Верующие отпраздновали красивый праздник

Чалавек з'яўляецца хрысціянінам роўна ў такой ступені, у якой ён удзельнічае ў жыцці Хрыста, наколькі ён, як і Божы Сын, прасякнуты Духам Святым – Духам праўды і любові.
І канфірмацыя, або бежмаванне – гэта чарговы крок па дарозе ўдасканалення веры. Фактычна гэта сакрамант духоўнай даросласці, праз які Езус Хрыстус удзяляе раней ахрышчаным вернікам Духа Святога – падобна таму, як у дзень Пяцідзесятніцы Ён быў спасланы апосталам.

Нядаўна  ў  астравецкім  касцёле  Узнясення Святога Крыжа падобны, вельмі важны для хрысціяніна  крок  зрабілі  адразу  163  вернікі  з абедзвюх  парафій Астраўца, а таксама з Варнянскай, Гервяцкай і інш. – сакрамант бежмавання яны прынялі з рук біскупа Гродзенскай дыяцэзіі ксяндза  Аляксандра  Кашкевіча,  які  прыбыў  у Астравец  спецыяльна  з гэтай місіяй. Трэба  адзначыць,  што вернікі парафіі на чале са сваім пробашчам, ксяндзом  Андрэем  Горбачам старанна падрыхтаваліся да свята – і прыкасцельная  тэрыторыя,  і  сам храм  ззялі  чысцінёй і  свежасцю,  зіхацелі сотнямі кветак. А перад цэнтральнымі  дзвярыма храма  ў  яго  прахалодным  цяньку  красаваліся “марыйныя” сцягі.
Парафія  сустрэла біскупа  традыцыйным хлебам-соллю,  потым пробашч праводзіў ганаровага  госця  да  алтара –  і  ўрачыстая  Імша  пачалася.  Тыя  з  вернікаў, каму  з-за  шматлюднасці  не  ўдалося  патрапіць унутр  касцёла,  дзякуючы  ўстаноўленым  на вуліцы  гукаўзмацняльнікам,  мелі  магчымасць удзельнічаць у Літургіі і звонку храма.
Рэчышча  святочнай  Імшы  працякала  ў  поўнай адпаведнасці  з  прынятымі  канонамі,  хаця  той факт, што цэлебраваў яе сам біскуп, надавала ёй асаблівую духоўную моц. Нельга не ўзгадаць і пра музычнае афармленне Літургіі – спеўныя малітвы ўзносілі да Бога адразу два хоры, якія існуюць пры касцёле Узнясення Святога Крыжа, – маладзёжны і старэйшых людзей. А яшчэ ўрачыстасць бежмавання ўпрыгожылі сваімі зладжанымі, амаль прафесійнымі спевамі ўдзельнікі хору “Польскае рэха Астраўца”.
Пасля  заканчэння  дзейства  парафіяне  ўручылі галоўнаму  каталіцкаму  святару Гродзеншчыны кветкі і выказалі словы падзякі – і за ўдзел у Імшы, і за дар бежмавання, які з яго рук атрымалі ў гэты дзень вернікі. У адказ біскуп падзяліўся ўражаннямі ад убачанага і перажытага ў касцёле Узнясення Святога Крыжа. Яго Эксцэленцыю вельмі абрадавала бездакорная дагледжанасць храма, уразіла глыбіня духоўнасці, якая ў ім прысутнічала падчас Літургіі, і ў добрым сэнсе здзівілі тэмпы, якімі (пры тым, што ў парафіі Узнясення Святога Крыжа налічваецца толькі 1871  вернік!)  вядзецца  будаўніцтва  парафіяльнага дома. Ад’язджаючы, біскуп паабяцаў у хуткім часе зноў наведаць парафію, якая яму так спадабалася…