноўныя накірункі падатковай палітыкі, а таксама звярнула ўвагу сабраўшыхся на правільнае запаўненне дэкларацый і дэкрэт Прэзідэнта краіны аб сацыяльным утрыманстве.
– Падатковая служба – партнёр грамадзян, якія ў час плацяць падаткі. І калі кожны жыхар нашай краіны будзе прытрымлівацца правіла “Жыць мудра – працаваць праўдзіва”, то ніякіх праблем з падатковымі органамі ў яго не ўзнікне, – упэўнена Алена Генадзьеўна.
У гэты ж дзень інфармацыйна-прапагандысцкую групу сустракалі і ў аграгарадку Варняны – ва ўтульнай зале сельскагаспадарчага кааператыва сабраліся яго работнікі, а таксама педагогі і тэхработнікі Варнянскага і Варонскага НПК.
Напрыканцы мерапрыемства начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Наталля Уладзіміраўна Сянюць падзякавала супрацоўнікам СВК “Варняны” і педагогам за актыўны ўдзел у шматлікіх раённых конкурсах, якія праходзілі ў мінулым годзе, і запрасіла стаць удзельнікамі мерапрыемстваў рознага ўзроўню бягучага года.
У гэты ж дзень кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый і іх намеснікі правялі дні інфармавання ў сваіх калектывах.
Падчас візіту на Астравеччыну Аляксандр Людвігавіч Вярсоцкі наведаў новы будынак рэдакцыі раённай газеты, дзе адбылася канструктыўная размова па яе далейшым развіцці.

----------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.