Жизнь в служении Богу и людям сестры Аполлонии

На ўрачыстай святой Імшы з нагоды 75-годдзя манаскага жыцця ў законнай супольнасці Дачок Беззаганнай Марыі сястры Апалоніі Сінкевіч у касцёле св.Мікалая ў Свіры 10 чэрвеня 2012 арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч адзначыў, што такія людзі, як сястра Апалонія, падобны да грамнічнай свечкі, якую мы запальваем ва ўрачыстасць Ахвяравання Пана як знак нашай веры. І сястра з’яўляецца такой свечкай для людзей.

















Калі сястра Апалонія пачула пра мэту нашага візіту, адразу ж усплёснула рукамі: “А людцы! Ну чаму, чаму ніхто не займецца яго бэатыфікацыяй? Ды ксяндза Вайцяхоўскага яшчэ пры жыцці святым называлі!” І з вачэй жанчыны проста пасыпаліся слёзы – такія буйныя, такія шчырыя, што напачатку я нават разгубілася. А потым стала невыносна сорамна ад сваёй бездапаможнасці.
– Ды што ж я магу? Хіба плакаць разам за Вамі, бо гэта мне таксама баліць, – ціха прамовіла я.
– А чаму ты не можаш? – аптымістычна ўсклікнула сяброўка. – Ты напішы – і, дасць Бог, прачытае той, хто можа і павінен гэта зрабіць!

