В Михалишковском костёле отметили престольный праздник

Успамін арханёла Міхаіла каталіцкі свет адзначае 29 верасня. Менавіта ў гэты дзень веручыя Міхалішкаўскай парафіі разам з ксяндзом-пробаршчам Анатолем Захарэўскім віталі свайго апекуна на адпустовай урачыстасці.

У гэты дзень касцёл святога Міхаіла Арханёла ў Міхалішках быў перапоўнены – радасцю парафіян ад супольнай малітвы і людзьмі. На ўрачысты адпуст прыехалі святары з Астравецкага дэканата і госці, прычым не толькі з раёна, але і з далёкіх куточкаў Беларусі, таму што міхалішкаўскі касцёл, пабудаваны ў 1653 годзе на левым беразе Віліі, вабіць сваёй гратэскнасцю і веліччу архітэктуры і ўнутранага ўбранства.
Урачыстую адпустовую Імшу адправіў дэкан Астравецкага дэканата Павел Звяжынскі, а казанне меў ксёндз Юрый Барташэвіч. Святар у гаміліі звярнуў увагу на асобу апекуна міхалішкаўскага касцёла. Імя Арханёла Міхаіла азначае “Хто як Бог?”. Гэтае пытанне павінен задаваць сабе кожны веруючы чалавек, каб успрымаць сябе ў сваім абмежаваным чалавечым існаванні. Таму што толькі тады, калі ты бачыш і  адчуваеш свой Боскі пачатак, але пры гэтым ведаеш свае хібы і заганы, можаш наблізіцца да Уладара.
Арханёл Міхаіл лічыцца адным з наймацнейшых анёлаў. На абразах яго часта паказваюць з вагамі ў руках. Вернікі і госці міхалішкаўскага касцёла на адпустовай урачыстасці звярталіся да свайго патрона, абаронцы чалавека ад злога з малітвай – за сябе, за бліжняга і за ўсю Беларусь, каб на ўяўных шалях заўсёды перамагала Вера, Надзея і Любоў.


-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.