Вера, молитва и великая святыня совершили маленькое чудо

Я ні аднаго разу не была ў Будславе. Некалькі апошніх гадоў усё збіралася, ды па розных прычынах не могла даехаць. Адчувала праз гэта нейкі сорам, падсвядома адчувала сябе вінаватай. А калі ў друку чытала водгукі аб фэсце, душылі слёзы – ну чаму мяне там не было!

І вось у гэтым годзе сама Маці Божая Будслаўская завітала ў нашу парафію. Вялікая радасць для многіх, але не для мяне: я была хворая – ніяк не адпускаў грып, і пайсці не змагла. Малілася дома. Два дні гасцяваў абраз Маці Божай у нашым касцёле. Горача спадзявалася, што на другі дзень стане лягчэй, і я таксама змагу пакланіцца цудадзейнаму абразу. Але і на наступны дзень не палягчэла. Бачыла, як людзі спяшаліся ў касцёл – і такая туга, такі жаль мяне агарнуў, што не магла стрымаць слёз. У той час, калі пачыналася святая імша, я пачала маліцца да Маці Божай Будслаўскай на ружанцы, потым чытала іншыя Марыйныя малітвы. Прасіла ў Матачкі Божай прабачэння ў чарговы раз за тое, што не прыйшла прывітаць яе і маліла аб выздараўленні. Не адпускала думка: я не вартая нават наблізіцца да цудадзейнага абраза, нават калі ён знаходзіцца зусім блізка! І гэта мяне мучыла больш за ўсё іншае. Колькі малілася, столькі ж і плакала – слёзы самі проста сыпаліся з вачэй.
З нашага касцёла абраз павезлі ў суседнюю парафію. Дзесьці пад вечар я ўбачыла дзве машыны, якія ехалі міма дома. Сама не ведаю, чаму (машыны міма дома цэлы дзень снуюць туды-сюды) мяне так зацікавіла другая машына – і нейкая сіла прымусіла мяне выглянуць у акно. Я ўбачыла ў той машыне ўвесь у кветках абраз Маці Божай Будслаўскай! Нібы ласкавы промень сонейка бліснуў у акно! Гэта напоўніла мяне такой светлай радасцю, што ўвесь астатак дня усмешка не сыходзіла з майго твару. Значыць, святая Марыя мяне прабачыла, калі дазволіла Сябе ўбачыць хоць мімалётна, хоць на хвілінку!
А раніцай я ўстала і адчула сябе здаровай! Не магла паверыць, кожную хвіліну чакала, што зноў праявіцца хвароба. Але, дзякаваць Богу і Маці Божай Будслаўскай, з таго дня з кожным днём мой стан здароўя стаў хутка і няўхільна паляпшацца.
Людзі! Слаўце, шануйце, выхваляйце і давярайце свае беды нашай Заступніцы, ласкавай і літасцівай Маці Божай Будслаўскай!


-----------------------------
Ганна.


Фота з сайта belta.by.