Вспомним и помолимся
Спяшайцеся любіць людзей – яны так хутка адыходзяць.
(кс. Ян Твардоўскі)
Жыццё кожнага чалавека з’яўляецца спробай дарасці да паўнаты духоўнага развіцця, вызначанай яму Богам. І кожны з нас ідзе па гэтай дарозе па-рознаму: адны – павольна, іншыя – хутчэй. Тых, хто прайшоў, дасягнуў паўнаты чалавечнасці, здабыў неба-блізкасць Бога, можна ставіць у прыклад – яны не змарнавалі ні сіл, ні нагоды, якія даваў Божы Провід, стварала жыццё. Гэта людзі нашай зямлі, яны ішлі па ёй упэўненна, ведалі сапраўдны смак жыцця, знаходзілі радасць у служэнні іншым, аднаўлялі свае сілы ў размове з Богам на малітве. Даходзячы да паўнаты, былі шчаслівымі, хоць і спазналі нямала цярпення. Такіх людзей мы называем святымі. Чалавек, які супрацоўнічаў з Божай ласкай, быў адкрыты на Яго натхненні і верны Яго волі, які выкарыстоўваў час, магчымасці, здольнасці становіцца ў свеце вобразам святасці Бога. Касцёл бачыць у іх сваіх заступнікаў перад Богам і прыклад для наследавання.
1 лістапада ўшаноўваем Усіх Святых. Урачыстасць гэтая не з’яўляецца, як часта думаюць, “святам памерлых”. У гэты дзень Касцёл радуецца таму, што так шмат памерлых заслужылі збаўленне і прабываюць у небе з Богам. Некаторыя імёны і біяграфіі вядомы – афіцыйна абвешчаны Касцёлам святымі, але непараўнальна больш святых застаюцца вядомымі толькі Богу. Таму на працягу літургічнага года мы ўшаноўваем святых паасобку, а вось у гэты дзень, 1 лістапада, усіх тых, хто сваім зямным жыццём заслужыў сабе вечнае шчасце ў небе.
Урачыстасць Усіх Святых цалкам адрозніваецца ад дня Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, што прыпадае на 2 лістапада. Урачыстасць Усіх Святых – шчодрасць Пана, якая павялічвае нашу надзею, што кожнае расстанне не з’яўляецца канчатковым, бо ўсе мы запрошаны ў дом Айца. Але ў той жа час урачыстасць Усіх Святых і дзень Успаміну ўсіх памерлых вернікаў – нібы яшчэ адзін напамін аб праўдзівай супольнасці Касцёла, якая ахоплівае святых у небе, і тых, хто пакутуе ў чысцілішчы, і тых, хто яшчэ жыве на зямлі. Паміж гэтымі трыма становішчамі Касцёла праз малітву здзяйсняюцца памяць, ахвяра і трывалы абмен духоўнымі здабыткамі. У гэтай камуніі выражаецца еднасць Святых.
Крыніца культу ўсіх святых ва ўшанаванні пакутнікаў. У гадавіну смерці, якая ў хрысціян лічыцца днём нараджэння для неба, на магілах пакутнікаў цэлебравалася Эўхарыстыя і зачытваліся апісанні іх пакутніцкай смерці. Памяць пра тых, хто ўласнай крывёй пацвердзіў сваю веру, старанна захоўвалася ўжо ў першых хрысціян. Кожная супольнасць мела свой спіс пакутнікаў – іх заступніцтва набывала асаблівую моц. Паступова ў гэтыя спісы сталі дадаваць імёны людзей, якія адзначаліся асаблівай святасцю – першым такім святым стаў біскуп Марцін Турскі, які памёр у 397 годзе.
Карані дня Усіх Святых сягаюць у ІУ стагоддзе ў Антыёхію, дзе ўшаноўвалі памяць невядомых пакутнікаў за веру. І калі ў 610 годзе папа Баніфацый ІУ атрымаў ад цэзара старажытную святыню Пантэон, у ёй спачатку ўшаноўвалі толькі Панну Марыю і пакутнікаў, а пазней сталі ўшаноўваць і ўсіх святых. І з мая гэтае свята было перанесена на 1 лістапада.
Наступны дзень, 2 лістапада, прысвечаны ўспаміну ўсіх памерлых вернікаў. Згодна з традыцыяй, у гэты дзень прынята наведваць могілкі і маліцца за памерлых. А яшчэ для кожнага чалавека гэта добрая нагода задумацца над сваім жыццём – над мінулым, рэчаіснасцю, будучым: у якім накірунку я іду? Што трэба змяніць у маім жыцці? Ці дастаткова маім памерлым блізкім таго, што я прынясу кветкі, запалю зніч і скажу кароткую малітву?
На працягу актавы Успаміну ўсіх памерлых вернікаў, гэта значыць, з 1 па 8 лістапада, Касцёл моліцца за памерлых асабліва глыбока. У гэты час, дарэчы, у кожнага з нас ёсць магчымасць атрымаць поўнае адпушчэнне грахоў, якое можна ахвяраваць за душы памерлых. Для атрымання адпусту трэба быць у стане асвячальнай ласкі (прыступіць да сакрамэту пакаяння і паяднання – споведзі), прыняць святую Камунію, памаліцца ў інтэнцыях Святога Айца і наведаць могілкі.
З малітвай пробашч касцёла Узнясення Святога Крыжа, ксёндз Андрэй ГОРБАЧ.