В Ворнянах вспоминали святого великомученика Юрия
Успамін пра святога вялікамучаніка Юрыя сёлета выпаў на першую актаву змёрхтвыхпаўстання Езуса. Пагэтаму госці і вернікі Варнянскай парафіі разам з ксяндзом-пробаршчам Здзіславам Пікулам ушаноўвалі свайго патрона на тыдзень пазней.
Пад купалам храма, які адчуў на сваіх халодных каменных мурах часы заняпаду і росквіту, у гэты дзень адпустовая імша з’яднала розных людзей – кансэкраваных асоб, веруючых і тых, хто яшчэ толькі пачынае свой шлях да веры.
Дзясяткі галасоў – дзяцей, моладзі, мужчын і жанчын – зліваліся з галасамі сямі святароў, якія адпраўлялі імшу.
Чырвоны колер арнатаў – як сімвал і сведчанне пакутніцкай смерці рымскага афіцэра, які пазней быў прылічаны да ліку святых.
Падчас службы казанне меў ксёндз Аляксандр Яшэўскі са смаргонскага касцёла святога Міхаіла Арханёла. Навяртанне да Бога, да ўлоння касцёла, па меркаванні айца, пачынаецца з любові. І правіны, калі чалавек выбірае не тую дарогу або ідзе шляхам граху, бяруць свой пачатак менавіта з яе адсутнасці. Калі ў сэрцы жыве любоў, ты не хочаш крыўдзіць таго, каго любіш. Ты знаходзіш час для яго, нават калі моцна заняты. Ты ў думках размаўляеш з ім, калі няма магчымасці прамаўляць словы ўголас. Ты прыходзіш да яго – не толькі ў нядзелю на імшу, але і раніцай, і перад сном. І тысячы адгаворак, апраўданняў уласных учынкаў так імі і застаюцца, калі няма ў сэрцы любові.
Ксёндз Аляксандр нагадаў усім прысутным выпадак з жыцця зараз ужо святога Яна Паўла ІІ. Падчас сусветных дзён моладзі пантыфік меў аўдыенцыі, сустрэчы, размовы – і для кожнага знаходзіў патрэбнае слова. Позна ноччу адзін святар заўважыў у базіліцы пантыфіка, які стаяў на каленах і маліўся. Ён адважыўся падысці да Папы і звярнуцца: “Ойча, можа, настаў ужо час адпачываць?”. На што Ян Павел
ІІ адказаў: “Я меў сёння многа сустрэч. Знаходзіў час для кожнага, хто гэтага прагнуў, але не пагаварыў з Ім”…
Чырвоны колер слоў – як сімвал любові да Бога
…Маленькі хлопчык, шчабечучы на вядомай толькі яму самому ды, напэўна, яго анёлу-ахоўніку мове, падышоў да самага алтара. Але праз некалькі хвілін мама забрала малога “ў лаўкі”, а потым вынесла на вуліцу. Дзіцячы плач рэхам аддаваўся па касцёле.
Так, напэўна, плакалі дзеці ў далёкай Сілене, пакуль, калі верыць вядомай легендзе, там не з’явіўся святы Юрый.
Паблізу ад гэтага горада была чорная багна, у якой жыў ненажэрны і страшны цмок. Жыхары, каб змякчыць гнеў гэтага звера, прыносілі штодзённа яму ахвяры – дзвюх маленькіх авечак, а затым адну авечку і дзіця. У той момант, калі выпала дачцэ караля стаць ахвярай, з’явіўся святы Юрый. Воін доўга змагаўся з цмокам і пасля працяглай барацьбы перамог яго. А кароль разам з усімі сваімі падданымі прыняў хрысціянскую веру.
Чырвоны колер – як сімвал барацьбы
Барацьбы знешняй і ўнутранай. Штодзённай – і расцягнутай на гады. Барацьбы духоўнай і матэрыяльнай. Барацьбы з варожым светам і – з самім сабой.
Унутры кожнага з нас жыве “цмок”. Часам ён спіць і ніяк не напамінае аб сабе. Часам ён прачынаецца і бярэ ў свае халодныя абдымкі ўсю чалавечую сутнасць. Менавіта ён улагоджвае людское самалюбства і прымушае ўзвышаць сябе ці, наадварот, “дорыць” хвіліны роспачы і адчуванне ўласнай бездапаможнасці і бяссілля. Ён спраўна нясе сваю чорную варту. Але ў кожным з нас ёсць сіла змагацца з гэтым цмокам, каб урэшце перамагчы яго.
…Напрыканцы імшы жывая ручаінка з дзясяткаў людзей ішла вакол касцёла ў працэсіі. Людзі рухаліся нага ў нагу, сэрцы іх біліся ў такт. Побач з жанчынамі ў белым адзенні, якія неслі харангелкі, ішлі дзеці – усіх з’яднала парафіяльнае свята.
Белы колер – як сімвал збаўлення ад цмока
Святы Юрый – гэта ўвасабленне тых перамог – штодзённых, маленькіх, унутраных, знешніх, духоўных – і з самім сабой.
З гiсторыi
У нас яго называюць святым Юрыем, англічане ўшаноўваюць яго як святога Джорджа, некаторым гэты святы таксама вядомы як Георгій Перамоганосец. Афіцэр, які перанёс тысячы смерцяў, заставаўся верным толькі аднаму Уладару – нябеснаму.
Калі рымскі імператар Дыяклетыян загадаў праследаваць хрысціян, Юрый запярэчыў яму і больш таго – кінуў выклік. Тады імператар загадаў прыкаваць да скалы непаслухмянага афіцэра, з якога здзекваліся і цялесна нявечвалі цэлымі днямі. Але кожную раніцу імператар бачыў перад сабой жывога Юрыя, раны якога цудам зацягваліся за ноч. Дыяклетыян зразумеў, што не зможа перамагчы дух беззабаронага, нерухомага афіцэра – і аддаў загад пакараць яго смерцю…
-----------------------------------------
Тэкст і фота Алены ГАНУЛІЧ.