В католическом Костёле сегодня начинается Великий пост
У каталіцкім Касцёле сёння распачынаецца Вялікі пост. І Папяльцовая серада з’яўляецца першым днём саракадзённай падрыхтоўкі да Вялікадня – галоўнага хрысціянскага свята, якое сёлета рыма-католікі будуць адзначаць 5 красавіка.У Папяльцовую сераду святар пасыпае галовы вернікаў попелам, атрыманым ад спалення асвечаных у Пальмавую нядзелю мінулага года вербачак. І да кожнага ён прамаўляе знаёмыя з дзяцінства словы: “Памятай, што ты – прах, і ў прах вернешся.”
Гэтая старажытная каталіцкая традыцыя сімвалізуе наша пакаянне і часовасць на гэтай зямлі. Падчас Вялікага посту мы павінны падрыхтавацца да ўваскрашэння Сына Божага праз малітву, добрыя справы і духоўны рост. Вялікі пост – гэта не проста абмежаванне ў ежы, забавах, але і спроба нешта змяніць у сваім жыцці да лепшага. Праз асабістыя пастановы дапамагчы несці крыж Езусу. Праз дапамогу бліжняму стаць больш уважлівым да тых людзей, якія зараз церпяць пакуты і нястачу. Не адкладваць на заўтра тыя справы, якія можна зрабіць сёння. Мы павінны заўсёды памятаць аб тым, што пакінем пасля сябе, акрамя жменькі попелу…
Аб традыцыях, сімвалах Вялікага посту і парадах святара на гэты перыяд чытайце ў адным з бліжэйшых нумароў газеты.