В Камаях отметили 125-летие Казимира Сваяка
Колькі б ні было сказана і напісана слоў пра Казіміра Сваяка – чалавека-прарока, чалавека-генія, чалавека не свайго часу – іх ніколі не бедзе зашмат. Ён апярэдзіў эпоху, у якой жыў і служыў Богу і людзям, на стагоддзі. Яго духоўная спадчына, як ледзьве чутны плач жалейкі, праз вякі будзе кранаць душы людзей і абуджаць у іх самае светлае, добрае і сапраўднае. Казімір Сваяк пры жыцці зведаў холад праследаванняў, сутыкаўся з непаразуменнем з боку простых людзей, спазнаў цяжкія абдымкі хваробы, аднак нішто не прымусіла яго адрачыся ад мовы, веры і сваёй сутнасці: ён дбаў не пра сябе, а пра простага чалавека.“Кажуць, нас мала…
Няпраўда, паночкі!”
Імя Казіміра Сваяка – прарока Айчыны – уславяць яго нашчадкі: будзе ўкладзена і выдадзена кніга з яго выбранымі творамі; у касцёлах, дзе ён нёс душпастырскую службу, установяць памятныя дошкі; вясковая хатка, дзе нарадзіўся і гадаваўся Канстанцін Стэповіч, стане домам-музеем, а яго духоўныя сваякі штогод будуць ладзіць імпрэзы і вечарыны ў гонар святара і песняра ў Клюшчанах, Мінску, Камаях, Засвіры...

Казімір Сваяк працягвае жыць у сваіх вершах, словах, п’есах, казаннях, публіцыстычных творах, адначасова глыбокіх і простых. Здаецца: менавіта да цябе ён звяртаецца “тутэйшымі”, знаёмымі з дзяцінства слоўцамі. Цяжка паверыць, што мінула ўжо 125 гадоў з дня яго нараджэння; што роўна стагоддзе назад Казімір Сваяк высвенціўся на святара і адслужыў сваю першую імшу ў родным Клюшчанскім касцёле; што менавіта на 2015 год прыпадае векавы юбілей з пачатку яго святарскай дзейнасці ў Камаях…Заўсёды, калі ўпершыню пераступаю парог святыні, у якой Казімір Сваяк адпраўляў службы і па-беларуску, нягледзячы на татальнае засілле ў касцёлах польскай мовы, даносіў навуку да прыхаджан, імкнуся ўявіць, як ён тут адчуваў сябе, пра што мог думаць перад імшой… Клюшчанскі касцёл святога Яўхіма сёлета, калі на вуліцы валадарыла квяціста-белая вясна, сустрэў мяне цёпла і неяк па-дамашняму: тут я адчула сябе дзіцем, якога драўляныя сцены прымаюць безумоўна, з хібамі, заганамі і чалавечымі слабасцямі. Касцёл Святой Тройцы ў Засвіры, яго халодныя і маўклівыя муры, пранізаныя наскрозь незразумела-невымоўным забыццём, здаліся чамусьці непрыветнымі: менавіта перыяд службы ў Завірскай парафіі быў самым складаным для Сваяка.
Пра энергетыку Камайскага касцёла і яго пробашча Яцэка Хутмана я ведала толькі з расповедаў знаёмых. Пра энергічную дзейнасць ксяндза, яго адраджэнне касцёла і імён людзей, якія дбалі пра веру, не аднойчы расказвалі астравецкія краязнаўцы.
Як заўсёды, “хаўрус” астравецкіх “сваякоў” на ўрачыстасць у Камаі збірала нястомная Іаланта Валуевіч. Аднак менавіта ў мінулую нядзелю многія штогадовыя ўдзельнікі сваякоўскіх сустрэч не змаглі выправіцца ў Камаі: знаходзіліся неадкладныя справы, узнікалі пэўныя праблемы і перашкоды… Дзякуючы Наталлі, якая ў апошні момант даведалася пра ўрачыстасць і не пашкадавала свайго часу, каб паехаць у Камаі, я ўпэўнілася ў тым, пра што чула неаднойчы, як Казіміру Сваяку там было добра. Нездарма ў сваім дзённіку ён пісаў: “…Прыехаў на свой вікарыят у Камаі. Беларусь шчырая. Нават разгаварыцца іначай трудна. Касцёл падобны да нейкай крэпасці з сярэдніх вякоў. Пробашч чалавек залаты. Пакуль што яшчэ нічога не раблю. Хаджу ў лес, аглядаю месцы, пазнаю людзей. Наагул здаецца, што тут дрэнна не будзе…”“Усім для шчасця патрэбна Бога”
Урачыстасць, прысвечаная сакрамэнту канфірмацыі, асвячэнню адноўленых фрэсак і нашаму земляку Казіміру Сваяку, у мінулую нядзелю сабрала вернікаў розных узростаў у Камайскім касцёле Святога Яна Хрысціцеля. Прыехалі і землякі Казіміра Сваяка, каб ушанаваць яго памяць. Колькі было людзей! На чале з біскупам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам у святой імшы ўдзельнічалі пробашч Камайскай парафіі Яцэк Хутман, пробашч касцёла святога арханёла Міхала ў Міхалішках Анатоль Захарэўскі і ксёндз Віктар Місевіч.
