Чем порадует островчан фестиваль "Скарбы Гродзеншчыны"
Упершыню ў нашым райцэнтры пройдзе рэгіянальны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, які адбудзецца 26 верасня. Многія астраўчане бачылі аб’яву аб гэтай падзеі ў раённай газеце і на сайце. Мы ж вырашылі капнуць яшчэ глыбей і даведацца, чаго чакаць ад фестывалю, што гэта за “скарбы” і дзе іх шукаць. За адказамі на гэтыя і іншыя пытанні звярнуліся да арганізатараў мерапрыемства – начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама Наталлі Уладзіміраўны Сянюць.– Раскажыце, што гэта за фестываль і чаму ён будзе праходзіць менавіта ў Астраўцы?
– Ушанаванню і развіццю традыцыйнай культуры ў нашай краіне надаецца вялікая ўвага. Захаваць нашу спадчыну – цікавыя народныя традыцыі і абрады – адна з галоўных задач сучаснага пакалення. Гродзеншчына, у тым ліку і Астравецкі раён, могуць пахваліцца рознымі відамі і жанрамі традыцыйнай культуры: фальклорам (песенным, музычным, танцавальным), рамёствамі, рэгіянальнымі касцюмамі, традыцыйнымі стравамі, – і таму ў 2013 годзе галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама вырашыла даць пачатак новаму творчаму праекту “Скарбы Гродзеншчыны”, каб кожны аматар народнай творчасці мог прадэманстраваць свой талент. Праходзіў фестываль у Лідзе і аграгарадку Гудзевічы Мастоўскага раёна, сёлета ён “пераедзе” на Астравеччыну.
– Значыць, астраўчан чакае своеасаблівы этнафестываль. А што абяцае праграма?
– На працягу дня будуць працаваць некалькі пляцовак. Хочацца адзначыць, што да нас прыедуць майстры народнай творчасці з усіх рэгіёнаў Гродзенскай вобласці. Кожны раён выставіць свае падворкі, якія будуць размяшчацца ў лесапаркавай зоне і ўдзельнічаць у конкурсе “Бацькоўскую спадчыну захаваем на вякі”. Там будзе працаваць горад майстроў, адкрыюцца выставы ўнікальных вырабаў, адбудзецца дэманстрацыя народных касцюмаў і абрадаў, дэгустацыя традыцыйных страў – пра ўсё расказаць немагчыма, лепш прыйсці і ўбачыць. Астраўчане змогуць не толькі атрымаць эстэтычнае задавальненне, але і набыць сабе штосьці цікавае на памяць – такім чынам яны змогуць захаваець для сябе кавалачак “Скарбаў Гродзеншчыны”.
– Вы сказалі пра некалькі пляцовак…
– Так, галоўная, дзе будуць працаваць падвор’і, размесціцца ў лесапаркавай зоне. А непадалёк гарадскога стадыёна будзе дзейнічаць пляцоўка для дзяцей. Акрамя цікавых атракцыёнаў і прысмакаў, тут будзе праходзіць забаўляльная праграма – маленькія наведвальнікі свята змогуць паўдзельнічаць у розных гульнях і атрымаць за гэта прызы. Асаблівасць гэтага мерапрыемства – беларускія народныя гульні, пра якія, мабыць, не кожны і дарослы ведае.
– Ніводзін фестываль не абыходзіцца без песень і танцаў…
– Канешне, таму сцэна летняга амфітэатра таксама не будзе пуставаць. Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю тут пачнецца гала-канцэрт пераможцаў абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. Да нас прыедуць лепшыя музычныя прадстаўнікі фальклорнага і народнага стыляў Гродзенскай вобласці. А затым адбудзецца канцэрт творчых калектываў Астравецкага раёна “Дух продкаў жыве ў нашых сэрцах” – прысутных парадуюць непаўторнымі нумарамі выканаўцы Астравеччыны. Словам, на сцэне будзе панаваць творчасць, шчырасць і музыка.
– Склалася добрая традыцыя, што на розныя ўрачыстасці ў Астраўцы выступаюць вядомыя прадстаўнікі беларускай эстрады. А каго чакаць на свята беларускай культуры?
– На фестываль мы запрасілі сталічны этнагурт “PAWA” – надзвычай харызматычны, таленавіты і вясёлы калектыў, які спалучае этнічныя і сучасныя электронныя інструменты і выконвае даўнейшыя беларускія песні ў новай апрацоўцы. Словам, народныя традыцыі будуць прадстаўлены ў арыгінальным гучанні.
Наогул, падчас фестывалю чакаецца шмат цікавага. Абавязкова прыходзьце – каб адпачыць і дакрануцца да сапраўдных скарбаў!
Марына МАЦКЕВІЧ.