…Сястра Апалонія Сімеона Сінкевіч нарадзілася 16 чэрвеня 1918 года ў в. Стукі каля Адуцішак (Літва). Ксяндза Адама Вайцяхоўскага яна не проста памятае – ён адыграў вялікую ролю ў яе пакліканні і пошуках духоўнай дарогі, вызначыў далейшы жыццёвы шлях. І яна па сённяшні дзень яму за гэта ўдзячна.
“Да нас святы ксёндз едзе!” – так гаварылі ў мястэчку, чакаючы маладога ксяндза Адама. Пасля заканчэння духоўнай семінарыі ў Вільні яго адразу накіравалі працаваць спачатку на некаторы час у Начу (пад Вільняй), затым ненадоўга ў Мэйшаголу і пасля – у Адуцішкі.
Ксёндз Адам адразу ж узяўся за працу з вялікім энтузіязмам і маладым запалам. Парафія ў Адуцішках была вялікая – каля 9 тысяч чалавек. Ходзячы па калядзе, святар запрасіў дзяўчат з кожнага дома на сустрэчу ў дзень святой Агнешкі 21 студзеня 1934 года. Гэта быў год Хрыста Пана, і святар прапанаваў дзяўчатам прыняць удзел у адарацыі нашага Госпада. Маладых людзей было многа, і ксёндз Вайцяхоўскі хацеў, каб была нястомная малітва моладзі. І добра, каб кожны змог што-небудзь ахвяраваць у якасці ўзнагароды Госпаду за яго міласць. Але, як ён зазначыў, гэта павінна быць таямніцай, пра гэта павінны ведаць толькі ты – і Езус. Не абавязкова кленчыць у касцёле і маліцца напаказ, каб усе бачылі і хвалілі. Можна дома, можна нават перед зачыненымі дзвярыма касцёла, у бабінцы – Езус кожнага пачуе і выслухае.
Як толькі 16-гадовая Апалонія пачула, што гэта таямніца, адразу ж ёкнула сэрца дзяўчынкі і прыйшло рашэнне: “Я ахвярую Пану Езусу сваё жыццё – як уміласціўленне за грахі людзей. Я стану сястрой законнай!” – і адразу ж так лёгка і радасна на душы стала, і ў той жа момант зразумела, што свайго рашэння ўжо не зменіць.
Нічога не сказаўшы сваім родным, дзяўчынка адважылася праз некаторы час звярнуцца да ксяндза Адама. Той, уважліва і ласкава яе выслухаўшы, спытаў: “А пасаг ужо сабрала?” Дяўчынка разгубілася: “Не, я нічога не ведала пра пасаг”. “Ну як жа? Калі ты збіраешся стаць нявестай Хрыста, то і пасаг патрэбен!” Расхваляваная і разгубленая дзяўчынка ў роспачы нават не заўважыла вясёлай усмешкі ў вачах святара. Панурыўшыся, адказала: “Я яшчэ нават бацькам нічога не гаварыла”. “Ну то прыйдзецца пачакаць… Збірай пасаг!” Юная Апалонія шчыра малілася і прасіла ў Бога дапамогі – ад сваёй мары яна адступаць не хацела.
Тым часам ксяндза Вайцяхоўскага, які адпрацаваў у Адуцішках два гады, пераслалі на новае месца працы – у Клюшчаны. Новаму святару, які заняў месца Вайцяхоўскага ў Адуцішках, ён “даручыў” найбольш адданых касцёлу юнакоў і дзяўчат, у тым ліку і Апалонію. Калі новы пробашч спытаў у дзяўчат, ці хоча хто пайсці служыць Богу, Апалонія сказала, што яна моцна жадае, толькі пасагу не мае і невядома, калі зможа сабраць. Святар пасмяяўся і сказаў: “Які пасаг? Пакліканне патрэбна!”
Ён патлумачыў збянтэжанай Апалоніі, чаму ёй так сказаў ксёндз Вайцяхоўскі. Справа ў тым, што ён адправіў 20 дзяўчат у розныя законныя супольнасці – і амаль усе яны ў хуткім часе вярнуліся: не вытрымалі аскетычнага, суровага манаскага жыцця. Некаторыя з выбраных ужо праз тры дні былі дома. Гледзячы на юную Апалонію, святар засумняваўся ў сур’ёзнасці яе намеру. Ды і няёмка яму было рызыкаваць у чарговы раз.
З ксяндзом Вайцяхоўскім сястра Апалонія сустракалася яшчэ не раз. Наведвала яго ў Гудагаі. Але там ён быў ужо не той – вясёлы, поўны сіл, энергіі і планаў на будучыню святар, якога яна памятала па Адуцішках. Моцна падарванае здароўе, прыцішаны голас – ён баяўся, каб яго не пачуў, хто не трэба, каб праз яго не пацярпеў яшчэ хто, бо за ім пільна сачылі. Але мара ўсё ж у яго была – стварыць манаскі ордэн у Гудагаі.
Напачатку 1937 года ў Новым Мясце (Польшча) сястра Апалонія склала першыя законныя шлюбы. Была накіравана ў Вільню і працавала на кухні дзіцячага дома, якім апекаваліся сёстры, а потым – у пральні. 28 снежня 1941 года склала вечныя шлюбы. Гады ліхалецця і атэізму не прайшлі незаўважанымі і для іх манаскай супольнасці. Многія сёстры выехалі ў Польшчу, а тыя, што засталіся, працягвалі працаваць у пральні, хоць савецкая ўлада забрала яе пад дзяржаўную ўласнасць. Нялёгка было перажыць вайну, яшчэ цяжэй – перыяд бязвер’я. Тая акалічнасць, што іх ордэн быў безгабітовы, часам выручала, а, здаралася, стварала дадатковыя цяжкасці. Але пра гэта асобная гаворка. Сястра Апалонія ездзіла ў навакольныя вёскі рыхтаваць дзяцей да першай Камуніі. Рабіла гэта ўпотай ад ўладаў, каб не нашкодзіць у першую чаргу дзецям і іх бацькам.
У 1977 годзе прыехала на новае месца працы – у Свір, дзе жыве і зараз. У цяжкі час яна разам з сёстрамі катэхізавала дзяцей і дарослых, накіроўвала людзей, якія хацелі паспавядацца, узяць шлюб або ахрысціць дзіцё, да святароў. Калі касцёл быў зачынены і перароблены пад філіял Смаргонскага оптыка-станкабудаўнічага завода, Найсвяцейшы сакрамэнт захоўваўся ў доме сясцёр.
За адданасць веры, за шчырую малітву і працу ў 2004 годзе кардынал Казімір Свёнтак у Свірскім касцёле ўручыў Апалоніі Сінкевіч папскую адзнаку “За заслугі”.
...Ціха і плаўна лілася наша гаворка. Сястры ёсць пра што ўспомніць і ёсць аб чым расказаць. 94 гады жыцця – гэта вялікі і рэдкі дар. Нават у Імшале існуюць імшы з нагоды толькі 25 і 50-годдзя манаскіх шлюбаў. А калі ў такім узросце яшчэ мець такую моцную памяць, добры зрок і слых – гэта несумненна ўзнагарода “за заслугі” ад самога Усявышняга.
Сястру Апалонію прыемна слухаць, на яе прыемна глядзець – невысокая, гладка зачасаныя сівыя валасы, цёмна-сіняя ў белы гарошак сукня, белы каўнерык – уся такая чысценькая і акуратная, як і яе дзеянні і памкненні, як і ўсё яе жыццё.
Я глядзела на гэту незвычайную, загадкавую для мяне жанчыну: твар свеціцца дабрынёй і спакоем, вочы – мудрасцю і спагадай… Так выглядаць можа толькі чалавек, які пражыў сваё жыццё ў гармоніі, у ладзе і згодзе – са светам і з самім сабой. Але ўсё ж задала пытанне:
– Вы ніколі не шкадавалі аб сваім выбары?
Сястра Апалонія здзіўлена глянула на мяне:
– Ды што вы! Кожны дзень, кожную хвіліну дзякую Богу і свайму духоўнаму натхніцелю ксяндзу Адаму Вайцяхоўскаму!
…З неахвотай пакідалі мы гэты гасцінны дом і яго гаспадыню – сястру Апалонію Сінкевіч. На развітанне пажадалі ёй Божай апекі, добрага здароўя і абавязкова дачакаць 100-гадовага юбілею.
Некаторы час ехалі моўчкі, баючыся парушыць тую душэўную раўнавагу, тое светлае, невыказнае пачуццё спакою і ціхай радасці, якое ўсялілася ў нас пасля размовы з гэтай цудоўнай жанчынай...
Дай жа Божа ёй сто гадоў жыцця! І каб падарункам да яе векавога юбілею стала жаданая сястрой, і не ёй адной, бэатэфікацыя ксяндза Вайцяхоўскага.

-----------------------------
Іаланта ВАЛУЕВІЧ.