В Гервятском костёле прошёл юбилейный концерт органной и вокальной музыки
Усе дарогі ў мінулую суботу вялі ў Гервяты. Там адбыўся дзясяты юбілейны канцэрт арганнай і вакальнай музыкі. Нават шэрыя абложныя нябёсы, якія плакалі з раніцы без перастанку, супакоіліся і расквеціліся чырванню заходзячага сонца, каб разам з людзьмі далучыцца да Яе Вялікасці Музыкі.Дзясяткі машын вірлівым патокам імчалі ў Гервяты. Сотні людзей не толькі з Астравеччыны, але і іншых куточкаў Беларусі, Расіі, Літвы адклалі свае тэрміновыя справы, каб прадчуванне, калі ў руках трымаеш білет і шмат разоў перачытваеш праграму канцэрта, стала рэчаіснасцю. Каб штодзённасць саступіла месца вечнаму. Каб яднанне перамагло адасобленасць. Каб надзея цалкам растварыла адчай...
Той, хто хоць аднойчы пабываў на гервяцкіх канцэртах, ведае, што яны магнетычныя...
Толькі аднойчы пачуўшы стройны і моцны голас магістра музыкалогіі, бакалаўра культуры і гісторыі музыкі, арганіста Андрэя Міхневіча ці пранікнёнае і чароўнае сапрана лаўрэата міжнародных конкурсаў, салісткі Нацыянальнага акадэмічнага аркестра эстраднай і сімфанічнай музыкі Таццяны Глазуновай, захварэеш на канцэрты і ўсімі фібрамі душы будзеш імкнуцца трапіць у Гервяцкі касцёл зноў і зноў.
Гервяцкія канцэрты ачышчальныя
Калі з-пад далікатных пальцаў Аляксандра Музыкантава вылятае першы гук і ажывае арган – ты заміраеш, а ўся існасць ператвараецца ў слых і вібрыруе ва ўнісон з творамі Вебеля, Баха, Пахельбеля... Святлееш, ачышчаешся ад дрэнных думак і адбітку штодзёншчыны. Напаўняешся сусветным спакоем і кожнай клетачкай адчуваеш гармонію – с сабой, людзьмі і цэлым светам. Унутрана выпрастоўваешся. Як хлебнае зярнятка прабіваецца праз зямлю, так і ты цягнешся ўвысь, незаўважна для людскога вока расцеш, адкідваючы, бы шалупінне, лішняе, неістотнае, непатрэбнае – што муляе і замінае адчуць простую радасць жыцця.
Гервяцкія канцэрты яднальныяПад высокім гатычным шпілем касцёла яны яднаюць дзясяткі розных людзей: тых, хто толькі пачынае дарастаць да класічнай музыкі, і тых, хто без яе не ўяўляе свайго жыцця, тых, хто кожную нядзелю ходзіць у касцёл, і тых, хто яшчэ шукае сваю дарогу да Бога... У музыкі мова адна. Варта толькі прыслухацца, каб зразумець (адчуць душой!) яе гаючую сілу.
Гервяцкія канцэрты памінальныя
“Рэквіем па памерлых”, “Памерлым душам” уз-навілі ў памяці твары тых, хто адышоў у іншы свет, але назаўсёды застаўся жыць у нашых успамінах.
Гервяцкія канцэрты непрадказальныя
Чаго толькі варты голас віяланчэлі ў выкананні салісткі Беларускай акадэміі музыкі Таццяны Баровай ці акапэльнае выкананне вакальным ансамблем “Арнамент” сусветна вядомага “Hallelujah”? Ці словы Булата Акуджавы “Господи, и не забудь про меня…”, калі няпрошаныя слёзы цяклі па тварах не толькі жанчын, але і мужчын?
...Калі вы хочаце ачысціцца ўнутрана, адчуць сусветную гармонію, якую можа падарыць толькі музыка, – прыязджайце на канцэрт арганнай і вакальнай музыкі ў Гервяты, таму што яго невымоўны магнетызм, глыбіню і чароўнасць складана апрануць у словы – іх можна толькі адчуць.
--------------------------------------------
Алена ГАНУЛІЧ, фота аўтара.
