В Камаях отметили 124-й день рождения Казимира Сваяка

3
Нядаўна даведалася: хтосьці збіраецца абараняць ступень магістра па тэме, прысвечанай асаблівасцям гаворкі на Астравеччыне, і шукае носьбітаў яе арыгінальнасці. І каго б вы параілі? Я прапанавала б азнаёміцца з творчасцю Казіміра Сваяка. Вось дзе напластаванні непаўторнасці астравецкай мовы. Вершы і проза святара-паэта таму, пэўна, так блізкая нам, таму “прабіраюць” глыбока – ажно да самага сэрца, што напісаны “па-нашаму”.
Здавалася б, біблейскі сюжэт, растыражаваны, раскаменціраваны, перакладзены на ўсе магчымыя мовы. А Казімір Сваяк напісаў яго на мове Астравеччыны. І прачытаць тую ж “Грэшную” без салёнага камяка ў горле немагчыма. І з сухімі вачыма праслухаць, як нехта яе дэкламуе, таксама.


– …У гэтай грамадзе,
У хітрым нарадзе
Йшло шмат на кніжках вучоных:
Вялі блудну дзеву…
Былі поўны гневу…
Злавілі іх грэхам злучоных…
…Вучоныя з кніжкі
Чыталі запіскі…
А Хрыстус ўглядаўся ў крыніцу,
А после скланіўся,
Ніжэй нахіліўся, –
Пісаў на жвірочку тайніцу…
…”Устань з прыніжэння,
Ідзі на цярпенне,
А больш не грашы… аніколі…”
Яна ціха ўстала:
“О Раббі”, – шаптала…
А сэрца самлела ад болю.

