Велікодныя маналогi...

к монологамМы чакалі цябе, Езус, сорак дзён: хтосьці шчыра рыхтаваўся і дапамагаў табе несці цяжкі ад людскіх грахоў крыж – а нехта, наадварот, прыбіваў тваё цела халоднымі калючымі цвікамі-грахамі. Ты прыйшоў і абвясціў простую ісціну: здраду, крыўды, зайздрасць перамагае любоў. З ёй і праз яе ты прамаўляеш да чалавека. А мы адрасуем табе свае маналогі.

...СВЯТАРА


Павел Гардзейчык, пробашч парафій у Клюшчанах, Вялікіх Свіранках і Жукойнях-Жэляцкіх:
Ксендз Павел Гардзейчык– Евангелле Хрыста будуючае і сузіральнае, і мы нясём яго праз слова – жывое. Таму што словам можна ўсяліць у чалавека надзею і наадварот забіць яе.
Езус, які аддаў сваё жыццё за збаўленне роду людскога, заўсёды быў сапраўдным, і яго словы падмацоўваліся справамі. Людзі, як і Каталіцкі касцёл, павінны трымацца праўды Хрыста і ніколі не падмяняць паняцці: грэх называць грахом, а святыя паводзіны – святасцю.
Езус ніколі не асуджаў чалавека, а асуджаў яго паводзіны і ўчынкі, таму кожны з нас мае магчымасць навярнуцца і прыйсці да Бога ў любы момант. Перыяд Вялікага посту – самы падыходзячы час для гэтага. Перад тым як сустрэцца з уваскрэслым Хрыстом, мы павінны падрыхтавацца: у засяроджанасці і ў цішыні паглядзець збоку на сябе і свае ўчынкі і адказаць на пытанне: ці адпавядаюць яны маім словам?
Мы многа разоў просім у Бога прабачэння і чакаем ад яго дапамогі. Але самі ці ўмеем прабачаць і забываць учарашнія ці даўнія крыўды? Вялікі пост – час, калі мы можам наблізіцца да Божага дзіцяці праз барацьбу з усім, што нас фізічна і духоўна абязвольвае.
У сваіх добрых памкненнях чалавек часам забываецца, што пост павінен быць найперш якасным, чым колькасным: зрабіце сабе менш пастановаў, але абавязкова выканайце іх. Некаторыя людзі кажуць, што за дзень тры разы моляцца на ружанцы, адгаворваюць і Крыжовую дарогу – але пры гэтым забываюць, што гэта робіцца аўтаматычна, спехам, у мітусні… Трэба знайсці час на шчырую малітву, бо сапраўднай Божай міласэрнасцю з’яўляецца тое, што мы маем час – але не заўсёды выкарыстоўваем яго на добрыя справы.
Існуе вялікая небяспека: чым бліжэй чалавек да Бога, тым больш яго спакушае д’ябал. Моцным у вачах Бога будзе той чалавек, які знойдзе ў сабе сілы, каб паўстаць з граху, разарваць сувязь з немаральным ладам жыцця і тым самым стаць прыкладам для іншых.
Езус блізкі да нашых турбот і заўсёды адвядзе нас ад роспачы, дапаможа зрабіць правільны выбар. Ён дае чалавеку знакі праз свае словы ў Евангеллі і ўчынкі. Трэба толькі прыкласці намаганні, каб зразумець іх. Варта зрабіць адзін крок да Езуса – і тысячы крокаў Ён зробіць да нас.
Звычайна мы шукаем Бога ў роспачы, калі адчуваем неспакой на сэрцы, але павінны быць з Богам, калі нам радасна і добра. Вера і рэлігійная практыка не могуць быць часовымі: яны павінны быць сталымі і сістэматычнымі.
Каб адчуць радасць Вялікадня і зразумець яго сэнс, трэба разам з Хрыстом прайсці яго Крыжовую дарогу, быць побач з ім у аліўкавым садзе. У гэта вялікае свята хочацца пажадаць духоўнай моцы, каб людзі надалей прытрымліваліся тых пастановаў, якія рабілі сабе падчас Вялікага посту. Няхай святло ўваскрэслага Езуса адорыць усіх людзей дабрынёй, міласэрнасцю і радасцю, каб мы, дзелячыся велікодным яйкам – сімвалам новага жыцця, помнілі пра жыццё вечнае, дарогу да якога адкрыла для нас ахвяра Езуса Хрыста на крыжы.
.

