Благотворительный концерт органной и вокальной музыки прошёл в Гервятском костёле

Напэўна, усё ж нездарма дні памінання продкаў – Дзень Усіх Святых у каталікоў і Усяленская Дзімітраўская памінальная субота ў праваслаўных – адзначаюцца менавіта ў лістападзе, на мяжы лета, што пульсуе сакавітай прагай жыцця, і скамянелай у халодным сне зімы. У гэты час, калі зямля, адкрасаваўшы, прыняўшы ў сваё ўлонне жыццядайнае семя, узрасціла новае жыццё, аддала яму ўсе свае сокі і красу – і зараз прагне спачыну і сну, жыццё бачыцца іншым – гэтак жа па-рознаму глядзяць на яго юная дзяўчынка і ўбеленая сівізной бабуля… У змрочныя лістападаўскія дні, імгненна-кароткія, як знічка, калі шэрае ніцае неба ляжыць на плячах, прыціскаючы стомленага, як і прырода, чалавека да зямлі, і ў бясконца-доўгія вечары і ночы, калі не грэюць цёплая коўдра і полымя каміна, міжволі ўзгадваюцца тыя, хто некалі саграваў адным словам ці позіркам, цяплом сваёй душы, дзяліўся хлебам, песняй і самім жыццём – а зараз пакінуў нас, мітуслівых, дзеля спакою і жыцця вечнага… І духоўная повязь з імі становіцца амаль што фізічнай, а трапяткі агеньчык свечкі, што самаахвярна спрабуе хоць на імгненне прасвятліць непраглядную цемру і сагрэць сцюдзёнае паветра, – нібы пульсуючы агонь іх душаў, якія імкнуцца дапамагчы сваім блізкім і адтуль, з нябачанага нікім з жывых, невядомага, таямнічага, прыцягальнага “таго” свету – як партал яднання паміж намі і імі, у прывідным святле якога мы можам бачыць, чуць, разумець тых, хто ўжо не можа прытуліцца і сказаць: “Не бойся, я  – з табой…”

А яшчэ такім парталам у гэтыя святыя дні становіцца музыка. І нездарма менавіта ў лістападзе Гервяцкі касцёл Святой Тройцы традыцыйна ладзіць дабрачынны канцэрт арганнай і вакальнай музыкі…

…Калі гук аргана, выпырхнуўшы з-пад пальцаў Аляксандра Музыкантава, працінае прастору, вырываецца з велічнага гатычнага касцёла і бесперашкодна ляціць у космас, – перастаюць існаваць час і прастора.

…Калі Андрэй Міхневіч спявае Псалмы па памерлых – ты не проста бачыш лікі сваіх такіх блізкіх, ды зараз недасягальна далёкіх родных людзей – размаўляеш з імі на зразумелай табе і ім мове, амаль фізічна адчуваеш цёплы дотык іх душ – і перастаеш заўважаць настыўшае паветра…

…Душа ўзмывае ў неба на крылах магутнага сапрана Таццяны Глазуновай – і ва ўнісон з цёплым і чыстым, як сляза маці, голасам Марыі Шабуня просіць-спявае-прамаўляе – “Аве, Марыя!”…

…А калі алмазнае гучанне аргана філігранна аздабляе труба Дзмітрыя Мележа – душа абмываецца слязамі ачышчэння, замірэння – з людзьмі і са светам, і невыказнай, абсалютнай, безумоўнай любові да ўсіх і ўсяго, што стварыў усемагутны Бог…

Касцёл перапоўнены: акрамя трохсот месцаў “у лаўках”, пастаўлены дзвесце прыстаўных крэслаў – і ўсе яны занятыя. Сярод гледачоў (не, усё ж хутчэй – слухачоў, а можа нават – саўдзельнікаў) гэтага музычнага дзейства не толькі жыхары Астравеччыны, для якіх традыцыйны лістападаўскі канцэрт у Гервятах – як ачышчальная споведзь перад Богам, сваімі продкамі і самім сабой: шмат гасцей з розных гарадоў Беларусі, з Расіі і Літвы. І цішыня ў перапоўненым касцёле такая, што, калі заплюшчыць вочы, здаецца: ты застаўся адзін ва ўсім свеце – сам-насам з музыкай, якая вядзе цябе, як праваднік, у Сусвеце.

Моцарт, Бах, Гендэль, Альбіоні, Маррыконі – сямнаццаць музычных інструментальных і вакальных твораў сталі для тых, хто прыйшоў-прыехаў у той дзень у Гервяты, не проста знаёмствам з шэдэўрамі класічнай музыкі, а момантам ісціны… Да ўжо добра вядомых і любімых пастаяннымі гасцямі “гервяцкіх музычных вечароў” выканаўцаў: лаўрэата міжнародных музычных конкурсаў, магістра музыкалогіі, саліста Белдзяржфілармоніі, арганіста і піяніста Аляксандра Музыкантава, лаўрэата міжнародных конкурсаў, салісткі Нацыянальнага акадэмічнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі пад кіраўніцтвам М. Фінберга вакалісткі Таццяны Глазуновай і магістра музыкалогіі, бакалаўра культуры і гісторыі музыкі, арганіста і вакаліста Гервяцкага касцёла Святой Тройцы Андрэя Міхневіча  – дадаліся “навічкі”. Безумоўным упрыгожаннем канцэрта, цудоўнай аздобай да прызнанага таленту любімых удзячнымі слухачамі “мэтраў” сталі юныя, але не меньш таленавітыя – вакалістка, лаўрэат міжнароднага конкурсу Марыя Шабуня і трубач Дзмітрый Мележ. Ах, як гучала, як змякчала і філіграніла магутны голас аргана труба Дзмітрыя – пакуль яшчэ студэнта, а ў будучым, думаецца, вялікага майстра! І як супакойвала, люляла, пяшчоціла душу мяккае сапрана Марыі – напэўна, менавіта такім голасам размаўляла са сваім любімым сынам Маці Божая…

…Сёлета традыцыйны канцэрт у Гервятах адбываўся ў дзень памяці святой Цэцыліі. Думаецца, патронка духоўнай і касцельнай музыкі, выява якой адлюстравана на адным з вітражоў Гервяцкага касцёла, у гэты дзень была вельмі ўсцешана…

А мо і яна сама незаўважна для іншых датыкнулася тонкімі лёгкімі пальчыкамі да клавішаў аргана ці трубы, нячутна далучыла свой голас да сола вакалістаў? Бо як інакш можна растлумачыць, што звычайныя зямныя людзі, хай сабе і вельмі таленавітыя, на звычайных інструментах, зробленых рукамі простых смяротных, выконваюць творы кампазітараў, якім таксама нішто чалавечае было не чужое, –  ды так, што музыка выходзіць за межы зямнога існавання і становіцца парталам для стасункаў з Сусветам?


Ніна РЫБІК.