Фонд Гервятской библиотеки пополнился новой книгой Ричарда Белячица

белячицФонд паэзіі Гервяцкай сельскай бібліятэкі-цэнтра нацыянальных культур папоўніўся новымі кнігамі, які падарыў чытачам бібліятэкі наш зямляк, паэт, пісьменнік, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, аўтар зборнікаў паэзіі “Лагодны промень раніцы” (калектыўная праца), “Прасветлінка”, “Міг выратавання”, “Вочы малітвы”, “Святлом і ценем”, “Помню, што жыву” Рычард Бялячыц.

Ураджэнец Стаўбуроў Астравецкага раёна, Рычард Бялячыц зараз жыве ў Шчучыне, працуе ў раённай газеце “Дзянніца”.
“З удзячнасцю і пажаданнем паспяховасці ў жыцці”, – такі аўтограф пакінуў аўтар для чытачоў Гервяцкай бібліятэкі ў новым зборніку “Споведзь накцюрна”, у які ўвайшлі вершы і паэма “Сонечны брод”, напісаныя паэтам у маі-чэрвені 2014 г.
Чатыры часткі зборніка – “Вяртанне пчалы”, “Дзе светла так”, “Свет дзівасілу”, “Час дзянніцы” – аб’ядналі вершы, прасякнутыя любоўю да роднага краю, тэмамі шчасця і кахання. Абвостраная гадамі памяць запрашае чытача да шчырасці ў роздуме і перажываннях.
Паэма “Сонечны брод” прысвечана маці, якая нібыта становіцца працягам жыцця самага дарагога для паэта чалавека. Кніга “Котранскі нераст” – значна дапрацаваны тапанімічны аповед пра Котру (ранейшая назва “На радзіме Котры”), прысвечана роднай зямлі, што раскінулася ўздоўж ракі Котра. Яна – спроба аўтара ахапіць тапанімічнае багацце не вельмі далёкага мінулага і нашага сучаснага шляхам запісу і аналізу ўспамінаў старажылаў, мастацкай апрацоўкі асобных легенд і паданняў. Тры часткі кнігі ўвабралі ў сябе падзеі, факты, імёны і назвы прыкотранскіх мясцін ад пачатковай крыніцы да ўпадзення ракі ў Нёман.
Чуецца шчырая любоў чалавека да непаўторных мясцін і вялікая прага захаваць фальклорна-гістарычныя набыткі для нашчадкаў.
“Помню, што жыву” – лірычны маналог паэта пра былое і сучаснасць нашай Бацькаўшчыны, філасафічны роздум пра сэнс жыцця, каханне і духоўнасць, прыроду роднага краю, жыццёвыя назіранні. Успамінае аўтар і маленькую радзіму ў вершах “Астравец”, “Насустрач”,“Радзіма” і інш.
У паэме “І мовіць слова”, шмат у чым аўтабіяграфічнай, паэт узгадвае дзяцінства, юнацтва, спеў маці, якой “бацька меў ахвоту ёй даспяваць прыпеў дапамагчы”, знаёмых, мясціны, дзе жыў.
Кнігі нашага земляка Р. Бялячыца карыстаюцца попытам у чытачоў як Гервяцкай бібліятэцы, так і бібліятэк Астравецкага раёна.

--------------------------------------
С. Ялоўская, метадыст аддзела маркетынгу ДУК “Астравецкая раённая бібліятэка”.