В Островецком деканате назначен новый декан

Шляхі Госпада неспавядальныя. Гэта тут, на зямлі, нам здаецца, што мы ведаем больш,  лепш, глыбей, чым хтосьці другі. Мы ўпэўнены ў сваіх сілах і імчым па жыцці з такой хуткасцю, што прамаруджванню месца няма. І толькі тады, калі штосьці здараецца, з просьбай звяртаемся да Бога і да пастыра, які апякуецца, не шкадуючы сіл, сваёй паствай.
Пасля таго як ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула быў пераведзены ў Дзятлава, Варнянская парафія на тыдзень засталася без “апекуна”. Людзі чакалі, верылі і спадзяваліся… І нарэшце ў касцёле святога Юрыя з’явіўся новы пробашч, а ў Астравецкім дэканаце – новы дэкан: ксёндз Павел Звяжынскі.
Святар пагадзіўся адказаць на некалькі пытанняў нашага карэспандэнта і распавесці пра сябе і свае шляхі – да Бога і на Астравеччыну.

Кароткая біяграфічная даведка:
1992-1998 гады – вучоба ў Гродзенскай вышэйшай духоўнай семінарыі;
1998 год – пасвячэнне ў дыяканы і практыка ў Бярозаўцы (каля Ліды);
16 кастрычніка 1999 год – святарскае пасвячэнне з рук біскупа Аляксандра Кашкевіча;
17 кастрычніка 1999 года – прыміцыйная імша ў Лідскім касцёле Узвышэння Святога Крыжа;
1999-2003 гады – вікарый у Гродзенскім бернардынскім касцёле, парафіі Ружанцовай маці Божай у Радуні, касцёле святога Вацлава ў Ваўкавыску;
2003-2010 гады – капланства ў парафіі Найсвяцейшага Сэрца Пана Езуса ў Рандзілоўшчыне, у Падвялікім і Скрундзянах;
2009 год – Варшаўскі ўніверсітэт кардынала Стэфана Вышынскага;
2010 год – атрымаў ступень магістра тэалогіі;
2010-2013 гады – студыі доктарскія;
2013 год – атрыманне ступені ліцэнцьяту і дыплома аб заканчэнні ўніверсітэта тэалогіі і духоўнасці;
2010-2014 гады – душпастырства ў парафіі святога Юзафа ў Гродне;
Са жніўня 2014 – душпастырства ў парафіі святога Юрыя ў Варнянах;
Верасень 2014 года – прызначэнне дэканам Астравецкага дэканата.


– Ксёндз Павел, як вы ўспрынялі перавод у Варнянскую парафію?
– Я быў ксяндзом-пробашчам у парафіі святога Юзафа ў Гродне. Там была толькі каплічка, але планавалася ўзвядзенне касцёла на вуліцы Врублеўскага. Кожную нядзелю на імшу прыходзіла да пяцісот чалавек, сярод якіх – шмат моладзі. Мы, кансэкраваныя асобы, – афіцэры Хрыстусовы, бо складаем паслушэнства біскупу, абяцаючы заўсёды слухацца яго. Калі даведаўся аб пераводзе, пакорліва згадзіўся: “Калі трэба, то пасылайце”. Якраз у гэты час памёр мой бацька, пагэтаму мне далі на роздум два тыдні. Я думаў аб тым, як прарок Енаш уцякаў ад Бога на працягу трох дзён, аб сваім прызначэнні, парафіянах… І за гэты кароткі тэрмін канчаткова ўсвядоміў, што не трэба ўцякаць або хавацца ад Усявышняга – на ўсё яго воля. Біскуп Аляксандр Кашкевіч патэлефанаваў мне і сказаў, што ёсць дэкрэт аб маім накіраванні ў Варнянскую парафію Астравецкага дэканата.
– З якімі думкамі вы пакідалі Гродна і ехалі на душпастырскую працу на Астравеччыну?