..Сястры законнай


Сястра Магдаліна Кулай, кармялітанка Дзіцятка Езуса:
Сястра Магдаліна Кулай– Божа, Ты ведаеш, што я не шукаю простых шляхоў. Мне так хочацца дастукацца да кожнага дзіцячага сэрца – але гэта так складана зрабіць. Як прывучыць дзіця да касцёла, як прывіць яму веру, калі дзіця не мае перад сабой прыкладу, калі яго бацькі ходзяць у касцёл толькі на вялікія святы і, выпраўляючы сына ці дачку на катэхізіс, самі застаюцца дома? А ўсё пачынаецца з сям’і…
Пяць разоў на тыдзень я вяду заняткі па рэлігіі ў Гудагайскай, Градаўшчызненскай, Варнянскай і Цудзенішскай парафіях: рыхтую дзетак да Першай камуніі і сакраманту бежмавання. Да мяне прыходзяць і чатырохгадовыя хлопчыкі і дзяўчынкі, якія знаёмяцца з рэлігійнымі тэмамі праз маляванне.
Часам так складана даехаць па бездарожжы ў тую ці іншую вёску – але я ведаю, што мяне чакаюць цікаўныя вочкі і гарачыя дзіцячыя сэрцайкі, хоць групы, у якіх я выкладаю, вельмі адрозніваюцца: у адной з вёсак на рэлігію ходзяць толькі двое дзяцей, у іншых – больш за трыццаць. Я працую кожны тыдзень са 112 хлопчыкамі і дзяўчынкамі. Яны такія розныя! Некаторыя, калі ўпершыню прыйшлі на катэхэзу, нават не ўмелі маліцца. Іншыя наведваюць заняткі, каб толькі дайсці да Першай камуніі. Прасцей працаваць з дзецьмі з веруючых сямей: ім знаёмы многія тэмы з падручнікаў, яны ўмеюць слухаць і чуць.
Гэты год Папа Францішак аб’явіў Годам міласэрнасці, пагэтаму разам з вучнямі мы разважалі пра добрыя ўчынкі і ўвогуле пра тое, што кожны з нас можа зрабіць у штодзённым жыцці, каб дапамагчы бліжняму. Мне хацелася данесці да дзяцей і падлеткаў, што сэнс посту – не ў абмежаваннях, а ў магчымасцях, якія ён адкрывае перад чалавекам; што куды важней дапамагчы сябру зрабіць урокі ці растлумачыць незразумелую тэму, чым устрымацца ад камп’ютара ці праслухоўвання музыкі.
Не першы год у Гудагайскім кляштары практыкуюцца дні цішыні для дзяўчат. Гэтыя своеасаблівыя рэкалекцыі, якія распачалі мае папярэдніцы-сёстры, я імкнуся прадаўжаць. Апошнія дні цішыні былі прысвечаны пакаянню і міласэрнасці. З розных куточкаў Беларусі ў кляштары сабраліся дзяўчаты, якія вучацца ў школе, і тыя, хто ўжо працуе, з іншых гарадоў у Гудагай прыехалі студэнткі. Яны зрабілі гэта свядома, каб засяродзіцца на сваёй веры, каб у цішыні, адарваўшыся ад мітуслівага жыцця, паспрабаваць спачатку пачуць голас Бога, а пасля і звярнуцца да яго са сваімі малітвамі, падзякамі ці просьбамі. Я не ведаю, ці складана было дзяўчатам зрабіць гэта, – але ведаю дакладна, што дні цішыні дапамагаюць.
У Гудагайскім санктуарыуме, як і ў іншых святынях Беларусі і ўсяго свету, адчынены Брамы міласэрнасці, дзе, паспавядаўшыся і прыняўшы святы сакрамант, чалавек можа атрымаць адпушчэнне кары за грахі. Людзі, карыстайцеся гэтым! Вось убачыце, што ваш маленькі крок да міласэрнасці, зроблены ў Шкаплернай сталіцы Беларусі, незаўважна ператворыцца ў сапраўдны шлях, сатканы з добрых спраў, думак і слоў. Таму што Маці Божая Шкаплерная творыць цуды.
Хачу перад усім сама нанова перажываць велікодную радасць! Я хачу, каб дзеці прыходзілі на заняткі па рэлігіі без прымусу; каб бацькі ішлі разам з сынам ці дачкой ў касцёл, а не толькі выпраўлялі іх. Я часта бываю ў маленькіх вёсках і бачу, што не толькі дзецям, але і дарослым не хапае ўвагі. Сёстры законныя і святары дапамагаюць людзям умацоўвацца ў веры. Не бойцеся звяртацца. Маё сэрца, як дзверы нашага кляштара, адкрыта для кожнага. Няхай уваскрэслая Міласэрнасць благаславіць кожнае чалавечае сэрца! Благаславёных святаў і радаснага Аллелюя!

