В Гудогайском костёле состоялась скайп-молитва
Ружанец – гэта малітва не толькі людзей сталага ўзросту. Яна патрэбна і моладзі. Па ініцыятыве душпастырства студэнцкай моладзі Гродна “Open” у рамках Руханцовага Кангрэсу адбылася скайп-малітва на Ружанцы. Маладыя людзі з Гродзенскай дыяцэзіі, у тым ліку і з Гудагайскай парафіі, дзякуючы гэтай ініцыятыве змаглі зразумець, што яны – не адзінокія ў сваіх праблемах і штодзённых пытаннях; што для Бога няма выбраных; што кожны, хто просіць, будзе пачуты Усявышнім…Папярэднічала гэтаму 56-е пленарнае пасяджэнне каталіцкіх Біскупаў Беларусі. На ім было прынята рашэнне аб правядзенні ў Беларусі ў межах Года малітвы Ружанцовага кангрэсу. Першая частка праводзілася ў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, другая – у Віцебскай дыяцэзіі, за трэцюю частку была адказная Гродзенская дыяцэзія, а за чацвёртую – Пінская. Моладзь з нашай вобласці (Лідская, Гудагайская, Воранаўская, Навагрудская, Гродзенская парафіі) з’ядналася ў супольнай малітве на ружанцы…
Гудагайскі касцёл Адведзінаў Найсвяцейшай Пан-ны Марыі ў адзін з кастрычніцкіх дзён сабраў моладзь з усёй ваколіцы: школьнікі пасля заканчэння заняткаў спяшаліся ў храм, студэнты са сталічных і абласных універсітэтаў імчалі дамоў… Каб памаліцца. Каб у каторы ўжо раз пацвердзіць ісціну: для размовы з Богам няма перашкод. Каб упэўніцца, што Усявышні чуе кожнага, нягледзячы на адлегласць, прафесію і захапленні. Каб у ружанец супольнай малітвы ўплесці пацерку свайго прашэння або падзякі.
Цэнтрам скайп-малітвы стаў рэктаральны касцёл (Пабрыгідскі) Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі. Вернікі з пяці парафій у рэжыме анлайн узносілі свае просьбы і падзякі да Бога і “свяціліся” душамі, словамі, ахвяраваннямі… Таму што супольная малітва на ружанцы дзесьці ўнутры пасяляе ўпэўненасць, што ты – не адзін у гэтым свеце.
Уражанні ўдзельнікаў:
Парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі
Карына Янцэвіч, вучаніца 10 класа сярэдняй школы №1 г.Ашмяны:
– Малітва такога кшталту для мяне стала адкрыццём. Я заўсёды думала, што праз скайп можна толькі стасавацца з сябрамі. Аказваецца, памылялася.
Малітва на ружанцы праз скайп яднала. Яна дала магчымасць моладзі з розных парафій стаць адным цэлым. Нават тэхнічныя перашкоды (падчас скай-малітвы ў адной з парафій былі праблемы з гукам. – заўв. аўт.) не змаглі парушыць адзінства ў малітоўнай сустрэчы. Вельмі хочацца, каб гэтая першая для мяне спроба інтэрактыўнай малітвы стала традыцыйнай.
Парафія Узвышэння Святога Крыжа ў Лідзе (Ліда-Фара)
Ліза Безмяльніцына, 17 гадоў:
– Уражанні ад малітвы ў Лідзе-Фары праз скайп складана перадаць словамі: гэта адначасова ўнутрана і разам з людзьмі, паглыблена і эмацыйна… Магчыма, гэтая малітва ўдвая ўзмацніла мае эмоцыі з-за таго, што я рэдка бываю дома, таму што вучуся ў Мінску. Чуць “Ойча наш” і “Вітай, Марыя” з вуснаў лідчан, маліцца разам з вернікамі з парафіі, дзе ў мяне шмат сяброў, знаёмых і блізкіх сэрцу людзей, – гэта падарунак Пана Бога. Таму што ў нас, маладых людзей, часта не хапае часу не тое што на сумесную малітву, а нават на стасункі. Лёс раскідаў нас па розных куточках Беларусі – мы рэдка бачымся адзін з адным.
Падчас гэтай малітвы адчуванне, што мы разам, побач адзін з адным, накрывала “з макаўкай”. І што б нас ні падзяляла – кіламетры, людзі, захапленні – мы ра-зам і мы славім Пана Бога.
Канешне, малітва праз скайп была прыемнай удвая, таму што разам са звычайнай моладдзю Гродзенскай дыяцэзіі маліўся і дапаможны біскуп Юзаф Станеўскі.
Парафія Адведзінаў Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гудагаі
Артур Янцэвіч, студэнт, 18 гадоў:
– Чамусьці лічаць, што чалавек можа маліцца толькі праз унутраную паглыбленасць і засяроджанасць, каб нічога не перашкаджала і ніхто не адцягваў увагу, – ты сам-насам з Богам.
Аднак для мяне стэрэатып аб своеасаблівым аскетызме малітвы разбурыла малітва на ружанцы ўсёй моладзі Гродзенскай дыяцэзіі праз скайп. Я ўпершыню ўдзельнічаў у такой малітве. Гэта было незвычайна і класна! Я зразумеў, што маліцца трэба не толькі тады, калі табе чагосьці не стае ў жыцці, што ад малітвы не трэба чакаць аддачы. Дастаткова толькі ўзнесці падзяку Усявышняму, як усё наладжваецца.
Свае духоўныя патрэбы я задаволіў у рэжыме анлайн з дзясяткамі такіх жа, як і сам, маладых людзей і дзяўчат – і зразумеў, што не адзін у сваёй веры.
-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.