Великий пост дан для того, чтобы очиститься от грехов, которые растягивают путь до Бога
Дарослыя, у адрозненні ад дзяцей, ведаюць, як па канонах трэба перажываць Вялікі пост, каб не толькі цела, але і душа ачышчалася, каб думкі напаўняліся дабрынёй і спагадай да бліжняга і словы ператвараліся ў справы. Але ці заўсёды ў нас гэта атрымліваецца – ад душы, шчыра і па поклічу сэрца? І як маленькаму чалавечку растлумачыць, што такое пост і Крыжовая дарога? Адказ на гэтыя пытанні ў адну з пятніц разам з катэхеткай Жаннай Радзевіч і парафіянкай Наталляй Калпак шукалі дзеці з парафіі святога Юрыя ў Варнянах. Яны падрыхтавалі вершаваную Крыжовую дарогу.
У вечаровай цемры патанаў касцёл, толькі трапяткія агеньчыкі свечак, якія трымалі ў руках дзеці, асвятлялі абразы і адбіваліся ў вітражных вокнах святыні. Да трох крыжоў, якія ўсталявалі напачатку Вялікага посту ля выявы Езуса, праз шэрую колкую гару вяла дарога з чатырнаццаці чырвоных слядкоў – чатырнаццаці стацый, на працягу якіх Хрыстос нёс свой непамерна цяжкі ад людской здрады крыж.
У гэты дзень Збаўцу яго дапамагалі несці дзеці. Сваімі шчырымі словамі і вершаванымі малітвамі яны разважалі пра несправядлівасць, калі Езуса асудзілі на смерць. Задумваліся над тым, што такое адзінота, калі Хрыстос неаднойчы падаў пад цяжарам крыжа. Засяроджваліся на навяртанні, калі Вераніка сваёй хусцінкай абцёрла твар змучанага Сына Божага. Імкнуліся зразумець, што такое здзек, калі Езусу адзелі на галаву цярновы вянок…І чатырнаццаць чырвоных крокаў, якія дзеці пад кіраўніцтвам катэхетак рабілі напярэдадні Вялікага посту, набылі новы сэнс: гэтыя сорак дзён дадзены нам не толькі для таго, каб стаць лепшымі фізічна і духоўна, але і паменшыць колькасць, уласных цвікоў-грахоў, якія так расцягнулі наш шлях да Бога.
Словы малітвы на заканчэнне, якую чыталі ўсе разам, сталі дэвізам і маёй Крыжовай дарогі, майго духоўнага адкрыцця, якое адбылося дзякуючы дзецям.
Я зведаў жаль, я зведаў страх
І я паверыў у бяссмерце.
Крыжовы шлях, Крыжовы шлях,
Цябе прайшоў я ўласным сэрцам.
--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