– На маю апошнюю імшу ў Гродна прыйшло шмат парафіян – каб развітацца. Людзі шчыра маліліся разам са мной, а пасля святой імшы выказвалі словы ўдзячнасці. Прыйшлі развітацца і дзве бабулькі, якія не прапускалі ніводнай імшы. Яны дрэнна бачылі свет вачамі, але заўсёды бачылі душой Хрыста. Я адчуваў, што парафіянам складана мяне адпускаць. “Тры разы я вяртаўся ў Гродна: першы – падчас вучобы, другі – падчас душпастырства ў Бернардынскім касцёле, трэці – пробашчам парафіі святога Юзафа, пагэтаму можа надарыцца і чацвёрты раз, – сказаў я вернікам. – На ўсё воля Божая.” Кожнаму чалавеку, у тым ліку і святару, спачатку складана на новым месцы – усюды ёсць свае плюсы і мінусы – а пасля прывыкаеш. Мне дапамагае Маці Божая, абразік якой я заўсёды бяру з сабой.
– Калі наша варнянская парафія стане і вашай? Увогуле калі наступае момант еднасці ксяндза і парафіян?
– Я нядаўна злавіў сябе на гэтай думцы – і асэнсаваў, што цяпер гэта і мая парафія. Мне здаецца, што еднасць, пра якую вы гаворыце, адчувалася ўжо на першай маёй імшы. Калі ксёндз і парафіяне ўзносяць супольную малітву да Пана Бога – яны яднаюцца адзін з адным і з Усявышнім.
– Гродзенскі біскуп Аляксандр Кашкевіч прызначыў вас дэканам Астравецкага дэканата амаль праз тыдзень пасля таго, як вы прыехалі на Астравеччыну. Як вы ўспрынялі гэтую навіну?
– Я падзяліўся ёю на імшы са сваімі парафіянамі: уголас зачытаў ліст з біскупскім прызначэннем. Буду імкнуцца апраўдваць давер Бога, біскупа і вернікаў нашага дэканата.
– Раскажыце, калі ласка, крыху пра сябе.
– Нарадзіўся 15 жніўня 1975 года ў Лідзе ў каталіцкай сям’і. Мае бацькі, Зыгмунд і Францішка Звяжынскія, былі веруючымі людзьмі і кожную нядзелю хадзілі ў касцёл. Нягледзячы на тое, што яны зранку да вечара працавалі (тата – вадзіцелем, мама – бухгалтарам), малітву ў нас ніхто – ні я, ні мае сёстры Ганна і Дана – не прапускаў: маліліся ўсе разам і кожны паасобку, калі не выпадала сабрацца разам. Вялікія святы, асабліва Божае Нараджэнне і Вялікдзень, вельмі ўшаноўваліся ў нашай сям’і. На пярэдадні Ражаства я ўглядаўся ў цёмнае неба, каб адшукаць там зорачку – знак, што Збаўца прыйшоў у гэты свет. Толькі пасля таго, як яна загаралася, мы сядалі за стол, засланы белым абрусам, дзяліліся аплаткай, спявалі “Калядкі” і абавязкова ішлі на набажэнства.
З ранняга дзяцінства мама і тата бралі мяне на імшу. Бацька ў Лідзе-фары паслугаваў пры касцёле – дарэчы, там я быў ахрышчоны, і першую камунію прымаў там жа. Да яе мяне рыхтавала мама. Каб я лепш ведаў малітвы, часам не пускала з сябрамі ганяць мяч. І за гэта я ёй вельмі ўдзячны! Таму што экзамен мы здавалі за зачыненымі дзвярамі ксяндзу Станіславу Роеку, а толькі пасля прымалі сакрамэнт камуніі. Зараз дзеці і іх бацькі фатаграфу юцца пасля святой камуніі, а ў той час такога не было. Пагэтаму ўсе ўспаміны аб той урачыстасці адбіты не на фотаздымку, а ў памяці.
– Што яшчэ вам асабліва запомнілася з дзяцінства?
