Библиотекари района отметили свой профессиональный праздник
Напярэдадні Дня бібліятэк Рэспублікі Беларусь, які сёлета адзначаўся 15 верасня, у кінаканцэртнай зале “Астравец” прайшло ўрачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да 35-годдзя стварэння цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы на Астравеччыне. Свята сабрала спецыялістаў гэтай галіны, гасцей і сяброў.Урачыстае мерапрыемства распачалося з сустрэчы з паэтам Леанідам Дранько-Майсюком і бардам Эдуардам Акуліным. Дарэчы, сталічныя госці не раз прыязджалі на літаратурныя сустрэчы з астравецкімі чытачамі па запрашэнні дырэктара ЦБС Наталлі Уладзіміраўны Ачарэтавай.
Шлях да паэзіі і пасады рэдактара мастацка-літаратурнага часопіса “Верасень” у Эдуарда Акуліна пачаўся менавіта са школьнай бібліятэкі. А ў васьмігадовым узросце будучы паэт пазнаёміўся з сельскай бібліятэкай. Усіх прысутных у зале бард “частаваў” вершамі і ўласнымі песнямі.
А Леанід Дранько-Майсюк заўважыў, што з трыяды “бібліятэкар-пісьменнік-настаўнік” пачынаецца выхаванне падрастаючага пакалення і на плечы менавіта гэтых людзей ускладзена важная місія – прывіць любоў да слова і мовы. Чытаннем вершаў са сваёй новай кнігі паэт паказаў, што паэзія можа быць не толькі лірычнай, але і гумарыстычнай.
На перапынку, пакуль сталічныя паэты падпісвалі свае кнігі і дыскі, кожны жадаючы мог пазнаёміцца з выставай рэчаў, зробленых рукамі бібліятэкараў. Плеценыя з газет кошыкі, бліскучыя дрэвы з бісеру, вышыванкі, саламяныя куфэркі, стракатыя бутэлькі, аформленыя ў тэхніцы дэкупаж, вышыўка стужкамі, вязаныя рэчы, выпечка – нават самая заядлая гаспадыня і рукадзельніца засталася б уражанай: прафесіяналізм, хоць і аматарскі, але на высокім узроўні.
…Тым часам на вялікім экране змяняліся кадры відэафільма аб супрацоўніках і ветэранах бібліятэчнай сістэмы. Дырэктар ЦБС Наталля Уладзіміраўна Ачарэтава расказала, што Астравецкая цэнтральная бібліятэчная сістэма зараз налічвае 22 бібліятэкі, дзе працуюць 52 спецыялісты. У бібліятэчных фондах налічваецца 312 тысяч выданняў, у тым ліку аўдыё- і электронных кніг.
За гэты час змяніўся “твар” бібліятэк і павысіўся ўзровень адукацыі спецыялістаў. Аднак закладзеныя 35 гадоў назад традыцыі не страцілі і цяпер сваёй актуальнасці.
Шмат гадоў працы аддалі Астравецкай бібліятэчнай сістэме Тамара Аляксееўна Кісель, Яся Станіславаўна Дудко, Яніна Браніславаўна Мяшкова, Галіна Сільвестраўна Замара, Людміла Юліянаўна Пазлевіч, Валянціна Ўладзіміраўна Ражко, Валянціна Аляксандраўна Касцечка, Тамара Францаўна Страцэўская.
Данута Францаўна Чарнушэвіч, былы загадчык раённага аддзела культуры, таксама пачынала сваю працоўную кар’еру з пасады бібліятэкара, пагэтаму ёй, як нікому іншаму, вядомы ўсе тонкасці гэтай прафесіі. Жанчына адзначыла, што кнігі, як бацькі і настаўнікі, вучаць дабру. А ад бібліятэкара залежыць, у якім напрамку будзе рухацца чытач.
Словы віншавання з нагоды прафесійнага свята атрымала і малады спецыяліст Ніна Віктараўна Бабойць.
Традыцыйна ў бібліятэчнай справе працуюць жанчыны. А вось у Дайлідскай бібліятэцы гэтай справай займаецца мужчына – Дзмітрый Максімаў. Ён прадэманстраваў свае шматлікія таленты: выканаў песню “Домік вокнамі ў сад” і прачытаў уласны верш “Бібліятэчныя дзяўчаты”.
Супрацоўнікі раённай і сельскіх бібліятэк спявалі, чыталі свае вершы і ігралі на сцэне, як прафесійныя акцёры. Сцэнічныя замалёўкі з працоўных будняў бібліятэкара не пакінулі нікога раўнадушным.
Ведаеце, як удыхнуць другое жыццё ў прачытаныя ўжо газеты і часопісы? Не? А вось Людміла Баляславаўна Міжыгурская ведае. Сваю летнюю калекцыю адзення жанчына стварыла спецыяльна да прафесійнага свята.
Словы ўдзячнасці і віншаванні з нагоды Дня бібліятэк ад імя чытачоў выказала Алена Аляксандраўна Качан.
…Камп’ютарызацыя зараз усё больш пранікае ва ўсе сферы жыцця: цяпер патрэбны раман або аповесць можна за некалькі хвілін “спампаваць” з інтэрнэту.
А можна пайсці ў бібліятэку, каб адшукаць сярод мноства кніг свой томік. Узяць яго ў рукі, пагартаць старонкі, удыхнуць водар той эпохі, пачуць галасы герояў. І проста цёпла ўсміхнуцца міламу бібліятэкару – захавальніку кніжных скарбаў.
----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Аляксандра ЮШЧУКА.