У мінулую нядзелю ў Камайскай парафіі Яна Хрысціцеля адзначалі 124-ы дзень нараджэння святара, філосафа, паэта Канстанціна Стэповіча (Казіміра Сваяка). На імправізаваным канцэрце ў гонар светлай памяці імянінніка гэты верш прачытала настаўніца мясцовай школы Яніна Сінкевіч. Прачытала проста, выказваючыся па-школьнаму, “без выражэння”, але “ціш стаяла вялікая” і на партрэт Сваяка (той самы –
“у белым каўнерыку”) слухачы ўзіраліся вільготнымі вачыма.
Вось яна, моц роднага слова.
***
Нядзельная Імша ў Камайскім касцёле пачынаецца ў 9.30, таму ў дарогу мы выбраліся а палове восьмай.
…Туман, нарадзіўшыся з вечара, за ноч не толькі не памёр, але яшчэ больш узмацніўся. І святло фар з цяжкасцю прабівала дарогу скрозь яго вязкую бесцялеснасць. У салоне было цёпла, але шэрыя лахманы туману лізалі лабавое шкло, чаплялі-слізгалі па бакавых. Свет за вокнамі іншамаркі ніяк не мог намацаць уласныя фарбы, і настрою гэта не дадавала.
Развіднела толькі за Канстанцінавам.
Круцім амаль што васьмёркі па дарозе, якая бяжыць скрозь лес. Нарэшце паварот направа – наперадзе 14 кіламетраў ухабістай прасёлачнай дарогі. Нелюбімы, наўпрост скажам, участак, пераадольваючы які (а на дзень нараджэння Сваяка едзем ужо ў дзявяты раз), кожны раз адчуваеш няёмкасць перад гаспадаром машыны.
Вельмі хутка стала ясна: ямы і ўхабы дарогі на Камаі – толькі “кветачкі”. “Ягадкі” даспелі якраз сёння. І імя ім – беспрасветная гразь…
Грунтовачка на Камаі безнадзейна раскісла. У спадзяванні, што балаціна разлеглася ўсяго на некалькі метраў, Людвіка смела цісне на педаль газу. Кіламетр, два… Раз за разам машына правальваецца “па бруха” – рухавік, хаця і з прыкметнай натугай, але выцягвае. Пакуль... Паніка ў салоне, пасажыры якога прадстаўлены выключна цудоўнай паловай чалавецтва, нарастае…
Апагей бездарожжа падсцерагае якраз пасярэдзіне дарогі – паварочваць назад ужо няма сэнсу. Тым больш, што наўрад ці пасярод гэтай багны ўдасца развярнуцца, не завязнуўшы. Але неяк сунемся. Пакуль не даганяем рэйсавы аўтобус. Вялікі і цяжкі, ён пакідае пасля сябе глыбокія каляіны, якія для нашай іншамаркі – як пастка. І ні аб’ехаць, ні абагнаць…
– Што я забылася ў гэтых Камаях?! – не вытрымлівае, гнеўна пляскае па рулі Людвіка. – Злажу ў гэтым балоце машыну! Навошта мне ўсё гэта здалося?!
У адказ – панічная цішыня. Мы, пасажыркі, баімся варухнуцца. Толькі Таццяна нервова корпаецца ў сваёй сумачцы.
– Недзе быў валідол, – ледзь чутна шэпча яна.
– І мне дай, – кажу…
– І мне, – падхоплівае Іаланта.
– Няма, – перавярнуўшы сумку, уздыхае Таццяна. – Забылася…
Нарэшце трапляецца кавалак больш-менш цвёрдай абочыны, і Людвіка, парушаючы ўсе правілы, абганяе аўтобус з правага боку.
Дарога (нібы толькі і чакала гэтага) – стала прыкметна цвярдзейшай. Яшчэ кіламетры два, і мы – о, Божа! – нарэшце ў Камаях.
Выкульваемся з машыны на “раз”. І на няцвёрдых ад перажытага страху нагах моўчкі кіруемся ў касцёл. Людвіка застаецца ў машыне – апусціла галаву на рукі, якія паранейшаму на рулі, і не рухаецца…
Не здзіўлюся, калі яна не знойдзе сіл да нас далучыцца.
Але за хвіліну да пачатку Імшы Людвіка сядае на лаўку побач з намі...
А потым загучаў арган і высокі жаночы голас зазвінеў у настылым паветры неацепленага храма сотняй малінавых званочкаў:
– …Моў прыгожых ёсць на свеце многа,
Ды найпрыгажэйшая свая.
Як на беларускай мове з Богам
Годна прамаўляў святар
Сваяк…
Немудрагелістыя словы Станіслава Валодзькі, праставатая мелодыя Аляксандра Якіменкі, а сэрца ад лавіны эмоцый гатова было спыніцца…
Уся Імша прайшла на гэтым неверагодным заломе пачуццяў: і “маліцеся за мяне, браты і сёстры”, і паднясенне, і “знак супакою”… Казанне пробашч касцёла, ксёндз Яцэк Хутман, прысвяціў тэме “Любоў да ворага” – ва ўласцівай яму глыбока-філасофскай манеры ён разважаў пра варожасць наогул: пра тую невытлумачальную лёгкасць, з якой мы ўзводзім у ранг ворага калегу па працы, які нас пакрытыкаваў, суседку, курыца якой падзерла наш агарод, знаёмага, што пры сустрэчы не павітаўся…
– Хіба ж гэтыя людзі нам – ворагі? – пытаўся ў паствы святар. І сам адказваў: – Вядома ж, не. Гэта людзі, якія па нейкай прычыне выклікаюць у нас адмоўныя эмоцыі – не больш таго. І прабачыць ім іх віны, ці, выказваючыся мовай Хрыста, палюбіць іх, мы можам і нават павінны. З любоўю да сапраўднага ворага значна складаней – мы, людзі, занадта слабыя духам, каб палюбіць яго. Прынамсі, пакуль слабыя…
***
Пасля заканчэння Імшы – музычна-паэтычная частка імпрэзы, прысвечаная святару-паэту. Людвіка сваё вітальнае слова пачала нечакана:
– Хачу адразу пакаяцца… Там, на дарозе, калі сітуацыя пачала выходзіць з-пад кантролю… Я сказала: непатрэбна мне гэта паездка! А пабыла на Імшы ў вашым касцёле – і слоў не хапае, каб выказаць, якой патрэбнай яна аказалася… Прабачце. І дзякуй вам вялікі за сумесную малітву і памяць…
Людвіка расказала таксама, што напярэдадні на магіле Казіміра Сваяка ў Вільні адбыўся памінальны малебен, які правёў малады ксёндз Даніла Мысліўцаў.
Музычная частка ўрачыстасці (ужо ў трэці раз) – прэрагатыва высокапрафесійнай групы “Балцкі субстрат” пад кіраўніцтвам Максіма Іўкіна. Выпускнікі Беларускай акадэміі музыкі выканалі шмат твораў, але аснову канцэрта склалі песні, напісаныя на словы Казіміра Сваяка яго братам Альбінам Стэповічам і самім Максімам Іўкіным. Прыгожая музыка, цудоўнае выкананне і НАШЫ словы Сваяка – цёпла стала ў прамерзлых паўтарамятровых сценах старажытнага касцёла-крэпасці…
***
Пасля ўрачыстасці… Падчас кава-паўзы я звярнулася да ксяндза Яцэка:
– З гэтай сённяшняй дарогай… Мы ўсе так расстроіліся… Прывыклі, што Казімір Сваяк ў такія дні апякуецца кожным з нас… Як гэта было з устанаўленнем памятнага каменя, які літаральна сам улёгся на патрэбнае месца… З навальніцай, якая, калі прыйшоў час выходзіць з машын, раптоўна скончылася… А сёння гэты туман, шэрань і багна замест дарогі …
– Вось ужо сапраўды бессмяротны Тамаш Няверуючы… – усміхнуўся святар. – Але ж гэтая багна не засмактала ваш аўтамабіль! Хоць у прынцыпе павінна была… І ніводнага каменя, які мог бы нанесці шкоду машыне, вам таксама не трапілася… Вы пераадолелі непераадольнае... Не здагадваецеся, з чыёй дапамогай? А што тычыцца шэрані… Гляньце ў акно! Бачыце, якое вясёлае сонца зайграла ў небе? Як заўсёды…
Як заўсёды! Кожная імпрэза, прысвечаная Казіміру Сваяку, адбываецца ў промнях яркага сонца. З году ў год. Якім бы непагодлівым ні выглядала надвор’е з раніцы…


---------------------
Ганна ЧАКУР, фота аўтара.