– Памятаю, як бацька нам з сястрой чытаў біблію – не дзіцячую, якую зараз знайсці няцяжка, а сапраўдную. Мы з непрыхаванай цікавасцю і незразумелым шчымленнем слухалі тэкст і каментарыі да яго. А ў нядзелю ўсе разам ішлі на імшу. Здаралася, што прысутнічалі за дзень на трох набажэнствах. Аднак з-за гэтага былі пэўныя праблемы. За адданасць касцёлу нашай сям’і не далі кватэру. Бацьку звольнілі з працы, бо ён ездзіў у Маскву, каб не зачынілі Фарны касцёл у Лідзе. А нас, траіх дзяцей, трэба было карміць, апранаць і абуваць. Але тата ніколі не наракаў на лёс, не скардзіўся і не злаваўся на людзей. Усе жыццёвыя перашкоды яму дапамагала вынесці вера. Калі пачаліся праследаванні ксяндза Роека, тата не пабаяўся паехаць у Маскву да ўпаўнаважнага па справах рэлігій. Ён быў адданым касцёлу і Богу. Светлай памяці майго таты Зыгмунда парафіяне прысвяцілі верш:


Прымай, касцёл, свайго пасланца,
Свайго адданага слугу.
Быў ціхі, толькі не збаяўся
Для праўды ехаць у Маскву.
Цаной таму была кватэра,
Мяшканне, уласнае жыллё.
І даражэй было жыццё для Пана –
Яму ён прысвяціў жыццё.
І сярод нас быў, пэўна, першым,
Хто сына ўласнага паслаў,
Каб быў для Пана слугам верным,
Бо верным быў для Пана сам.
Спачні ў гробе, слаўны браце,
Прымі, Гасподзь, свайго слугу.
З табою жыў, смяяўся, верыў,
Жыццём спяваў Табе хвалу.


– Бацькі з дзяцінства паказалі вам дарогу ў храм і да Бога. Але як вы распазналі сваё пакліканне і хто вам у гэтым дапамог?
– Мне заўсёды падабалася ўдзельнічаць у святой імшы. З дзевяцігадовага ўзросту я паслугаваў у Мінойтах – гэта ў 15 кіламетрах ад Ліды. У 90-х гадах пачалася “адліга” – па ўсёй Беларусі сталі адкрывацца касцёлы. Ксёндз Вінцэнт Лісоўскі, які працаваў у Тракелях, узначаліў яшчэ і адноўлены прыход у Суботніках. Я прапанаваў яму сваю дапамогу – і стаў першым містрантам. Затым у касцёл пацягнуліся і іншыя хлопчыкі. Праз некаторы час ксяндза Лісоўскага перавялі ў Гродзенскую духоўную семінарыю пракуратарам. На развітанне ён сказаў мне толькі адну фразу: “Чакаю ў семінарыі”. Гэтыя словы запалі мне ў душу. Унутрана я змагаўся з сабой, думаў, што немагчыма столькі вучыцца, што ў мяне нічога не атрымаецца. Аднак пасля заканчэння школы ў 1992 годзе ўсё ж вырашыў падаць дакументы ў духоўную семінарыю. У Гродна, літаральна ля ўваходных дзвярэй гэтай навучальнай установы, я сустрэў ксяндза Вінцэнта Лісоўскага, хоць ён на той час ужо не працаваў у семінарыі. Напэўна, гэта быў Божы знак.
Да каго вы звяртаецеся ў складаных сітуацыях і каго з нябесных заступнікаў лічыце сваімі апекунамі?
– У першую чаргу малюся Маці Божай – магчыма, таму, што нарадзіўся ў дзень Унебаўзяцця Найсвяцейшай Марыі Панны. Марыя – наша маці, і яна, як ніхто, разумее нас, сваіх дзяцей. Бяру прыклад з Пана Езуса – ён наш збаўца і лекар, таксама звяртаюся да святога Юзафа. Ну і, канешне, да святых апосталаў Пятра і Паўла.
– Што б вы параілі людзям, якія страцілі Бога або, наадварот, толькі шукаюць дарогу да яго?
