В островецком храме святых апостолов Петра и Павла зазвучат колокола
Напярэдадні Раждзественскага посту, у астравецкай царкве святых апосталаў Пятра і Паўла адбылося ўрачыстае богаслужэнне з доўгачаканай і знамянальнай нагоды – асвячэння званоў, якія па заказе храма былі выраблены звоналіцейшчыкамі Варонежа. Таксама быў асвечаны новы іканастас.
Божую Літургію ўзначаліў архімандрыт Нікадзім (Генералаў) з Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра ў саслужэнні протаіерэя Генадзія Логіна са Слоніма, благачыннага Карэліцкага благачыння іерэя Максіма Цыгеля, настаяцеля храма святых апосталаў Пятра і Паўла іерэя Георгія Савіцкага, настаяцеля храма прарока Іліі вёскі Альхоўка іерэя Ігара Пятроўскага і дыякана Паўла.
Архімандрыт Нікадзім звярнуўся да прыхаджан з пропаведдзю, у якой выказаў задавальненне тым, што па малітвах да Госпада нашага Іісуса Хрыста астравецкае благачынне паспяхова развіваецца, храм упрыгожваецца, і пажадаў прыходу далейшага працвітання.
Затым адбылося асвячэнне іканастаса і званоў. Святары паднялі на спецыяльным прыстасаванні адзін з сямі званоў і айцец Генадзій тройчы пазваніў у яго. Голас звона быў сапраўды срэбны!
На ўрачыстым богаслужэнні прысутнічалі намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла і галоўны спецыяліст ідэалагічнага аддзела Таццяна Мікалаеўна Букель, якія павіншавалі настаяцеля храма айца Георгія і прыхаджан са знамянальнай падзеяй.
Напрыканцы ўрачыстасці група найбольш актыўных прыхаджан была адзначана памятнымі падарункамі – іконамі – за вялікі ўклад у абнаўленне і ўпрыгожванне храма.
Затым на магіле першага настаяцеля прыхода протаіерэя Паўла Варановіча была адслужана заўпакойная ліція.
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.