Сакрамэнт біжмавання з рук біскупа атрымала і моладзь, і больш сталыя людзі, якія прыйшлі да Бога асэнсавана, праз гады нявер’я і ўнутраных пошукаў.
У гаміліі біскуп Алег Буткевіч разважаў не толькі пра таінства прыняцця дароў Духа Святога, але і пра веру ўвогуле.
– Чалавек шукае дарогу да Бога стагоддзямі. Многія просяць Яго аб нечым – але чамусьці не атрымліваюць. У чым пытанне? Мы шукаем не тое, чаго хоча Бог, а – мы. І Казімір Сваяк, і Ежы Папялушка, якія на алтар служэння паклалі сваё жыццё, натхняліся Божым дарам. Паглядзіце на хараство касцёла, на адноўленыя фрэскі, – звярнуўся да веруючых іерарх. – Кожны з нас павінен дбаць пра выгляд сваёй унутранай святыні – душы, каб Бог у ёй сябе добра адчуваў.
“…Няхай пачуе родны край душу сваю”
У вузкім коле аднадумцаў крынічкай пацякла размова пра Казіміра Сваяка ў плябаніі, дзе на сценах побач з фотаздымкам Канстанціна Стэповіча і благаславёнага Ежы Папялушкі вісіць выява першадрукара Францыска Скарыны. Нездарма біскуп Уладзіслаў Блін неяк сказаў: “Як добра бываць у Камаях!”.
Іаланта Францаўна, якая заўсё-ды старанна рыхтуе імпрэзы і знаёміць з асобай Сваяка з кожным годам усё больш і больш людзей, падзякавала ксяндзу Яцэку за тое, што Камайская парафія і яе пробашч робяць усё магчымае для ўшанавання памяці Казіміра Сваяка. Таксама яна расказала пра дарогу Канстанціна Стэповіча да святарства.
Вядомы краязнаўца, чыйго бацьку вучыў сам Сваяк, Іван Драўніцкі, мастак Алесь Цвыркуноў, парафіянкі Генавефа Дубіловіч і Яніна Сінкевіч, якая пранікнёна прачытала верш “Грэшніца” і шчыра расказала пра ўласнае навяртанне, – усе знайшлі словы расказаць пра свайго і нашага Казіміра Сваяка.
Па традыцыі цудоўным аздабленнем сустрэчы сталі спевы і музыка ад “Балцкага Субстрата” і яго лідара Максіма Іўкіна. Іх галасы заўсёды шчырыя: пранікаючы ў душу, лёгкім ветрыкам дакранаюцца да самай тваёй існасці. Як па мне, то калі гаварыць пра Казіміра Сваяка – дык толькі так: ад душы. Тады гэтая шчырасць зараджае іншых нябачным святлом, якое праз усё жыццё нёс у сабе Казімір Стэповіч і якое пакінуў у дзённіку, вершах і паэмах.
Напрыканцы сустрэчы ўсе прысутныя, дзякуючы памочніку ляснічага Кямелішкаўскага лясніцтва Святлане Буланавай, напісалі беларускую дыктоўку. Рука на цнатлівым белым аркушы выводзіла запаветныя, гаючыя і такія важныя словы Казіміра Сваяка пра стройную і гарманічную – нашу мову: “Благаслаўлю час, у каторым мы аглянуліся і зразумелі пекнасць, хараство мовы роднае, узяліся падняць яе жывую з дамавіны грабавой, даць ёй належнае месца і права…”-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота аўтара і А. Ючкавіч (catholic.by).