В гервятском костёле Святой Троицы прошёл концерт органной и вокальной музыки
І зноў у мінулую суботу ўсе дарогі Астравеччыны вялі ў Гервяты…“Рэквіем”… Новая – на гэты раз ужо сёмая! – канцэртная праграма ў касцёле Святой Тройцы…
Я не ведаю прыроды магнетызму Гервяцкіх музычных вечароў, але, раз на іх пабываўшы, ты непазбежна будзеш чакаць наступнага з радасным нецярпеннем. І пачнецца ён для цябе нашмат раней, чым на касцельных хорах задыхае, народзіць мелодыю шматтрубны арган.
Першы гук канцэрта – гэта лёгкі шолах білета-праграмы. Раскрываеш яго папяровыя абдымкі: Моцарт, Бах, Пергалезі… Імёны яшчэ нядаўна для большасці з нас далёкія, амаль абстрактныя. А сёння зразумелыя, у многім прадказальныя: мы ведаем, нутром прадчуваем, як абрушыцца, ударыць адразу па ўсіх пяці пачуццях рэ-мінорная фуга Баха. Як узлятуць, выгнуцца ў фантастычным надломе звышадчувальныя рукі Аляксандра Музыкантава (так, таго самага, што закончыў Лонданскую Каралеўскую акадэмію, стаў пераможцам самых прэстыжных міжнародных конкурсаў…), і кожны наш нерв задрыжыць, адгукнецца на іх палёт той асаблівай глыбінёй радасці, ад якой да болі – паўкроку…
Свая танальнасць у дарогі. Едзеш у пелетоне машын, што рухаюцца ў адным накірунку, з аднолькавай практычна хуткасцю ў бок Гервят, і гук іх рухавікоў – нібы прэлюдыя да блізкай песні. Заблукаўшае рэха майскага канцэрта. Скупаваты адгалосак боскага сапрана Таццяны Глазуновай, якому не ведамы межы, – перад яго гучаннем у аднолькавым захапленні заміраюць і светлыя вяршыні раю, і непраглядная бездань пекла…
Узрушаны гул людскіх галасоў у храме – драбінка таго бязмернага хвалявання, з якім кожны раз (!) рыхтуецца да канцэрта Андрэй Міхневіч, арганіст, спявак, непасрэдны арганізатар і натхняльнік Гервяцкіх музычных вечароў. Здавалася б, ну яму чаго хвалявацца? З яго вопытам і адукацыяй?.. Са шматгранным, адшліфаваным гадамі выступленняў талентам?.. Падумаеш, выступіць яшчэ раз!
Але ўласныя перадканцэртныя эмоцыі непадуладны Андрэю. Роўна да таго моманту, пакуль ён не дакранецца да клавіятуры аргана… “Рэквіем аб памерлых” (на трох мовах), “Душам памерлым дай адпачыванне”, Salve Regina – магутны голас Андрэя, здавалася, уступіў у смяротную схватку за першародства з самім Яго светласцю Арганам і перамог. І ніхто з нас, слухачоў, ні на хвілінку не западозрыў, што гаспадару гэтага голасу знаёмы сумненні…
Па традыцыі канцэрт арганнай і вакальнай музыкі ў Гервятах пачынаецца з вітальнай прамовы пробашча ксяндза Леаніда Несцюка. Кароценькая агульная малітва. “Прыемнага вам вечара!”
І далей рэчаіснасць знікае. Жывымі застаюцца толькі гукі. Разрастаюцца. Завалодваюць прасторай. Распранаюць людскія думкі і душы. У поўнай адпаведнасці з уласным жаданнем жыўцом здзіраюць са слухача скуру, кідаюць яго на каленцы ці лечаць старыя раны ялеем, узносячы ў неба.
Музыка, музыка! Ты – жывая эмоцыя, заціснутая кампазітарам у кайданы пяці рыскаў нотнага стану. І толькі сапраўдным музыкантам дадзена цябе з іх вызваліць, дазволіць зажыць уласным жыццём.
У мінулую суботу ты спазнала свабоду да донца!
…Шэры лістападаўскі дзень, як жабрак, у пошуках цяпла туліўся да высокіх вокнаў касцёла, і ў блізкай клублівасці восеньскіх хмар так лёгка было разгледзець душы тых, каму “Рэквіем” прысвячаўся…
Недзе там, за сценамі храма, чакае свайго пахавання мой нядаўні калега, які ўчора сустрэў сваю трагічную смерць. Светлы, добры чалавек…
Саша, гэты “Рэквіем” і па табе…
А дзень паціху сыходзіў, крок за крокам саступаў сваю чаргу ночы, і касцельныя кандэлябры выпраміліся ў поўны рост, сваімі водбліскамі дадаючы сценам храма рухомай загадкавасці.
…“Арнамент” – гэта вакальны ансамбль, у які аб’ядналіся спевакі розных калектываў Мінска: Яраслаў Хахлоў, Андрэй Саўрыцкі, Андрэй Пятроў, Аляксандр Міхнюк, Аляксандр Дзюмін. Цудоўнае шматгалоссе! Боскае гучанне! Ave Maria i Panis Angelikus у выкананні ансамбля слухачы сустрэлі гарачымі апладысментамі. І ўсё ж кульмінацыйнай кропкай як іх выступлення, так на гэты раз і ўсяго канцэрту стала “Развітанне з радзімай” Міхала Клеафаса Агінскага.
Я і слоў такіх не ведаю, каб расказаць, як гучаў паланез. Нібы анёлы-ахоўнікі ўсіх прысутных на канцэрце людзей узняліся раптам у паветра і адначасова расправілі крылы...
Публіка бісіравала. І “Арнаменту” не заставалася нічога іншага, як паўтарыць фрагмент “Развітання…”
…І яшчэ адзін – ужо традыцыйны! – кранальны момант. Выхад на паклон.
Увесь канцэрт адбываецца на хорах – слухачы не бачаць артыстаў. Але пасля таго, як праграма закончыцца, ніхто не спяшаецца пакінуць храм – усе чакаюць, пакуль музыканты і спевакі спусцяцца “з нябёсаў”. І апладзіруюць ім стоячы. Уражваючае відовішча: артысты ідуць уздоўж касцёла скрозь апладысменты. Да алтара, дзе іх чакаюць словы захаплення і ўдзячнасці. І кветкі…
І яшчэ адно. Не магу прамаўчаць. На двары восень, і ў вялізным каменным храме холадна. Чуллівыя да холаду артысты ведаюць, што гледачы іх не бачаць, і спяваюць у паліто, у цёплых ботах. Але да публікі выходзяць у смокінгах і ў канцэртных туфлях. Думаю, па той простай прычыне, што сваіх слухачоў яны паважаюць…
-------------------
Ганна ЧАКУР.