...МІНІСТРАНТА


Павел Дземяшкевіч, міністрант парафіі святых Космы і Даміяна, 12 гадоў:
Павел Дземяшкевіч– У нашай парафіі многа міністрантаў, і я ўдзячны Богу, што на працягу года дапамагаю нашаму ксяндзу-вікарыю Дзмітрыю на беларускай імшы.
Амаль кожны тыдзень на імшы я чытаю ўрывак са Святога Пісання. Мне яго давала сястра Ірэна, якая раней была ў нашай парафіі, дома я трэніраваўся чытаць разам з мамай.
Упершыню я чытаў урывак з Евангелля падчас сваёй Першай камуніі. Я моцна хваляваўся, баяўся дрэнна прачытаць, запнуцца, але ў думках папрасіў у Бога дапамогі – і ўсё атрымалася. І зараз крыху хвалююся, калі выходжу чытаць Святое Пісанне.
Езус, я рыхтаваўся, як мог, каб прывітаць цябе радасным “Хрыстос уваскрос!”, а ў адказ пачуць “Сапраўды ўваскрос”. Я ўдзельнічаў у Крыжовым шляху і быў на рэкалекцыях, а таксама дапамагаў маме разам з сястрой Ганнай гатаваць розныя стравы на велікодны стол. Мне вельмі падабаецца пячы пірагі. Сёлета мы, як і заўсёды, спачатку прывітаем цябе ў касцёле, а потым раздзелім гэтую радасць з роднымі і блізкімі, сходзім да бабуль Яніны і Дануты.

...ПАРАФІЯНКІ


Ала Мацкевіч, парафія святых Космы і Даміяна:
Алла Мацкевіч– Маці Божая, дзякуй за прыклад пакоры. Толькі зараз, у гэтым узросце, я зразумела, што гэта такое.
Пакора вельмі дапамагае ў сямейным жыцці, калі ўзнікаюць нейкія рознагалоссі. Замест таго, каб даказваць сваю праўду, варта часам змаўчаць і адказаць на пытанне “А каму лепш ад гэтай маёй крыўды?” Пакора вучыць любові.
Сёлетні Вялікі пост быў у эмацыйным плане значна спакайнейшы, чым мінулы. Летась я пабывала на Святой Зямлі, разам з мужам і дзецьмі – на дэяцэзіяльнай сямейнай сустрэчы з удзелам біскупа Аляксандра Кашкевіча… Божа, дзякуй табе за ўсё, нават за тое, што спачатку здавалася не зусім добрым для мяне. Часам Бог вядзе нас складанымі шляхамі, але галоўнае – застацца Яму верным. І Ён аддзячыць сваім благаславеннем…
Некаторыя людзі часта наракаюць на жыццё, яны развучыліся любіць і радавацца, як дзеці. Зараз многія ходзяць у касцёл, але выходзячы за дзверы святыні, на жаль, пакідаюць за парогам веру, таму што яна пачынаецца не са слоў, а са спраў. Нам усім трэба вучыцца дзякаваць Богу і адзін аднаму.
Разам з мужам мы выхоўваем траіх дзетак: Антона, Аліну і Паўла. Толькі праз уласны прыклад бацькі павінны прывучаць дзяцей да веры. У нашых дзяцей няма такога паняцця, што можна ў нядзелю не пайсці ў касцёл. Ведаю, што дзяцей трэба часам настаўляць – але трэба і даваць самастойнасць, каб яны вучыліся адказнасці за свае ўчынкі. Старэйшы сын паслугуе ў касцёле. Напярэдадні Вялікадня, у Вялікі чацвер, малодшага прынялі ў міністранты.
Быць мамай траіх дзяцей – гэта такая радасць! Падчас другой цяжарнасці ў мяне былі праблемы з сэрцам, а калі я была цяжарная Паўлушам, хадзіла спакойна і роўна. Гэта было Божым знакам.
Я ўдзячна Богу за магчымасць быць маці. І няхай па ўсім свеце жанчыны, якія хоць бы ў думках дапусцілі магчымасць аборту, адумаюцца: дзіця – гэта Божы дар.
Сорак дзён мы рыхтаваліся да змёртвыхпаўстання Езуса, які памёр за нас на крыжы. З любові. Але нехта можа запытаць: як можна любіць чалавека, які цябе крыўдзіць? Хочацца пажадаць людзям, каб яны ў кожным крыўдзіцелі, сябры, сваяку, незнаёмым бачылі Хрыста і вучыліся любіць людзей гэтак жа, як і ён, такімі, якія яны ёсць, а не такімі, якімі мы хочам іх бачыць. Я таксама вучуся прымаць людзей, а не імкнуцца перарабіць іх пад сябе, пад свае ўяўленні ці ідэал. Можа, яшчэ не заўсёды ў мяне гэта атрымліваецца, але я вельмі стараюся…
Езус, дзякуй за ўсё: і за выпрабаванні, і за радасці – яны робяць мяне мацнейшай і дабрэйшай да людзей. Я імкнуся дарасці да тваёй любові.

----------------------------------------
Запісала Алена ГАНУЛІЧ.