Два спектакля представит на островецкой сцене Республиканский театр белорусской драматургии
1 кастрычніка ў Астравец прывязе свае лепшыя пастаноўкі адзін з самых знакамітых і тытулаваных тэатраў рэспублікі.У астраўчан з’явілася магчымасць схадзіць у тэатр, не выязджаючы са свайго горада. Для маленькіх жыхароў творчы калектыў тэатра падрыхтаваў спектакль “Гісторыя двух сабак”. Дарослым, думаецца, прыйдзецца даспадобы камедыя “Адамавы жарты”.
У “Гісторыі двух сабак” у парку сустракаюцца лабрадор Дунай і французская бульдожка Булька. Іх у розныя часы прывезлі сюды гаспадары і кінулі. Напярэдадні прыходу зімы сабакі хочуць знайсці сабе новых гаспадароў, але ж гэта вельмі няпроста, бо ў горадзе шмат злых і небяспечных людзей. Нягледзячы на цяжкасці, Дунай і Булька вераць у тое, што іх дабрыня і адданасць абавязкова каму-небудзь будуць патрэбныя. А ў тых, хто верыць, заўсёды ўсё заканчваецца добра.
Сустрэча са знакамітымі беларускімі акцёрамі, нечаканыя сюжэтныя павароты, тонкі гумар, шмат музыкі і пластыкі – усё гэта гарантавана астраўчанам падчас спектакля “Адамавы жарты”. Муж і жонка – Саўка і Марыся – шмат чым нагадваюць біблейскіх Адама і Еву. Яны маладыя, прыгожыя і працавітыя. Жывуць у любові і згодзе, старанна вядуць хатнюю гаспадарку. Усё ішло сваёй чаргой, пакуль не з’явіўся Чорт, якому, як вядома, абавязкова трэба ўсё сапсаваць і ўсіх перасварыць…
Да слова, кошт білетаў на пастаноўкі ў Астраўцы значна ніжэйшы, чым у сталіцы. На дзіцячы сеанс ён складае 30 тысяч рублёў. Білеты можна набыць у касе кінаканцэртнай залы “Астравец“ з 29 верасня.Пачатак дзіцячага спектакля “Гісторыя двух сабак” а 12 гадзіне.
Да свята пажылых людзей Астравецкі раённы выканаўчы камітэт, аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі дораць жыхарам Астравеччыны магчымасць завітаць на спектакль Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі «Адамавы жарты».
Спектакль адбудзецца 1 кастрычніка ў 17 гадзін у кінаканцэртнай зале «Астравец». Уваход свабодны. Запрашаем усіх жадаючых!
Тэатр чакае вас!