– Тэалогія духоўнасці вызначае тры дарогі – ачышчэння, святасці і злучэння з Богам. Вядома, што звычайныя людзі не могуць стаць містыкамі, але наблізіцца да Пана можа кожны з нас праз малітву. Трэба не баяцца адкрыць сваё сэрца Езусу. Трэба звяртацца да яго словамі апостала Яна і прасіць “навучыць нас маліцца”. Сваімі словамі, думкамі набліжацца да яго. Мы часта молімся па звычцы або з абавязку і забываем пра тое, што малітва – гэта мудрасць. Яе трэба палюбіць, як і людзей, бо Бог ёсць любоў, і ён можа паказваць чалавеку свае цуды. Я быў сведкам не аднаго навяртання. Так, у Гродне мы наведвалі хворых у рэанімацыйным аддзяленні адной з бальніц. Чалавек, які не спавядаўся каля 20 гадоў, адкрыў сваё сэрца Пану Езусу. Праз нядзелю, калі мы ізноў прыйшлі ў тую бальніцу, гэтага мужчыну я застаў у звычайнай палаце: ён пайшоў на папраўку.
– Што рабіць чалавеку ў крызіснай сітуацыі – такой, напрыклад, як хвароба?
– У першую чаргу трэба звяртацца да Бога. І ісці ў касцёл, нават калі там нікога няма. Зараз шмат духоўнай літаратуры, у якой апісаны духоўныя практыкі і прыклады з жыцця святых. Усе мы – слабыя людзі, і нам складана несці крыж, нам ён здаецца занадта цяжкім, мы ад яго ўцякаем. У такія хвіліны трэба звяртацца да маці Божай – яна прывядзе да Хрыста. Не трэба ўцякаць ад волі Божай, трэба давяраць Усявышняму. Мы часта не цэнім таго, што маем, што атрымалі ад бацькоў. А Пан Бог дае шмат дароў, пра якія чалавек успамінае, калі траціць іх.
Вельмі часта бывае складана прыняць крыж – хваробу. Я таксама моцна хварэў. Памятаю, як пасля выпіскі з бальніцы адпраўляў імшу: здавалася, што не змагу адслужыць да канца – падкошваліся ногі і сэрца выскоквала з грудзей. Аднак Бог зрабіў так, што я змог, нягледзячы на дрэннае самаадчуванне, разам з парафіянамі ўдзельнічаць у радасці жыцця – Святой імшы. Мой боль у параўнанні з цярпеннем Пана Езуса, які нёс свой непасільны крыж, нязначны.
– Вы згодны з выслоўем, што самае складанае ў свеце – гэта даглядаць старых і маліцца?
– Малітва сакральная. Малітва – адкрытае сэрца. Малітва – размова з Усявышнім. Кожнае слоўца ў думках або ўголас трэба прамаўляць свядома. Малітва пры ўключаным тэлевізары або механічная малітва, калі думкі занятыя штодзённымі клопатамі і праблемамі, нікому не патрэбна. Маліцца – значыць расці над сабой, духоўна набліжацца да Бога, быць “затопленым” малітвай. Трэба памятаць пра дары Духа Святога, бо ён дае мудрасць, умацоўвае веру, надзею і любоў, а людзі часта забываюць пра трэцюю асобу Бога. Трэба маліцца не словамі, а сэрцам. Цяжка несці крыж толькі тады, калі ты духоўна не развіваешся. Мы не прыходзім у гэты свет дасканалымі: цэлае жыццё вучымся быць лепшымі. Бо ў небе нас чакае тое, што вока не бачыла і вуха не чула. Праз малітву мы набліжаемся да валадарства Божага. Некаторыя кажуць: маўляў, доўгая імша. А вось за часам, патрачаным на сям’ю, захапленні, работу, яны не сочаць.
– Некаторым вернікам на імшы перашкаджаюць маліцца дзеці. Скажыце, з якога ўзросту можна браць дзяцей у касцёл?
– Пан Езус казаў: “Не перашкаджайце дзецям прыходзіць да мяне”. Касцёл заўсёды адкрыты для ўсіх людзей незалежна ад іх узросту. І Пан Езус заўсёды чакае кожнага з нас.
– Дзякуй за гутарку. Няхай Божая апека дапамагае вам у нялёгкай пастырскай працы.


------------------------------------------
Размаўляла Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.