В День Святой Троицы все дороги Островетчины вели в Гервяты
Як цяжка словамі расказаць пра магнетызм гервяцкіх фэстаў! Нават фотаздымкі не перададуць усёй велічы гэтай урачыстасці. Не дапамогуць адчуць той уласцівай голасу арганіста Андрэя Міхневіча асаблівасці: пранікаць унутр чалавечай існасці і аголеным нервам прабягаць дрыжыкамі па целе. Не адновяць шчырасці ў рэжыме “тут і зараз” супольнай малітвы соцень вернікаў з Беларусі і замежжа. Не ўзнясуць да высокага касцельнага шпіля, які сотню гадоў служыць правадніком людскіх просьбаў і падзяк да аблокаў, да самага Бога… Трэба проста самому пабываць там, каб зразумець: рай на зямлі ёсць, і ён – у Гервятах.
Сёлетняя ўрачыстасць Святой Тройцы была адметнай, ужо хаця б таму што каталікі і праваслаўныя ў адзін дзень адзначалі гэтае вялікае рэлігійнае свята. Мо пагэтаму бясконцыя вірлівыя ланцужкі людзей і аўтамабіляў запаланілі Гервяты? З шалёнай хуткасцю імчалі машыны, з бліжэйшых вёсак людзі пешшу ішлі да храма, хтосьці ехаў на веласіпедзе… У гэты дзень у Гервяты – а не ў Рым, як сцвярджае вядомае выслоўе, – вялі ўсе дарогі… Прынамсі, на Астравеччыне.
Некаторыя прыехалі сюды, каб напоўніцу адчуць смак фэсту з яго традыцыйнымі пернікамі, абаранкамі, пеўнікамі на палачках, плеценымі з лазы кошыкамі, вырабамі з саломкі і гліны…Другія – каб пабачыцца з родзічамі і знаёмымі, палюбавацца дзействам і прыроднай прыгажосцю храма і прыкасцельнай тэрыторыі – дэкаратыўнымі дрэвамі, драўлянымі архітэктурнымі формамі, кветкамі, якім можа пазайздросціць любы еўрапейскі палац…
Трэція штогод імкнуцца трапіць у Гервяты менавіта на ўрачыстасць Святой Тройцы, каб раздзяліць радасць супольнай малітвы з іншымі вернікамі і прыняць удзел у адпустовай імшы…
Сябе я адношу да апошніх. Рэлігійныя святы застаюцца для мяне нязменнымі з дзяцінства, хоць я не прыхільніца так званых фэстаў. Мне здаецца, што ў такія дні нельга адчуць сапраўдную таямніцу святыні, яе глыбіню і ўнутрана настроіцца на шчырую малітву: столькі людзей наўкола, столькі перашэптванняў і галасоў… Не люблю натоўпаў, мне куды бліжэй сам-насам прамовіць свае простыя, ад душы слоўцы да Бога. Аднак на Гервяцкай ўрачыстасці, нягледзячы на тое, што касцёл не змог змясціць усіх жадаючых прыняць удзел у імшы, можна страціцца ў натоўпе, адчуць сябе маленькім мурашом: ціхутка крок за крокам падыходзіць бліжэй да алтара, каб з’яднацца ў шматгалосным слаўленні Бога…
Святочная ўрачыстасць пачалася з прывітальнага слова ксяндза-пробашча Гервяцкай парафіі Леаніда Несцюка. Ад імя раённых улад выступіў Віктар Свіла: ён зазначыў, што візітнай картачкай Астравеччыны даўно стаў Гервяцкі касцёл, які абавязкова наведваюць дэлегацыі з Расіі, Польшчы, Германіі. Віктар Збігневіч шчыра падзякаваў Леаніду Пятровічу за адданую працу для дабрабыту ўсёй Астравеччыны і Андрэю Міхневічу – за музычнае суправаджэнне ўрачыстасці, таму што арганная музыка натхняе вернікаў на супольную малітву, любоў да бліжняга і добрыя справы. Саветнік пасольства Літоўскай Рэспублікі ў Рэспубліцы Беларусь Віталіюс Самуйла прывітаў вернікаў і гасцей Гервяцкай парафіі, вядома, па-літоўску.Святкаванне ўрачыстасці прадоўжылася працэсіяй вакол касцёла: дзясяткі харугваў, вернікі, прадстаўнікі ўлады, беларусы, расіяне, літоўцы – усе славілі Айца, Сына і Святога Духа.
А пасля пачалася ўрачыстая імша, якую цэлебраваў вікарый Шчучынскага касцёла святой Тэрэзы, доктар тэалогіі Віталь Сярко. У гэтым яму дапамагалі святары з Астравеччыны на чале з дэканам Паўлам Звяжынскім.
Пад высокім купалам касцельнага сталявання ва ўнісон са святарамі маліліся людзі розных канфесій і народнасцей па-беларуску, польску, літоўску – кожны па-свойму. І гэтыя супольныя малітвы, думаецца, даляталі да адрасата, таму што размова чалавека з Богам адна – праз веру, якой з’яднаны мовы, народнасці, канфесіі і людзі.У сваім казанні айцец Віталь раскрыў сутнасць трыадзінства Бога, Айца і Духа Святога на прыкладах з Бібліі і выпадках з жыцця святых і благаслаўлёных.
– Святая Альжбета казала, што знайшла неба на зямлі: ім была Тройца, якая заўсёды жыве ў душы. Доктар касцёла святая Тэрэза ад Езуса навучала, што ў кожнай душы ёсць тры памяшканні, у якіх жывуць Бог-Айцец, Сын і Дух Святы. І гэтую велічную таямніцу Бога адзінага ў Тройцы мы можам убачыць на знакамітай іконе Андрэя Рублёва, якая адлюстроўвае галоўны дагмат хрысціянскай веры.
А свае казанне святар скончыў словамі невядомага аўтара: “Веру, хоць нічога не бачу. І веру ў таго, які бачыць усё”.
І на ўрачыстасці Святой Тройцы падчас імшы далёка не ва ўсіх вернікаў была магчымасць бачыць, як святар прамаўляе словы або ўзносіць святую Эўхарыстыю, але людзі маліліся разам і кожны на сваёй мове адрасаваў словы падзякі Богу адзінаму ў трох асобах – Айцу, Сыну і духу Святому… Яны пад пільным позіркам святых, чые лікі зіхацелі на вітражах незвычайным святлом, падымаліся вышэй – туды, дзе шпіль упіваецца ў самыя аблокі і яднае зямлю і людзей з небам…Можа ў гэтым і ёсць таямніца магнетызму гервяцкіх святаў?
------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.
Фота Івана ПЕТРЫКА.
