В Ворнянах встречали реликвии святого Яна Боско
Аб місіі, якую ўсклаў на яго Бог, будучы святы даведаўся яшчэ ў дзевяцігадовым узросце. Сам Ян Боска пра гэта ўспамінаў так: “У той дзень я разам з іншымі хлопчыкамі бавіўся на вялікім пустыры непадалёк ад дома. Неўзабаве хлопчыкі перасварыліся і сталі сыпаць пракляццямі. Не могучы сцярпець гэтага, я кінуўся паміж імі і паспрабаваў спыніць святатацтва – дзе словамі, а дзе і з дапамогай кулакоў. І раптам перада мной з’явіўся мужчына ў белым плашчы. Ад твару незнаёмца сыходзіла святло такой сілы, што на яго цяжка было глядзець. Мужчына назваў мяне па імені і загадаў стаць на чале хлопчыкаў. Дадаў: “Мусіш заваяваць іх давер дабрынёй і любоўю, а не кулакамі”.
Вось з гэтага дня Ян Боска і пачаў выконваць ускладзеную на яго пакуль слабенькія плечы задачу. Ад вандроўных жанглёраў ён навучыўся паказваць фокусы і дэманстраваў іх потым перад сваімі суседзямі, пераплятаючы паказ малітвамі і паўтарэннем казанняў, якія ён чуў у касцёле ў нядзелю. Хлопец марыў стаць святаром, але ў яго маці не было грошай на навуку. Давялося стаць рамеснікам – Ян Боска авалодаў прафесіямі краўца, шаўца, навучыўся сталярнічаць. Так ён зарабляў сабе на жыццё і на аплату настаўнікам, нават не падазраючы, наколькі карыснымі стануць набытыя прафесіі для яго будучай святарскай дзейнасці.
У 1835 годзе ён змог нарэшце ажыццявіць сваю мару і паступіў у семінарыю, каб праз шэсць гадоў атрымаць з рук арцыбіскупа Турына пасвячэнне ў сан святара. Першапачаткова Ян Боска меў намер прысвяціць сваё жыццё паглыбленаму вывучэнню багаслоўя, але хіба ён мог адгарадзіцца ад свету выключна навукай, калі побач галадаюць, жывуць без даху над галавой дзеці?
Пачаткам дзейнасці Араторыюма лічыцца момант, калі дон Боска абараніў хлопчыка, на якога напалі хуліганы, і прывёў яго ў свой дом. Потым знайшоўся яшчэ адзін і яшчэ… Яны не былі простымі і пакорлівымі падлеткамі ўжо хаця б таму, што ім давялося прайсці праз голад і бяздомнасць, праз пекла людскога раўнадушша. Некаторым з іх наогул пагражала турма.
Дон Боска даў бяздомнай дзятве прытулак ва ўласнай кватэры. Ён вучыў сваіх выхаванцаў чытаць, пісаць, маліцца, гуляў з імі ў футбол, падзяляў іх радасці і ўсур’ёз абмяркоўваў праблемы. Дзецям, ад якіх адвярнуўся свет, ён даў магчымасць адчуць цяпло сямейнага ачага…
Жыццёвы шлях Яна Боскі, заснавальніка салезіянскай супольнасці, апякуна і выхавацеля моладзі, быў поўны цяжкай і часта няўдзячнай працы, прыніжэння, а нярэдка і сапраўднага цкавання. Але…
Але тысячам маладых людзей святар дапамог знайсці жыццёвую сцежку, прывіў іх душам парасткі Веры, Надзеі, Любові. Па сутнасці, ён стварыў новую педагагічную школу, у аснову якой паклаў беззапаветную адданасць выкладчыкаў дзецям і поўную адмову ад пакарання. Для ажыццяўлення сваіх ідэй дон Боска 26 студзеня 1854 года заснаваў манаскі ордэн св. Францішка Сальскага (цяпер вядомы як ордэн салезіянаў).
Салезіянцы дона Боска актыўна і плённа працуюць на ніве выхавання моладзі. Галоўнымі рысамі іх дабрачыннай пастырскай працы заўсёды былі вялікая лагоднасць, давер і здзяйсненне добрых спраў. Узорам для братоў-салезіянаў была і ёсць выбітная асоба іх заснавальніка св. Яна Боскі, якога нярэдка называюць “вясёлым святым”, таму што насуперак усім выпрабаванням ён умеў радавац¬ца жыццю. Менавіта гэтаму дон Боска імкнуўся навучыць сваіх выхаванцаў самай складанай навуцы – быць шчаслівымі.
У рамках сусветнай перэгрынацыі, якая аб'яднала 130 краін на пяці кантынентах, і прысвячаецца святкаванню 200-годдзя з дня нараджэння св. Яна Боска (15 жніўня 2015 года), рэліквіі святога прыбылі ў гэты аўторак у Варнянскую парафію святога Юрыя.
На працягу 15-ці гадзін рэліквіі святога Яна Боскі гасцілі ў Варнянах, і кожная іх хвіліна была напоўнена гарачай малітвай. Пасля заканчэння ўрачыстай Імшы, прысвечанай моладзі парафіі і нашага дэканату, у якой удзельнічалі не толькі святары Астравеччыны, але і айцы-салезіяне са Смаргоні, Мінска, Турына, вернікі не спяшаліся разыходзіцца па дамах – кожнаму хацелася наблізіцца да рэліквіі, дакрануцца да шклянога саркафагу. І не проста рукой – сэрцам, розумам, усёй глыбінёй душы. Дакрануцца, каб ачысціцца. Каб прасякнуцца чысцінёй, дабрынёй, нязменным аптымізмам і жаданнем тварыць дабро, так уласцівымі святому дону Боску. Каб навучыцца любіць.
-------------------------------------
Тэкст і фота Ганны ЧАКУР.


